Паўночная Карэя назвала навагоднюю ялінку “абвяшчэннем вайны”

Абвяшчэннем вайны назваў прадстаўнік камандавання заходняга ўчастку фронту Карэйскай народнай арміі (КНА) намер усталяваць ялінку на ўзгорку Эгібон у Паўднёвай Карэі. Як сказана ў заяве, цырымонія запальвання агнёў у гэтым раёне абражае салдат і афіцэраў КНА і фактычна азначае абвяшчэнне вайны, паведамляе ТАСС.

Як папярэдзіў прадстаўнік камандавання, КНДР “не збіраецца пасіўна назіраць за правакацыйнымі дзеяннямі паўднёвакарэйскага рэжыму ў раёне ваеннай дэмаркацыйнай лініі ў дэмілітарызаванай зоне”. Ён нагадаў, што вайскоўцы заходняга ўчастку фронту “ўжо на практыцы прадэманстравалі гатовасць супрацьстаяць запуску паветраных шароў з улёткамі правакацыйнага зместу з боку Паўднёвай карэі”.

Штогадовая цырымонія запальвання агнёў па ялінцы праводзілася да 2004 году, калі Рэспубліка Карэя і КНДР дамовіліся спыніць прапагандысцкія акцыі па абодва бакі мяжы. Аднак пасля інцыдэнту з затапленнем у 2010 годзе паўднёвакарэйскага ваеннага карабля “Чхонан” гэтая цырымонія ўзнавілася. Толькі летась у перыяд рэзкага абвастрэння абстаноўкі на Карэйскай паўвыспе вырашылі не запальваць агні на каляднай ялінцы, якую бачна ў Паўночнай Карэі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі