Пракуратура праверыць міліцыю ў сувязі са справай Святланы Барайчук

Жыхарка Маладзечна, якая пісала заяву на Макея, але трапіла за краты, звярнулася ў пракуратуру і прайшла судмедэкспертызу. Лекары налічылі ў яе 17 сінякоў на руках і яшчэ дзясяткі па ўсім целе. Доктар судмедэкспертызы налічыла ў жыхаркі Маладзечна Святланы Барайчук 17 сінякоў толькі на руках і яшчэ дзясяткі на нагах і іншых частках цела. Менавіта такім чынам скончыўся яе паход 27 верасня ў Маладзечанскі РАЎС і ноч, праведзеная ў камеры папярэдняга зняволення. Накіраванне на судмедэкспертызу Святлана атрымала з Маладзечанскай пракуратуры, у якую паскардзілася не дзеянні міліцыянтаў.

Святлана Барайчук:
“Мы зайшлі ў пракуратуру, напісалі — і нам выдалі накіраванне на судмедэкспертызу. У мяне знайшлі столькі пабояў! Судмедэксперт ведаеце, якое мне выдаў заключэнне? Вы, кажа, працяглы час прымусова займаліся фізкультурай! І калі сёння даваў пракурор гэтае накіраванне, то там было напісана, што яны будуць праводзіць праверку па факце супрацьпраўных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі”.

Нагадаем, 27 верасня жанчына прыйшла ў міліцыю, каб напісаць заяву на кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Ўладзіміра Макея. Маўляў, ён парушае закон "Аб звароце грамадзянаў". Аднак у выніку жанчына сама апынулася за кратамі. Міліцыянты склалі на Святлану Барайчук і яе бацьку Андрэя Парахненку два пратаколы. Жанчыну абвінавацілі ў тым, што яна "хапала міліцыянтаў за вопратку, падала на падлогу, спрабавала ўкусіць супрацоўніка міліцыі, крычала, чым выказала непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі". Ноч яна правяла ў пастарунку, а ў аўторак адбыўся суд, які адправіў дакументы назад у РАЎС.

Паводле словаў Святланы, тое, што адбылося з ёй у будынку Маладзечанскага РАЎС, не выпадковасць, а спланаваная акцыя.

Святлана Барайчук:
“У іх ляжаў ліст з Адміністрацыі прэзідэнта з просьбай аформіць на мяне адміністрацыйны пратакол за тое, што я ўзводжу паклёп на Адміністрацыю прэзідэнта. І яны ўсе гэтыя дзеянні здзяйснялі з улікам таго, што яны ў іх былі падрыхтаваныя. Была падрыхтаваная ўся працэдура — усё, што з намі адбылося. Розніца толькі ў тым, што мы з бацькам прыйшлі самі, нас не выклікалі”.

Прэтэнзія Святланы Барайчук да Ўладзіміра Макея палягае ў тым, што ён своечасова не даў адказ на зварот аб запісу на асабісты прыём, які кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта праводзіў 2 верасня. А на прыём Святлана і яшчэ 20 чалавек з усіх куткоў Беларусі хацелі трапіць, каб расказаць аб карупцыйных злачынствах, якія здзяйснялі супрацоўнікі Адміністрацыі, а таксама каб падаць дакументы, расказаць пра факты злачынстваў і запатрабаваць, каб той даў загад праваахоўным органам правесці праверку.

Цяпер Святлана чакае, чым скончыцца праверка пракуратурай дзеянняў маладзечанскіх міліцыянтаў. А тыя, у сваю чаргу, павінны выправіць недахопы ў сваіх пратаколах, калі хочуць давесці справу з Барайчук да суда. Як ужо паведамляла Еўрарадыё, суд вярнуў дакументы назад у РАЎС, бо міліцыянеры ў сваіх пратаколах дапусцілі безліч памылак.

Дарэчы, зыходзячы з тлумачэнняў міліцыянтаў, распавяла Еўрарадыё Святлана Барайчук, пакусаць іх жанчыне перашкодзіў пагон. Менавіта так, кажа, напісана ў міліцэйскіх пратаколах, якія яны прадстаўлялі ў суд.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі