Пасад ніхто не страціў: як жывуць асводаўцы, якія ратавалі пратэстоўцаў

Ратавальнікі каля суда. Злева направа: Аляксей Бакумаў, Дзяніс Чашун, Дзмітрый Цецярук / TUT.by
Ратавальнікі каля суда. Злева направа: Аляксей Бакумаў, Дзяніс Чашун, Дзмітрый Цецярук / TUT.by

Увечары 6 верасня ратавальнікі мінскага АСВОДа даставалі з вады пратэстоўцаў, якія скочылі ў Камсамольскае возера, спадзеючыся выратавацца ад сілавікоў. Ратавальнікаў затрымалі, пратрымалі трое сутак на Акрэсціна і судзілі за нібыта непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. Трое з іх атрымалі штрафы, а справы астатніх адправілі на дапрацоўку.

Як цяпер жывуць ратавальнікі, якія дапамаглі пратэстоўцам?

Должностей никто не лишился: как живут осводовцы, спасавшие протестующих
Ратавальнікі АСВОДа пасля вызвалення з ЦІП на Акрэсціна / onliner.by

— Мы так зразумелі, што працэс у дачыненні да нас спынілі. Цяпер працуем у штатным рэжыме, — расказвае начальнік станцыі "Камсамольскае возера" Дзяніс Чашун. — Тое, што мы адседзелі на Акрэсціна, лічым несправядлівым. Мы і ў пратаколе адзначалі, што проста выконвалі сваю працу. Ні адзін не пагадзіўся з высунутымі абвінавачаннямі. Траім з нас далі штрафы. За што? За тое, што выконвалі свае службовыя абавязкі?

У нядзелі ратавальнікі зноў дзяжураць у звычайным рэжыме.

— З 22-га чысла АСВОД ва ўзмацненне не ходзіць, а да гэтага мы кожную нядзелю выходзілі і дзяжурылі. МНС першы час не ўдзельнічала ў дзяжурствах у нядзелі, хоць у некаторых выданнях была інфармацыя, маўляў, "МНС з першага дня нясе дзяжурства". Пытанне: у той дзень, шостага верасня, дзе былі МНС? Калі б яны там дзяжурылі, то АСВОДу не давялося б адказваць аднаму, — расказвае адзін з супрацоўнікаў АСВОДа. — Гэтыя трое сутак некаторых хлопцаў, вядома, змянілі. Але людзі працягваюць працаваць. Да сваіх службовых абавязкаў яны прыступілі фактычна адразу. Хлопцы сказалі: "Як ратавалі, так і будзем ратаваць".

Пасля інцыдэнту са станцыі звольнілася два чалавекі: у АСВОДзе нам кажуць, што гэта не звязана з вераснёвай гісторыяй. Маўляў, Іван Юрскі быў вучнем вадалаза і звольніўся таму, што не здаў іспыт. А Дзмітрый Цецярук сышоў праз невялікі заробак.

— Людзі знаходзяць лепшую працу, таму што зарплата ў нас не ахавая. Матарыст атрымлівае каля 650 рублёў, некаторыя менш. Заробак невялікі, таму калі чалавек знаходзіць заробак 900 рублёў, то, вядома, ён будзе сыходзіць, — кажа Еўрарадыё адзін з супрацоўнікаў АСВОДа.

Дарэчы, у некаторых падраздзяленнях арганізацыі з'явілася новае кіраўніцтва. Так, новы начальнік з'явіўся ў мінскай вадалазна-выратавальнай службе: замест Дзмітрыя Бараноўскага прыйшоў былы начальнік Барысаўскай выратавальнай станцыі Дзмітрый Храпкоў. Сам Бараноўскі ўзначаліў выратавальную станцыю "Пціч". Пытанне Еўрарадыё пра тое, ці быў гэты перавод добраахвотным, Бараноўскі каментаваць адмовіўся.

— Нашы справы адправілі на дапрацоўку, але тэрміны разгляду ўжо скончыліся, усё нармальна. Кіраўніцтва ў нас лаяльнае, нармальна да сітуацыі паставілася. Пасад сваіх ніхто не страціў, — рапартуе начальнік манеўрана-пошукавай групы Аляксей Бакумаў, які таксама быў затрыманы ў верасні за дапамогу людзям.

Должностей никто не лишился: как живут осводовцы, спасавшие протестующих
АСВОД — героі краіны / TUT.by

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі