Пару рублей. "яД!"

Спяваючы пра гарэлку, жыццё, сучасныя вынаходніцтвы і музыку, гурт, аказваецца, выступае за здаровы лад жыцця, светлую галаву і вучыць казаць “не” у выпадках, калі вельмі хочацца сказаць “так”.

“Пару рублей” заўсёды славіліся добрым прафесійным складам і выдатным музычным кампанентам. Пласцінка “яД!” – доказ гэтага. Дыск вытрыманы ў стылістыцы ска-панку, ў які часам пранікае шансон (“Ракенрол”), усходняя песня ("Террористка"), элементы фанку, а таксама музычныя спасылкі на Sepultuta i Depeche Mode.

Музычная разнастайнасць пласцінкі яскрава падкрэслівае яе паэтычны змест: філасофскае асэнсаванне ўнутранага свету чалавека, які п’е, сумны сцёб патрабуюць ці “падрыхтаванага” слухача, ці слухача з добрым пачуццём гумару. “Принял с утра живительтный яд, и не страшны ни черти, ни ад”.

Слухаючы пласцінку, вымалёўваецца вобраз паэта ці музыкі, які ціхенька папівае. Часам і не ціхенька – гарэлку, кагор, тэкілу, чарніла. У яго ёсць фанаты і любімая дзяўчына -“тэрарыстка”, якая нават падаравала яму айпод. Часам яго спакушаюць і на “парашок”, аднак любоў да вадкасці бярэ сваё. “Хотелось как лучше, но вот беда – всё получается, как всегда” – так і жыве герой “Пару рублей”.

Варта нагадаць, што “яД!” – гэта другі па ліку альбом “Рублей”. Першы – “Трезвый расчёт” быў запісаны пры падтрымцы былога прадзюсера “Лепрыконсаў” і “Драздоў” Вячаслава Гулевіча. “яД” зроблены цалкам намаганнямі Паўла Яноўскага, Міхаіла Краўцова і музыкамі гурта,і наўрад ці хоць адзін з патэнцыяльных хітоў пласцінкі трапіць у ратацыю мясцовых радыёстанцый.

Пра некаторыя хібы. Па-першае, крыху напружвае аднабаковая і недынамічная манера спеваў вакаліста Міхаіла Краўцова. Чысціня інтанацыі і прысутнасць прыгожага тэмбра не сунімаюць галаўнога болю пасля першых сямі песень. Па-другое, у сваім інтэрв’ю для ultra-music.com музыкі кажуць, што альбом – гэта прапаганда здаровага ладу жыцця. Ты мне менш, апошняя на альбоме песня “До дна” сведчыць пра адваротнае – “Жизнь нам даётся только одна, и пить надо залпом – до самого дна!”

Дарэчы, варта адзначыць кампазітарскае майстэрства Паўла Яноўскага – чалавека, якому амаль 90-адсоткава належыць аўтарства альбома: Яноўскі здолеў стварыць хіт, пабудаваны на 2(!) акордах. Кульмінацыяй і кропкай залатога сячэння альбома з’яўляецца песня “Жизнь”, якая дае адказ на шматлікія пытанні і вызначае сутнасць дыску, а таксама тлумачыць, чаму больш не існуе гурт “Пару рублей”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі