Першы дзень у ІЧУ трэсла — медыя дазналіся, што з візажысткай Вольгай Томінай

Вольга Томіна / Фота з асабістага архіва
Вольга Томіна / Фота з асабістага архіва

Першы дзень у ІЧУ трэсла — так апісала свой стан пасля затрымання топавая візажыстка Вольга Томіна ў лісце сябрам.

"Не магла сабрацца з думкамі. У СІЗА усё нашмат прасцей, як бы гэта ні гучала. У мяне ёсць свой "ложак" на другім паверсе, кнігі, расчоска і нават... крэм! Жартую, што ў параўнанні з ІЧУ тут столькі ўсяго, што гэта месца здаецца санаторыем", — піша Томіна.

Медыя-спадчыннік адной з найстарэйшых газет Беларусі піша са спасылкай на свае крыніцы, што Вольгу затрымлівалі "груба, але не больш за тое". У зняволенні яна з 9 сакавіка. Цяпер знаходзіцца ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Мінску.

"На Валадарцы ёй лепш, адчувае сябе добра, бадзёра і духам не падае. І па традыцыі дорыць свой пазітыў і цеплыню сукамерніцам. Оля — яна такая, яе немагчыма не любіць", — кажуць знаёмыя Томінай.

Штодня жанчына робіць зарадку, 200 прысяданняў і 200 практыкаванняў на прэс, а таксама радуе сукамерніц макіяжам.

Томіну падазраюць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх (арт. 342 КК РБ). Дома яе чакаюць трое дзяцей: дзве дачкі 13 гадоў і адзінаццацігадовы сын.

Праваабаронцы прызналі Вольгу Томіну палітзняволенай.

Томіна — вядомая візажыстка і стылістка, заснавальніца студыі і школы макіяжу ANATOMIA. Яе майстар-класы праходзілі па ўсім свеце.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі