"Пісалі на паштовых скрынях": міністр Кубракоў кажа, што яму пагражалі

Міністр унутраных спраў Іван Кубракоў / Мінск-Навіны
Міністр унутраных спраў Іван Кубракоў / Мінск-Навіны

Міністр унутраных спраў Іван Кубракоў распавёў у інтэрв'ю газеце "Беларусь Сегодня", што яго сям'ю зацкавалі беларусы. Паводле яго слоў, ён і яго сям'я атрымлівалі пагрозы: у паштовыя скрыні падкідваліся цыдулкі з гадасцямі, а ў школе была спроба ўплыву на 12-гадовую дачку:

"І на паштовай скрыні пісалі, адзначалі, наклейвалі розныя гадасці, цыдулкі на пад'езд, дзе я пражываю. Была спроба ціску і на дзіця. Напрыклад, у школу, у якую ходзіць маё дзіця, пісалі розныя гадасці, указваючы маё прозвішча. Натуральна гэта было разлічана на дзіцячую псіхіку. Пагражалі спаліць машыну і гэтак далей".

Па словах Кубракова, на падобныя пагрозы ў адрас сілавікоў міліцыя рэагавала хутка.

"На сённяшні дзень недзе 70% тых, хто абражаў, пагражаў — усе асобы ўсталяваныя, даецца прававая ацэнка", — заявіў міністр.

Раней пра траўлю з боку беларусаў заяўляў міністр замежных спраў Уладзімір Макей. У жніўні ён паабяцаў "перагрызці горла за слёзы сына".

Тым часам за гвалт з боку сілавікоў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў улады не завялі ніводнай крымінальнай справы. Пры гэтым 160 чалавек асуджаныя па крымінальных справах нібыта за масавыя беспарадкі, абразу Лукашэнкі і пагрозы сілавікам і іх сем'ям.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі