Пракуратура: Доступ да “Вясны” абмежавалі, бо незарэгістраваная арганізацыя

Суд Цэнтральнага раёна Мінска разглядае скаргу праваабаронцы Валянціна Стэфановіча на Генпракуратуру. Ён скардзіцца на абмежаванне доступу да сайта “Вясны” ў дзяржаўных, адукацыйных і культурных установах.

“…Генпракуратура парушыла законныя правы на свабоду выказвання свайго меркавання, свабоду пошуку і распаўсюджання інфармацыі. Паводле Канстытуцыі, грамадзянам гарантуецца права на атрыманне і захоўванне поўнай, праўдзівай і своечасовай інфармацыі”, — пазначае ў сваёй скарзе Валянцін Стэфановіч.

І просіць выключыць сайт з абмежавальнага спісу.

“На сайце “Вясны” перыядычна размяшчаецца інфармацыя пра дзейнасць дадзенага цэнтра. Там публікуюцца выказванні і каментарыі па розных пытаннях агульнапалітычнага жыцця дзяржавы. Па інфармацыі Генпракуратуры гэтая праваабарончая арганізацыя не зарэгістраваная ў Міністэрстве юстыцыі. Гаворка пра абмежаванне публічнага распаўсюджання інфармацыі пра арганізацыю, якая не мае дзяржаўнай рэгістрацыі і, як вынік, права дзейнасці на тэрыторыі Беларусі”, — агучвае пазіцыю намеснік начальніка аддзела Генпракуратуры па наглядзе за выкананнем правоў і свабод грамадзян Павел Елісееў.

Пастанову аб абмежаванні доступу вынеслі яшчэ ў 2011 годзе, але пра гэта не паведамілі нават мадэратарам сайта, адзначае Валянцін Стэфановіч. Ён спрабуе высветліць, што незаконнага ў інфармацыі, якую публікуе сайт “Вясны”.

Але прадстаўнік пракуратуры кажа толькі аб “прапагандзе дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі”. Ды раіць зарэгістраваць “Вясну”, маўляў, тады і прэтэнзій не будзе. І непакоіцца, што ад гэтай “прапаганды” можа з’явіцца 50 такіх арганізацый, але не тлумачыць, што ў гэтым небяспечнага.

Калі ў спрэчку ўступае старшыня Хельсінскага камітэту Алег Гулак, даходзіць да дзівацтваў.

“Чаму вы палічылі, што група грамадзян, якія проста публікуюць інфармацыю на сайце, дзейнічае ад імя незарэгістраванай арганізацыі?” — пытаецца Алег Гулак.

“Таму што”, — каротка адказвае прадстаўнік пракуратуры.

“Я пакуль не зразумеў, што небяспечнага ў інфармацыі, якая публікуецца на гэтым сайце. У Канстытуцыі прапісана, што можна абмежаваць доступ да інфармацыі, якая мае на мэце звяржэнне канстытуцыйнага ладу, прапагандуе нацыянальную, рэлігійную і расавую варожасць. Мы гэтым не займаемся”, — тлумачыць Валянцін Стэфановіч.

Пасля перапынку суд  пастанавіў, што Валянцін Стэфановіч прызнаны неналежным істцом, паколькі не з'яўляецца ўласнікам сайта “Вясны”. Яго асабістыя правы не парушаныя. Раней Валянцін Стэфановіч заяўляў, што мае намер абскардзіць незаконнае рашэнне на міжнародным узроўні.

Цяпер у абмежавальны спіс унесена каля 80 сайтаў. У абмежавальны спіс трапілі таксама блог Яўгена Ліпковіча, сайт Хартыя-97, і “Беларускі партызан”.

Фота: vdmsti.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі