Пасля новых санкцый на штурм мяжы разам з мігрантамі пойдуць спецслужбісты?

Пасля новых санкцый на штурм мяжы разам з мігрантамі пойдуць спецслужбісты?

Па інфармацыі памежнай аховы Польшчы, спробы нелегальнага пераходу мяжы мігрантамі адбываюцца штодня. Але атак кшталту штурму “Брузгаў” 16 лістапада пакуль што не назіраецца.

Мігранты ўладкаваліся ў выдзеленым пад іх патрэбы лагістычным цэнтры. Там іх кормяць, даюць электрычнасць пад зарадку гаджэтаў і нават усталявалі палявую лазню. Ці можна казаць аб тым, што міграцыйны крызіс пайшоў на спад?

— На маю думку, гэты крызіс вельмі далёка ад завяршэння, бо асноўныя задачы, якія ставіліся рэжымам — а магчыма і Пуціным, — пакуль што не вырашаныя, — лічыць палітычны аналітык Павел Усаў. — Ідзе абмеркаванне, якія рашэнні будуць прынятыя ЕС у перспектыве на месяц-два. Ці будуць рашэнні Захада адпавядаць чаканням Лукашэнкі?

Мы бачым, што пасля размовы з Ангелай Меркель гэты крызіс, умоўна кажучы, падвіс. Мігранты, якія ператварыліся ў актыўных барацьбітоў супраць польскай агароджы, былі перабазаваныя ў нейкія лагістычныя цэнтры.

Лукашэнка чакае, якое будзе прынята рашэнне прынамсі адносна санкцый. Калі пяты пакет будзе прыняты, то актыўныя дзеянні на мяжы распачнуцца з новай сілай. Магчыма, там будуць прымаць удзел ужо не самі выключна мігранты — збольшага могуць быць актывісты ці дзеячы беларускіх спецслужбаў.

Праз канфлікт на беларуска-польскай мяжы Расія таксама можа панесці фінансавыя страты. Ці пойдзе Пуцін на кампраміс у “міграцыйнай гульні”?

— На сённяшні момант, калі мы бяром пад увагу тую аўтарытарную структуру палітычных адносін у Расіі, то там больш важная канфрантацыя, чым нармальныя стабільныя адносіны, — працягвае аналітык. — У нармальных роўных адносінах з Еўропай аўтарытарны лад будзе прайграваць. Грамадства будзе разумець, што сістэма карупцыі, рэпрэсій і абмежавання правоў непрымальная ў параўнанні з узроўнем жыцця і палітычнымі адносінамі ў Заходняй Еўропе.

Гэты крызіс з’яўляецца пераносам канфлікту, нестабільнасці непасрэдна на межы ЕС. Я думаю, што стварэнне напружанасці таксама ў інтарэсах Расіі, каб патрабаваць нейкія саступкі — адмену санкцый, прызнанне амбіцый і інтарэсаў — і прызнаць Расію глабальным гульцом. Каб Расія стала абсалютна непадважальным партнёрам у вырашэнні нейкіх праблем у межах Еўропы. Таму, улічваючы такія мэты, можна прагназаваць, што гэты канфлікт не будзе замарожаны.

Пасля новых санкцый на штурм мяжы разам з мігрантамі пойдуць спецслужбісты?
Мігранты штурмуюць мяжу Польшчы. 16 лістапада, памежны пераход “Брузгі — Кузніца” / sb.by

А закрыццё мяжы і транспартная блакада з боку Польшчы — гэта магчымы сцэнар ці не?

— Пытанне перш за ўсё было пра пераход “Кузніца — Брузгі”, другарадны пераход. Калі весці гутарку пра перакрыццё мяжы, то перш за ўсё трэба перакрываць пераход “Брэст — Тэрэспаль”. Гэта фактычна асноўная артэрыя, праз якую ідуць усе грузапатокі з захаду на ўсход па тэрыторыі Беларусі. Я не думаю, што Польшча і ЕС адважацца на гэты крок. Гэта велізарныя страты.

Гэта будзе азначаць пачатак глабальнага канфлікту і канфрантацыі, азначаць пачатак сутыкненняў не толькі з Беларуссю, але і з Расіяй. Гэта хутчэй быў сігнал, гульня нерваў і спроба надавіць на Лукашэнку.

Думаю, што ён вельмі добра разумее, што ў Польшчы няма такіх магчымасцяў, бо гэта не беларуска-польскі, а еўрапейска-азіяцкі пераход. Іншых альтэрнатыўных шляхоў пераходу ў абыход Беларусі проста на сённяшні дзень няма. Таму Лукашэнка адчувае сябе больш-менш спакойна, — падсумоўвае Павел Усаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі