Перамога беларускіх тэнісістаў праплочана Італіяй і ЗША

У нядзелю тэлеканал Eurosport пачаў трансляцыю фінала “Roland Garros” з віншаванняў беларусам. Сапраўды, такога ніхто не чакаў. Беларускія юніёры сенсацыйна перамаглі ў трох з чатырох намінацый!
У адзіночным разрадзе перамог шаснаццацігадовы Уладзімір Ігнацік, дарэчы, па папярэднім рэйтынгу ён нават не трапляў у 10-ку і быў толькі 12-м. У мужчынскім парным разрадзе разам з італьянцам Томасам Фабьяно перамог Андрэй Каратчэня. Адзначылася і Ксенія Мілеўская, якая ў пары з полькай Уршуляй Радваньскай таксама аказалася на вышэйшай прыступцы п’едэсталу.

Між іншым, Ксенія Мілеўская сёння у рэйтынгу свету займае трэцяе месца. Аматарам футболу вельмі добра вядомы брат Ксеніі – Арцём Мілеўскі, які таксама дасягнуў вялікіх поспехаў, гуляючы за кіеўскае “Дынама”.

“Roland Garros” 2007 года можна лічыць сапраўдным прарывам для беларусаў. Раней сярод юніёраў ужо “зіхацела” Вікторыя Азаранка. Але ж тая ўжо перайшла ў “дарослы” тэніс. Сярод мужчын з беларускіх тэнісістаў доўгі час вылучаліся толькі Мірны з Валчковым. Дарэчы, яны не раз нагадвалі, што за іхнімі плячыма няма пераемнікаў. А змена надыйшла. І атрымліваецца, што зусім не горшая.

Еўрарадыё вырашыла даведацца прычыны такога нечаканага рыўка беларускіх юніёраў. Мы звярнуліся да галоўнага трэнера краіны Дзмітрыя Татура, які прысутнічаў на “Roland Garros” і пагадзіўся падзяліцца сваімі ўражаннямі:

“Проста трапіць на гэтыя корты і згуляць хоця б адзін матч – гэта ўжо вялізарны поспех. А нашая моладзь не проста там згуляла адзін матч, але і з чатырох намінацый заваявалі тры першыя месцы. Гэта трыумф юніёрскага беларускага тэнісу. Гэта радуе.

Чаму радуе? Таму што значыць, мы ідзем у правільным кірунку. І беларуская тэнісная асацыяцыя дзякуючы дапамозе кіраўніцтва робіць правільныя крокі для таго, каб тэніс у Беларусі развіваўся, і развіваўся паспяхова”.

Але, як дазналася Еўрарадыё Валодзя Ігнацік ужо даўно трэніруецца ў Амерыцы. Дарэчы, амаль на ўсіх спаборніцтвах Валодзю суправаджае яго маці Сняжана, якая і распавяла, што ўжо 2 гады ўсе трэніроўкі маладога тэнісіста аплочвае амерыканская мэнэджмэнт-кампанія:

“Калі Валодзю было 14 год, яны убачылі ў ім перспектыву і дапамаглі нам з трэніровачным працэсам. Канешне, нас гэта вельмі падтрымала. Яны лічаць, што ён вырасце вельмі добрым гульцом. І яго знешнія дадзеныя, і ўсё іншае адпавядае шматлікім рэкламным кампаніям. Ім вельмі падабаецца, як ён паводзіць сябе на корце. Бо спорт – гэта ж таксама шоў”.

Не трэніруецца на радзіме і Андрэй Каратчэня. Дарэчы, яму ўжо 18 год, і ён па законе ўжо можа ўдзельнічаць у дарослым тэнісе. Чаму ён выступаў за юніёраў, распавядае яго бацька Юры Каратчэня:

“Калі шчыра казаць, ён бы ўжо даўно гуляў. Але ж яго траўмы падкасілі. Таму ён з’ехаў у Італію. Там ён трэніраваўся і лячыўся цэлы год. Усе залежыць ад трэнера. А ў нас занадта добрых трэнераў няма. Яго задзяўблі, загналі. Усё на вынік: давай-давай, давай-давай... Яшчэ б крыху – і зусім бы нічога не было”.

Дык чаму ж маладыя зоркі тэнісу не могуць трэніравацца ў Беларусі? Менавіта з такім пытаннем Еўрарадыё звярнулася да Сняжаны Ігнацік:

“У нас цудоўныя юніёры. Але каб расці далей, патрэбны крыху іншыя ўмовы, іншыя веды трэнераў. Таму давялося шукаць магчымасць трэніравацца ў больш кваліфікаваных трэнераў. Давялося з’ехаць у Амерыку.

Са студзеня ён пачаў працаваць з новым канадскім трэнерам. І вось трапіўшы да гэтага новага трэнера, за гэтыя паўгода Валодзя зрабіў столькі, колькі не рабіў за ўсе папярэднія гады. Я спадзяюся, што і ў нашай краіне на яго звернуць больш увагі. І пачнуць дапамагаць куды больш, чым гэта было па сённяшні дзень”.

У нас, канешне, тэніс таксама развіваецца. Будуюцца тэнісныя корты. Дый і Мірны з Валчковым адыгралі далёка не апошнюю ролю. Але ж да “вялікага” тэнісу, атрымліваецца, мы яшчэ не дараслі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі