Пасля двух гадоў рэпрэсій загаварылі аб сілавым паўстанні. Хто яго ўзначаліць?

Пасля двух гадоў рэпрэсій загаварылі аб сілавым паўстанні. Хто яго ўзначаліць?

Павел Латушка кажа, што стварэнне нацыянальна-вызваленчага руху ў Беларусі — гэта цяпер адна з галоўных мэтаў. Таксама ён згадвае, што сёння да ўзброеннага супрацьстаяння беларусы куды больш гатовыя, чым месяц-два таму.

Наколькі Беларусь здольная да паўстання Каліноўскага 2.0?

— Прыгадаю, што ідэю пра стварэнне гэтага руху некалькі месяцаў таму агучваў Зянон Станіслававіч Пазняк. Ён падкрэсліваў, што без кансалідацыі грамадства на рэвалюцыйных ідэях змяніць сітуацыю ў Беларусі будзе цяжка, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё палітолаг Павел Усаў. — Але тут узнікае ключавое пытанне: хто гэта будзе рабіць? Гэты рух павінен фарміравацца ў самой Беларусі. Звонку зрабіць гэтыя структуры ў фундаментальным, пераломным сэнсе будзе вельмі цяжка.

Але, прынамсі, дзеянні, заклікі ў гэтым накірунку могуць мець плён на перспектыву. Мы не можам выключаць вельмі важнага фактару — распаду самой сістэмы. У момант, калі будзе адчувацца слабасць палітычнага кантролю, такія структуры і актыўныя дзеянні будуць патрэбныя дзеля таго, каб цалкам збурыць сістэму.

— Неабходны адзіны нацыянальны рэвалюцыйны палітычны цэнтр. Без такога цэнтра заклікаць да нейкага руху немагчыма, — працягвае палітолаг. — Патрэбна агульная нацыянальная праграма, канцэпцыя нацыянальна-вызваленчага руху, а не абстрактнае “мы за ўсё добрае і супраць усяго кепскага”. І, безумоўна, палітычны лідар. Постаць, якая будзе стаяць на менавіта рэвалюцыйных, нацыянальна-дэмакратычных пазіцыях.

Калі гэтыя тры рэчы ўзнікнуць нават за мяжой, то паступова можна гэта пашыраць ці матэрыялізаваць унутры Беларусі. Але мы не можам пераносіць увесь цяжар барацьбы на простых беларусаў, якія знаходзяцца ў вельмі цяжкіх умовах. Мы можам канцэптуальна фарміраваць іх погляды, бачанне кірунку дзеянняў у перспектыве і кансалідаваць гэтую групу. Каб у момант аслаблення сістэмы узяць уладу, як кажуць, у свае рукі.

Хто ж тады падыходзіць на ролю рэвалюцыйнага лідара, які палкі за сабой павядзе?

— Канешне, варта было б мець ідэальнага кіраўніка, які б падабаўся ўсім, — адказвае Павел Усаў. — Адна з постацяў — бацька незалежнай Беларусі, Зянон Пазняк. Незалежна ад таго, як шмат хто да яго адносіцца, ён зрабіў велізарны ўнёсак у фарміраванне нашай сучаснай Беларусі. З іншага боку — тое, што мы называем новай апазіцыяй, якая ўзнялася пасля 2020 году. Камбінацыя гэтых дзвюх плыняў і ўзнікненне “ўніверсальнага лідара” маглі б прывесці да таго, што гэтая нацыянальна-дэмакратычная партыя пачала б функцыянаваць і існаваць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі