П’еш піва на вуліцы? Пішы скаргу ў пракуратуру

За тое, што міліцыянты забараняюць піць піва на вуліцы, іх можна прыцягнуць да адказнасці. Але юрысты не раяць даказваць сваю праўду на месцы “канфлікту” Ад пачатку вясны не сціхаюць спрэчкі паміж аматарамі выпіць піва на свежым паветры і міліцыянтамі, якія ім гэта рабіць забараняюць. Матывуюць яны сваю забарону адпаведнай пастановай Мінгарвыканкама. Пры гэтым сам дакумент ніколі не дэманструюць.

Мінулымі спякотнымі выходнымі спакойна папіць піва ізноў не выпала тым, хто прыйшоў на ўзбярэжжа Свіслачы. Прычым патруль АМАПа не толькі загадваў пакінуць узбярэжжа рэчкі ўсім, у каго ў руках былі бутэлькі з соладавым напоем, але і самастойна, не пытаючыся дазволу, правяраў торбы і валізкі ўсіх “падазроных”. Пра гэта Еўрарадыё распавёў Алесь, адзін з “піўных пацярпелых”.

Алесь: “Хадзілі АМАПаўцы, адзін маёр і два сяржанты. Хлопцы сядзелі размаўлялі, а ў іх ляжала піва ў пакунку. Маёр падыходзіць, у іх за спіной гэты пакунак адчыняе, глядзіць — там піва. І ён пачынае іх выганяць. Хоць піва закаркаванае, ляжыць у пакунку. Да нас таксама падышлі — і ў нас у пакунку ляжала піва. Кажуць: “Сыходзь адсюль. Тут піць нельга”. Мы кажам, што не п’ём, а проста сядзім. У адказ яны паабяцалі сачыць за намі. Давялося сысці”.

Падобныя гісторыі з’яўляюцца ў Інтэрнэце перыядычна. А блогерка up_paradox не вытрывала і нават напісала афіцыйны запыт ў Мінгарвыканкам з просьбай адказаць: ці сапраўды ёсць нейкая пастанова сталічных чыноўнікаў, якая забараняе піць піва на вуліцах? І атрымала адказ за подпісам кіраўніка справаў Мінгарвыканкама Міхаіла Савановіча, які пацвердзіў, што афіцыйна ніхто гэтага не забараняў.

Па пацверджанне гэтай інфармацыі Еўрарадыё звярнулася ў юрыдычны аддзел Мінгарвыканкама. Але адзіны са спецыялістаў аддзела, якога ўдалося вызваніць цягам дня, канкрэтна адказаць на гэтае пытанне не здолеў.

Мінгарвыканкам: “У нас за год прымаецца 3500 рашэнняў. Таму мне цяжка адказаць — можа было, а можа і не было”.

У той жа час юрыст праваабарончага цэнтра “Наша Вясна” Валянцін Стэфановіч сцвярджае, што ніякіх зменаў у Адміністрацыйны кодэкс не ўносілі і піць піва ў грамадскіх месцах не забаранялі. І на міліцыянтаў, якія перашкаджаюць гэта рабіць, можна скардзіцца ў пракуратуру.

Валянцін Стэфановіч: “Пакрыўджаныя могуць напісаць скаргу, дзе трэба выкласці сутнасць таго, што адбылося, указаць сведкаў. І напісаць: “Просім правесці праверку і прыцягнуць вінаватых да прадугледжанай законам адказнасці”. Адправіць па пошце заказным паведамленнем альбо занесці ў пракуратуру асабіста. Ліст зарэгіструюць належным чынам і праз месяц павінны даць адказ па сутнасці”.

Тое, што ніякай афіцыйнай забароны Мінгарвыканкама няма, пацвердзіў і начальнік РАУС Савецкага раёна Мінска Сяргей Долдаў.

Сяргей Долдаў: “Адміністрацыйнай адказнасці пакуль за гэта няма. Па горадзе Мінгарвыканкамам вызначаныя зоны адпачынку, дзе не рэкамендуюць ужываць спіртныя напоі. Гэта нейкія паркі ў цэнтры горада, дзе можна пасядзець спакойна, а не слухаць, як там піва п’юць, крычаць і перашкаджаюць адпачываць”.

Аднак і ў іншых месцах спакойна папіць піва міліцыянты людзям не даюць. Але, паводле слоў начальніка РАУС, праваахоўнікі нічога не забараняюць, а “праводзяць прафілактычную размову”.

Сяргей Долдаў: “Праводзяць прафілактычную размову, папярэджваюць. Калі людзі разумеюць — ніякіх пытанняў няма. Па-рознаму людзі рэагуюць, але на месцы ўсё вырашаецца. Усё пакуль на правасвядомасці грамадзянаў нашых”.

Згодна са словамі Валянціна Стэфановіча, беспадстаўна забараняючы дарослым людзям піць піва на вуліцы, міліцыянты перавышаюць свае паўнамоцтвы. І за свае дзеянні яны могуць атрымаць дысцыплінарнае пакаранне.

Але трэба асцерагацца таго, каб простая “прафілактычная размова” вакол піва не пераўтварылася ў нешта большае. Напрыклад, каб вам не выпісалі штраф альбо не пасадзілі “на суткі”, папярэджвае Валянцін Стэфановіч.

Валянцін Стэфановіч: “Напішуць міліцыянты, што вы нецэнзурна выказваліся — і тут ужо пытанні будуць не да піва, а зусім да іншага”.

Таму, кажа ён, калі міліцыянты вас гоняць з набярэжнай Свіслачы альбо без дазволу правяраюць ваш пакунак на наяўнасць піва, не трэба гучна абурацца і лаяцца. Лепш перапісаць прозвішчы міліцыянтаў з іх бэджаў, а потым скласці скаргу ў пракуратуру.

Фота: http://photo.bymedia.net/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі