Праект акумулятарнага завода ў Брэсце зноў праваліў экалагічную экспертызу

Праект акумулятарнага завода ў Брэсце зноў праваліў экалагічную экспертызу

Праект акумулятарнага завода ў Брэсце, будаўніцтва якога прыпынілі літаральна перад самым запускам, зноў не прайшоў дзяржаўную экалагічную экспертызу. Пра гэта паведаміў старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Рагачук на сустрэчы з жыхарамі горада, якая прайшла 20 ліпеня.

Паводле інфармацыі кіраўніка горада, вынік ужо трэцяй экалагічнай экспертызы прадпрыемства адмоўны, а канстатуючая частка пакуль невядомая. Чыноўнік мяркуе, што так здарылася праз прынцыповасць прыродаахоўных структураў і меркаванне грамадскасці.

У кампаніі “АйПаўэр”, якая ўзводзіла завод акумулятараў пад Брэстам, пацвердзілі інфармацыю, што праект не прайшоў экспертызу, але афіцыйная заява будзе пасля таго, як атрымаюць пацвярджальныя дакументы, паведамляе TUT.by

Пратэсты супраць будаўніцтва АКБ адбываліся ў Брэсце цягам амаль паўтара года, практычна ад самога пачатку будаўніцтва завода.  Грамадскія актывісты і неабыякавыя грамадзяне сцвярджалі, што такая вытворчасць значна пагоршыць экалогію горада і бліжэйшых вёсак. 14 чэрвеня Брэсцкі аблвыканкам прыпыніў будаўніцтва завода, а 17 чэрвеня абласны прыродаахоўны камітэт прыпыніў дазвол на выкід шкодных рэчываў у атмасферу.

2 ліпеня Генпракуратура абвясціла, што праводзіць праверку па сітуацыі з будаўніцтвам завода. Заведзеныя дзве крымінальныя справы паводле “карупцыйных” артыкулаў. Траіх фігурантаў гэтых справаў узялі пад варту.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі