Вы тут

Прадзюсар "Мы, браты" хоча вылучыць на "Оскар" ад Беларусі фільм "Сабака Рыжы"

Фота: www.imdb.com

У фільма Дар'і Жук "Крышталь", пра які пішуць як пра вылучаны на “Оскар” ад Беларусі, нечакана з'явіўся канкурэнт. Гэта стужка “Сабака Рыжы”, знятая на “Беларусьфільме” камандай ідэалагічна зараджанага баевіка “Мы, браты…”.

27 верасня на кінастудыі адбудзецца закрыты паказ "Сабакі Рыжага", на якім фільм прэзентуюць беларускаму Оскараўскаму камітэту.

"Гэта наша беларуская, наша агульная гісторыя. Стужка мае сур'ёзны рэзананс у свеце. Яна, дарэчы, стала фільмам года ў Лас-Вегасе [верагодна, гаворка пра прэмію Action on Film International Film Festival, у якой перамог рэжысёр “Сабакі Рыжага” Вільям дэ Віталь. — Еўрарадыё]. Да таго ж, ён прафесійна дубляваны на англійскую мову. Фільм чакаюць у 50 краінах свету. "Сабака Рыжы" — гэта гісторыя, якая аб'ядноўвае свет. І немцы глядзелі, і амерыканцы, і кітайцы — ніхто не застаўся абыякавым", — распавядае Еўрарадыё прадзюсар фільма Сяргей Ждановіч.

Атрымліваецца, што інфармацыя пра тое, што менавіта "Крышталь" вылучаны на "Оскар" ад Беларусі, не канчатковая?

"Два месяцы таму я звярнуўся ў [беларускі] Оскараўскі камітэт. Мне сказалі, што ніякіх рашэнняў не прынята. Трэба было напісаць заяўку і ўзгадніць час. Было агучана, што спачатку на "Беларусьфільме" паглядзяць фільм "Крышталь", а потым "Сабака Рыжы". Пасля гэтага яны самастойна прымуць тое рашэнне, якое палічаць патрэбным", — кажа Ждановіч.

"Сабака Рыжы" — ваенная драма пра сабак-камікадзэ, якія падчас Другой Сусветнай вайны служылі ў Чырвонай арміі і падрывалі нямецкія танкі. Дзеянне фільма адбываецца пад Масквой у 1941-1942 гадах.

Супрацьтанкавыя сабакі сапраўды выкарыстоўваліся падчас Другой Сусветнай вайны. Па адных звестках, яны знішчылі больш за 300 нямецкіх танкаў. Па іншых, іх выкарыстанне было неэфектыўным. Сабакі з замацаванай на спіне выбухоўкай пужаліся варожых танкаў і вярталіся да сваіх акопаў, прыносячы больш шкоды, чым карысці.

Верагодна, пасля прагляду фільма "Сабака Рыжы" Оскараўская камісія, нарэшце, афіцыйна абвесціць беларускі фільм, які прадставіць Беларусь на "Оскары" ў 2019 годзе. Дарэчы, Украіна і Расія ўжо вызначыліся са сваімі прадстаўнікамі. Гэта "Данбас" Сяргея Лазніцы і "Сабібор" Канстанціна Хабенскага.