Пракуратура адказала БАЖу: ператрусы ў журналістаў былі законныя

Сталічная пракуратура лічыць, што ператрусы ў незалежных журналістаў, якія адбыліся 27 і 28 сакавіка па ўсёй краіне, былі законныя і абгрунтаваныя. Пра гэта гаворыцца ў лісце, які атрымала з Мінскай гарадской пракуратуры Беларуская асацыяцыя журналістаў у адказ на свае звароты.
"Вашы звароты… разгледжаныя і далучаныя да матэрыялаў крымінальнай справы", - напісаў начальнік следчага аддзелу Сяргей Іваноў. Ён яшчэ раз нагадаў, што ператрусы праводзіліся ў межах папярэдняга расследавання крымінальнай справы аб паклёпе на прэзідэнта.

Такім чынам, адказ з пракуратуры зноў разыходзіцца з каментаром, зробленым 27 сакавіка кіраўніцай інфармацыйнай службы беларускага МЗС Марыяй Ваньшынай. З яе словаў вынікала, што ператрусы былі звязаныя з дзейнасцю журналістаў неакрэдытаваных замежных СМІ, адзначае прэс-служба БАЖ.

Нагадаем, што Беларуская асацыяцыя журналістаў звярталася да генпракурора Рыгора Васілевіча ды настойвала на "ўзнаўленні законнасці, вяртанні адабранай маёмасці, а таксама на абароне правоў і законных інтарэсаў журналістаў". Але Васілевіч перанакіраваў зварот у сталічную пракуратуру.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі