Парапсіхолагі працуюць ІПэшнікамі ў фізкультурна-аздараўленчай дзейнасці

Еўрарадыё дапамагло Мінюсту вывесці магаў, гадалак ды чарадзеяў на чыстую ваду. Кожны сеанс прысушак па тэлефоне каштуе 135 тысяч. Вам прыйдзецца паўгадзіны сядзець перад тэлефоннай трубкай з фатаграфіяй абранніка і прыкладаць яе да сэрца тварам да сябе "Гаворка ідзе аб тым, каб упарадкаваць працу парапсіхолагаў, людзей, якія здымаюць сурокі і псуты, разнастайных ведзьмакоў", - заявіў міністр юстыцыі Віктар Галаванаў. Як даведалася Еўрарадыё, амаль усе парапсіхолагі з’яўляюцца ІПэшнікамі і аказваюць… фізкультурна-аздараўленчую дзейнасць. Яны займаюцца магіяй, гадаюць на картах, здымаюць псуту.

Вядучы спецыяліст “Магістрата пазітыўнага мыслення” Аляксандр Прыймак кажа Еўрарадыё, што для працы парапсіхолагам неабавязкова мець медыцынскую ці псіхалагічную адукацыю. Галоўнае, каб гэта было дадзена ад прыроды. За 15 год работы ў мага ніякіх праблем ні з кліентамі, ні з падатковай інспекцыяй не ўзнікала.

Аляксандр Прыймак: У нас у дакументацыі напісана фізкультурна-аздараўленчая дзейнасць і іншыя індывідуальныя паслугі. Колькі мы працуем, ні падатковая, ніхто нам нічога не казаў пра нейкае ліцэнзаванне, паколькі ў нас псіхалогія не ліцэнзуецца. З нашымі прафесіямі праблемы рэдка могуць узнікаць з падатковай, усюды жывыя людзі сядзяць. Ім гэта трэба?

Кожны месяц Аляксандр Прыймак плаціць 40 еўра падатку. Колькі кліенту прыйдзецца заплаціць за поўны курс, вядучы спецыяліст не можа адказаць: сеансаў можа быць тры, а можа - і дзесяць. Дарэчы, цэны тут зашкальваюць: 25$ каштуе 1 гадзіна дыягностыкі, і столькі ж прыём на кватэры, а вось размова з вядучым спецыялістам Магістрата пазітыўнага мыслення ў офісе каштуе 200 еўра!

Аляксандр Прыймак: Сустрэцца можна ў офісе, можна ў мяне на кватэры. На кватэры 25$ за гадзіну, на офісе 200 еўра за гадзіну. Проста ў нас зараз памяшканні вельмі дарагія, і кожны прыём трэба узгадняць з Міністэрствам юстыцыі. Мне гэта трэба? Мне гэта не трэба.

Аляксандр Прыймак упэўнены, што сярод парапсіхолагаў, знахароў па аб’яве няма ніводнага махляра.

У адной з газет карэспандэнт Еўрарадыё знайшоў аб’яву дзяжурнага парапсіхолага, які па тэлефоне абяцаў зняць псуту, сурокі, зайздрасць і чары па “ўнікальным метадзе”. Я захацела зачараваць любімага мужчыну і пазваніла па ўказаным тэлефоне. Спачатку трубку зняла жанчына-адміністратар і пасля таго, як выслухала маё пажаданне, пачала задаваць пытанні. Мілая гутарка доўжылася 6 хвілін. Здаецца, няшмат, але адна хвіліна такой размовы каштуе 3 тысячы рублёў (!). Адміністратар прапанаваў перазваніць праз гадзіну да парапсіхолага, які возьмецца са мной працаваць па тэлефоне.

Адміністратар: Сеанс будзе доўжыцца недзе 25-30 хвілін. Пажадана, каб вы былі дома адна і вам ніхто не перашкаджаў.

Адміністратар запэўніла мяне, што ва ўсіх парапсіхолагаў ёсць псіхалагічная адукацыя, а асабіста яна скончыла курсы пры Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Еўрарадыё запыталася, ці даюць яны хоць нейкую гарантыю сваёй працы, і атрымала цікавы адказ.

Адміністратар: Калі ваш чалавек вам прызначаны лёсам, то ён насамрэч будзе ваш. Калі гэта дакладна не ваш чалавек, тады ён адпадзе.

Праз гадзіну Еўрарадыё ператэлефанавала да парапсіхолага Таццяны, каб зрабіць прысушку і дазнацца, у чым заключаецца “ўнікальны метад” па тэлефоне. Тое, што адбывалася далей, падобнае на анекдот.

Таццяна: Вам трэба гарманізаваць адносіны з чалавекам. Так? Вазьміце яго фатаграфію і прыкладзіце ў раёне сэрца тварам да сябе пад адзежу. Зараз здыміце абутак, вочы ў вас павінны быць закрытыя падчас сеансу, а крэсла пастаўце побач з сабой на той выпадак, калі ў вас закруціцца галава. Нам з вамі трэба правесці 2-3 сеансы. Трубку вы зараз пакладзіце побач з сабой, мікрафонам уверх.
Еўрарадыё: А праз колькі хвілін трэба будзе ізноў узяць трубку ў рукі?
Таццяна: Праз 30 хвілін. Я вас паклічу, я не буду з вамі ў час сеансу размаўляць, але вы будзеце мяне адчуваць.

Такім чынам, вам прыйдзецца сядзець каля тэлефона і чакаць, калі за 30 хвілін набяжыць 90 тысяч (!). Дарэчы, парапсіхолаг Таццяна ўдакладніла ў мяне толькі, як я выглядаю, пра праблему ўвогуле не пыталася. Сам сеанс доўжыцца не 30 абяцаных хвілін, а 45. Гэта значыць, што на кожным сеансе чалавек “улятае” на 135 тысяч, а за 3 сеансы ён аддасць 405 тысяч.

Галоўны пазаштатны псіхатэрапеўт Міністэрства аховы здароўя Ірына Байкова кажа Еўрарадыё, што не верыць у знахароў, магію, а толькі ў тое, што ў чалавека ад прыроды могуць быць нейкія незвычайныя здольнасці. Мы папрасілі псіхатэрапеўта пракаментаваць эксперымент Еўрарадыё.

Ірына Байкова: (смяецца) У гэтым выпадку тут, безумоўна, махлярства. Яны робяць стаўку на катэгорыю даверлівых людзей, а даверлівыя людзі – гэта людзі ў час стрэсу, эмацыйных перажыванняў, і на гэта разлічана. Мабыць, тое, што яны не размаўляюць з вамі, гэта яшчэ і лепей. З аднаго боку, ім няма нічога сказаць. З другога боку, уключаецца гаючая моц уласнага арганізма.

Ірына Байкова прызнаецца Еўрарадыё, што ў яе практыцы былі такія людзі, якія пасля звароту да бабак, ведзьмакоў, парапсіхолагаў звярталіся пасля да прафесійнай дапамогі псіхатэрапеўта. Яна ўпэўнена, што калі Міністэрства юстыцыі будзе ствараць камісію, якая будзе вырашаць, ці даваць ліцэнзію “парапсіхолагам”, тады на сумоўі вопытныя псіхолагі і псіхатэрапеўты лёгка змогуць вызначыць махляра.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі