Пісьменнік Сяргей Календа: Макулатурныя тэксты вартыя кніг

Цалкам размову з Сяргеем Календам можна паслухаць тут:120313 Kalenda s.mp3

Еўрарадыё: Чаму такая назва ў вашага часопіса?


Сяргей Календа: Назва была прывязаная да таго, што макулатурай шмат хто з пісьменнікаў можа назваць свой тэкст. У прынцыпе некаторыя тэксты не пасуюць да агульнай часопіснай тэндэнцыі, не пасуюць да “Дзеяслова”, да “Партызана” і ARCHE — такія тэксты нас цікавяць больш за ўсё. Гэта іншая плынь, іншая ніша ў літаратуры. Гэта таксама непадцэнзурныя тэксты, у якіх шмат спрэчнага. Але, з другога боку, зразумела, што гэта проста вельмі яркая назва, якая добра пасуе да часопіса. І Чарльз Букоўскі вельмі любіў гэтую назву, у яго ёсць раман “Макулатура”, але там пра макулатуру ўвогуле нічога няма. Сам па сабе вобраз макулатуры — гэта шмат паперы. Вось у савецкі час макулатуру можна было абмяняць на кнігу. А тут атрымліваецца наадварот: макулатурныя тэксты самі па сабе вартыя кніг. Тым больш, што сярод нашых аўтараў Альгерд Бахарэвіч, Фрыдрых Дзюрэнмат, Хантэр Томпсан, Таццяна Заміроўская. Мы запрасілі мастакоў. Таму назва “Макулатура” — гэта, хутчэй, каб завабіць чытача.

Еўрарадыё: Хто стварае “Макулатуру” і якія ў вас крытэры да тэкстаў?


Сяргей Календа: Некалькі пісьменнікаў чытаюць тэксты. Я не буду раскрываць усіх сакрэтаў, але выглядае гэта так: я абвесціў другі нумар, шатландскі, да 1 сакавіка мы назбіралі 43 тэксты. Некалькі аўтараў чытаюць іх разам са мной, кожны асобна ставіць балы, потым мы іх складаем і выходзіць той, у каго большы сярэдні бал. Мы стараемся абіраць аб’ектыўна. Шмат у чым мне дапамагае Альгерд Бахарэвіч, ён таксама чытае тэксты. Зразумела, што гэта ўсё датычыцца тэкстаў маладых аўтараў, невядомых, якія самі яшчэ сумняюцца, ці варта ім пісаць. У нас было некалькі сапраўдных адкрыццяў у першым нумары, будуць і ў другім. Напрыклад, малады пісьменнік, які жыве ў Амерыцы, працуе там то дальнабойнікам, то на будоўлях, файна піша беларускамоўныя тэксты. Але да нас прыходзяць тэксты і па-за рэйтынгам, якія мы бярэм адразу. Напрыклад, у другім нумары будзе тэкст Адама Глобуса.

Еўрарадыё: У вашым часопісе кароткія тэксты. Адну з нядаўна ўручаных прэмій — прэмію імя Гедройца — таксама атрымаў зборнік апавяданняў Паўла Касцюкевіча. Чаму сучасная літаратура пераважна невялікага памеру?


Сяргей Календа: Мне падаецца, што ў літаратуры памеры не адыгрываюць аніякай ролі. Павал Касцюкевіч заслужыў прэмію не толькі гэтай кнігай: ён шмат працаваў з перакладамі, у яго выдатная першая кніга. Здаецца, зрабіць кароткую форму цяжэй, чым раман, таму што ў яе трэба ўнесці ўсё тое ж, што павінен змяшчаць раман. Кароткая форма больш ёмістая, і з ёй цяжэй працаваць.

Еўрарадыё: Чаго чакаць ад другога нумару “Макулатуры” і калі выйдзе часопіс?


Сяргей Календа: Чакаць крутога перакладу Ена Бэнкса ад Віталя Латыша. Будзе даследчы матэрыял па пэўным беларуска-шатландскім паэце ад Віктара Жыбуля. У нас вельмі шмат жаночай прозы гэтым разам. Мы пашырылі наш штат мастакоў, таму будуць крутыя ілюстрацыі. Будзе шмат цікавага і другі нумар будзе ўтрая большы за першы. 31 сакавіка мы абвесцім спіс таго, што ўвойдзе ў нумар, і праз два месяцы ён выйдзе, таму што трэба чакаць ілюстрацый ад мастакоў.

Фота з сайта http://krevo.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі