Польскія стралкі збіраюць грошы для беларуса, які страляў у Гдыні

Польскія стралкі збіраюць грошы для беларуса, які страляў у Гдыні

Клуб гданьскіх стралкоў "Ardea" абвясціў збор грошай на дапамогу беларусу Сцяпану Свідзерскаму. Яны хочуць дапамагчы нашаму суайчынніку, які страціў працу пасля здарэння, паведамляе "Белсат".

Сцяпан Свідзерскі жыве ў Польшчы больш за 10 гадоў. Ён вучыўся ў Польшчы па праграме Каліноўскага, потым працаваў у гдыньскім офісе міжнароднай карпарацыі Thomson Reuters.

Як паведамлялася раней, 14 лістапада Свідзерскі прыйшоў на працу пасля заняткаў у ціры. Пры ім была даўгаствольная зброя, а таксама пісталет "глок", прычым мужчына меў дазвол на яе нашэнне.

Паводле адной з версіяў, хтосьці з прысутных у офісе паспрабаваў вырваць пісталет у Свідзерскага, пасля чаго прагучалі два стрэлы. У выніку страляніны ніхто не пацярпеў. Паліцыя затрымала Свідзерскага. Пракуратура абвінаваціла яго ў спробе забойства. На час расследавання суд выпусціў беларуса з-пад варты. 

У інтэрв'ю Еўрарадыё пасля выхаду з турмы мужчына заявіў, што яго дзеянні паспрыялі захаванню публічнага парадку. 

Стралкі спартовага клубу "Ardea" сцвярджаюць, што пацярпелым з'яўляецца Свідзерскі, хоць ён і страляў. Па іх словах, спярша на беларуса напалі і забралі легальную зброю, а потым пазбавілі добрага імя. Клуб зладзіў збор грошай для беларуса праз інтэрнэт — для аплаты адваката і проста на жыццё, бо пасля здарэння ён страціў працу.

На старонцы клуба гаворыцца: "Тое, што здарылася са Сцяпанам, магло здарыцца з кожным з нас. Мы штодзённа ходзім са зброяй, хтосьці можа паспрабаваць яе забраць, а мы маем абавязак гэтага не дапусціць".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі