Вы тут

Пінчукі просяць праверыць міліцыянтаў на адпаведнасць займаным пасадам

Пінскія міліцыянты падчас вулічнай акцыі / "Медиа-Полесье"

У Маскоўскім судзе Брэста трэці тыдзень працягваецца разгляд "пінскай справы". 14 пінчукоў вінавацяць у масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса) у ноч з 9 на 10 жніўня. Пацярпелымі выступаюць 109 супрацоўнікаў міліцыі. 

Як адзначае праваабарончы сайт "Вясна", ужо дапыталі 72 пінскіх міліцыянтаў, якія агулам ацанілі маральную шкоду на 382 500 рублёў. Яны заявілі, быццам перажылі "страх, прыніжэнне, боль і сорам, праз перажытыя падзеі яны страцілі сон, спакой і апетыт, адчувалі і адчуваюць трывогу". 

У адказ на гэта жыхары Пінска і Пінскага раёна стварылі петыцыю: яны просяць УУС Брэсцкага аблвыканкама правесці пазачарговую атэстацыю ўсіх пацярпелых супрацоўнікаў пінскай міліцыі. Пінчукі лічаць неабходным выявіць, ці адпавядаюць гэтыя супрацоўнікі займаным пасадам. Бо не зважаючы на названыя сімптомы, міліцыянты не звярталіся па дапамогу да спецыялістаў — псіхолагаў або псіхатэрапеўтаў. "Мы выказваем сур'ёзную занепакоенасць: ці дазваляе маральна-псіхалагічны стан дадзеных супрацоўнікаў выконваць задачы па абароне грамадзян Рэспублікі Беларусь?" — гаворыцца ў петыцыі. 

Паводле версіі абвінавачвання, 14 абвінавачаных 9 жніўня ўдзельнічалі ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве каля Пінскага райвыканкама. Усе, акрамя Сяргея Маўшука, знаходзяцца ў брэсцкім СІЗА №7. Маўшук знаходзіцца пад хатнім арыштам, а яго жонку больш за восем месяцаў трымаюць пад вартай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.