Пасля віншавання на адрас Юрыя Дудзя з гомельскага радыё звольнілі супрацоўнікаў

Арцём Забіран / фота з яго старонкі на Фэйсбуку
Арцём Забіран / фота з яго старонкі на Фэйсбуку

Некалькі супрацоўнікаў "Гомельскага гарадскога радыё" засталіся без працы. Як піша zerkalo.io, радыёвядоўцаў звольнілі, абвінаваціўшы ў падтрымцы пратэстоўцаў у 2020 годзе.

11 лістапада ў праўладным тэлеграм-канале з'явіўся пост, дзе нібыта адзін з падпісчыкаў скардзіўся на гомельскае радыё 107.4 FM, заснавальнікам якога з'яўляецца мясцовы выканкам. Гаварылася, што ў эфіры радыё расхвальюваць Юрыя Дудзя, які насамрэч нібыта "ўтоптваў у бруд нашу краіну". Аўтар допісу абураўся тым, што радыёвядоўца павіншаваў расійскага журналіста з днём нараджэння.

Потым у тг-канале з'явіліся скрыншоты з сацсетак радыёвядоўцаў Арцёма Забірана і Яраслава Бычкоўскага. Там былі кліп Касты "Выходи гулять", відэа Максіма Каца пра Ніну Багінскую, лайкі на пастах з БЧБ-сімволікай.

У выніку Забірана і Бычкоўскага звольнілі. Да сярэдзіны дня 12 кастрычніка іх прозвішчы зніклі з сайта радыё. Арцём Забіран апублікаваў у Фэйсбуку пост з працоўнай кніжкай і подпісам: "Ну, што ж... Гэта былі тры класныя гады працы ў добрым калектыве. Я буду сумаваць".

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, з працы былі звольненыя і іншыя супрацоўнікі. У іншых гомельскіх дзяржСМІ пачаліся праверкі.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі