Вы тут

Пазняк лічыць, што сёлета трэба было змяніць форму святкавання Дня Волі

Дзень Волі-2017 / З архіву Еўрарадыё

Лідар КХП-БНФ, палітэмігрант Зянон Пазняк лічыць, што сёлета трэба было змяніць форму святкавання Дня Волі. Мяркуецца, што 25 сакавіка пачне аднаўляцца вулічная актыўнасць пратэстоўцаў у Беларусі. Аднак надзея на тое, што акцыю дазволяць улады, невялікая.

"Складваецца нядобрая сітуацыя ў сувязі з святкаваньнем Дня Волі 25 Сакавіка", піша ў Facebook Пазняк. Ён лічыць, што ў сітуацыі, калі ідуць рэпрэсіі, "публічнае святкаванне Дня Волі з выхадам на вуліцы трэба было адкласці, прадбачліва змяніць форму свята". "Грамадства не падрыхтаванае яшчэ да моцнага масавага выступу ў гэты дзень, — працягвае палітык. — Выхад на вуліцу (не важна, у якой форме) будзе несвоечасовы і можа даць повад... пачаць пагром беларусаў".

Зянон Пазняк перакананы, што трэба было б "накапіць сілы" на будучыню, нягледзячы на тое, што Дзень Волі — "нацыянальнае сакральнае свята". "Тым не менш дзеля будучай перамогі неабходна карэктаваць традыцыі, адзначыць, напрыклад, гэты дзень сямейнымі міжлюдскімі ўрачыстасцямі, не выходзіць пад кулі, выйграць час, — піша Пазняк. — Выхад на вуліцы, аднак, цяпер спыніць не ўдасца ніякімі аргументамі".

Лідар КХП-БНФ крытыкуе палітычныя сілы і тэлеграм-каналы, якія заклікаюць "да несвоечасовага масавага выхаду на вуліцы".

"Важна прасторавае пашырэнне прысутнасці людзей у горадзе, — лічыць Зянон Пазняк. — ...Няхай жа сёлетнае адзначэнне Дня Волі будзе разумным і аб'яднае беларусаў вакол ідэалаў 25-га Сакавіка, дасць вопыт, сілы і беларускі імпульс дзеля адраджэння нашай славы і свабоды".

25 сакавіка 1918 года ў Мінску была абвешчана дзяржаўная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. У гэты дзень адзначаецца неафіцыйнае свята — Дзень Волі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.