Прадпрымальнікі хочуць зладзіць марш пратэсту

Дробныя прадпрымальнікі хочуць прайсціся маршам і такім чынам звярнуць увагу на сваю актуальную праблему — сертыфікацыю, звязаную з увядзеннем з 1 ліпеня тэхрэгламента Мытнага саюзу.





Сябра “Перспектывы” Вячаслаў Піліпук у інтэрв’ю БелаПАН адзначыў, што рашэнне правесці марш прадпрымальнікі прынялі, бо не маюць гарантыяў наконт пераносу тэрмінаў увядзення тэхрэгламенту. Калі ўлады ўхваляць заяўку, тады ўдзельнікі акцыі збяруцца ля Акадэміі навук і пройдуць адтуль да плошчы Бангалор і зладзяць там мітынг.





Каментуючы рашэнне Дзяржстандарту аб пачатку маніторынгу выканання прадпрымальнікамі тэхрэгламенту з 1 жніўня — для імпарцёраў, аптавікоў, а з 1 лістапада — для плацельшчыкаў адзінага падатку, Піліпук адзначыў, што гэта”вялікі крок і станоўчы момант, якога нам удалося дамагчыся”.





Пры гэтым прадпрымальнікі пераканаліся, што беларускія ўлады нічога не могуць зрабіць з тэхрэгламентам, бо гэта саюзны дакумент, які мае наўпроставае дзеянне і абмінае беларускае заканадаўства.





27 чэрвеня на рынках і ў гандлёвых цэнтрах Мінска і рэгіёнаў прайшоў аднадзённы страйк прадпрымальнікаў, якія выступалі супраць увядзення тэхрэгламенту з 1 ліпеня.

Фота: svaboda.org