Пракуратура паўшчувала мазырскіх камунальнікаў за снежныя валы на вуліцах
Снежныя валы на вуліцы / пракуратура Гомельскай вобласці
Пракуратура Гомельскай вобласці праверыла працу камунальных службаў падчас снегападаў і маразоў. У пракуратуры заявілі, што ў цэлым камунальнікі аператыўна рэагавалі на ўмовы. Аднак разам з тым указалі на асобныя недахопы.
Так, у Мазыры пракурорскія работнікі пабачылі снежныя валы шырынёй больш за метр, утвораныя пры расчыстцы праезнай часткі, пераходаў і тратуараў. У асобных месцах гэтыя валы "зусім блакавалі пешаходныя пераходы і месцы стаянак транспартных сродкаў".
У Чачэрску не былі расчышчаныя пад'язныя шляхі да пляцоўкі складавання снегу. У Гомелі нясвоечасова чысцілі дахі і фасады ад снегу, наледзі і ледзяшоў. А ў Рэчыцкім і Петрыкаўскім раёнах увагу пракурораў звярнулі на сябе стыхійныя горкі, спуск з якіх вёў на праезную частку дарогі ці да "водных аб'ектаў".