Папарыцца ў Александрыю возяць людзей за дзесяткі кіламетраў

Каб спартовы комплекс з басейнам, пабудаваны ў вёсцы Александрыя, не прастойваў, туды вымушаныя на спецыяльных аўтобусах вазіць людзей за дзесяткі кіламетраў з іншых гарадоў і вёсак. На радзіме прэзідэнта – у вёсцы Александрыя – усяго каля 500 жыхароў. Аднак менавіта яе чамусьці выбралі для будаўніцтва буйнога водна-спартыўнага комплексу. Як расказаў Еўрарадыё дырэктар аздараўляльнай установы Андрэй Міронаў, комплексу такога ўзроўню, як у Александрыі, няма ні ў адным з бліжэйшых раёнаў.

Андрэй Міронаў: “Тут у нас гульнёвая зала вялікая -- 46 на 25 метраў, басейны дзіцячы і дарослы, ванны гідрамасажу. Пакой для адпачынку, саўна, футбольнае поле і лёгкаатлетычнае ядро”.

Па словах дырэктара, “прапускная здольнасць” толькі басейна – 35 чалавек на гадзіну. Менавіта столькі цягнецца сеанс. Еўрарадыё падлічыла, што для таго, каб усе жыхары Александрыі паплавалі ў басейне, дастаткова 14 гадзін. Гэта з улікам немаўлят і нямоглых.

Толькі па словах настаўніцы александрыйскай школы Святланы Пятроўны, вяскоўцы без вялікай ахвоты наведваюць свой палац спорту.

Святлана Пятроўна:
“Мясцовых жыхароў не вельмі шмат ходзіць у саўну ды басейн. Таму што няма часу. Людзі ў калгасе працуюць цэлы дзень. Дый кошты там… Не сказаць, каб вельмі танна там было. У асноўным туды ходзяць прыезджыя. Людзі кажуць, што калі ёсць свая лазня, то лепш схадзіць туды, чым у саўну альбо басейн”.

Гадзіна ў басейне на радзіме прэзідэнта каштуе 3360 рублёў. Гадзіна ў гульнёвай зале – 5700. А гадзіна ў саўне, якая разлічана на 6 чалавек, каштуе 34200 рублёў. Для настаўнікаў, якія, па словах Святланы Пятроўны, атрымліваюць 400-500 тысяч у месяц, гэта задорага. Для калгаснікаў, заробкі ў якіх прыблізна такія ж, таксама. Таму і возяць у александрыйскі басейн людзей з навакольных гарадоў і вёсак.

Па словах дырэктара аздараўленчага комплексу, жадаючых столькі, што не ўсім удаецца паплаваць альбо папарыцца – некаторыя так і з’язджаюць, не паспрабаваўшы пары на бацькоўскай зямлі прэзідэнта. Кажа, хапіла невялікай рэкламы на тэлебачанні і ў газеце.

Андрэй Міронаў: “Жадаючых залішне. Людзі з’язджаюць, не пабываўшы ў нас”.

Ад горада Барань да Александрыі каля 20 кіламетраў. У горадзе з насельніцтвам у 13 тысяч жыхароў свайго басейна няма. Дакладней, ёсць, але вось ужо гадоў 10 як ён не працуе: будынку патрэбны капітальны рамонт, а грошай на гэта няма. Таму некаторыя супрацоўнікі прадпрыемства “Лёс” звярнуліся ў прафкам, каб ім арганізавалі паездкі ў басейн Александрыі.

Супрацоўніца прафкаму прадпрыемства Зінаіда Віктараўна расказала Еўрарадыё, што па іх просьбе дырэктар выдзяліў для паездак раз на тыдзень у басейн “Ікарус”. Акрамя аплаты сеансу ў басейне, людзі плацяць 1 тысячу за праезд. З прафкаму замовілі 30 абанементаў. Але ў паездку ледзь набралася 20 чалавек. Таму зараз у прафкаме сумняюцца, што ў людзей надоўга хопіць жадання марнаваць амаль цэлы выхадны дзень, каб з’ездзіць паплаваць у басейне.

Зінаіда Віктараўна:
“Гэта, па-першае, не блізка. Ну, хто пажадаў, той і ездзіць. Можа, месяц-другі з’ездзяць і ўсё, гэта ж людзі”.

Як паведаміў Еўрарадыё дырэктар александрыйскага басейна, нават цяпер, калі шмат людзей з іншых мясцін ездзяць да іх папарыцца і паплаваць, іх установа не акупляецца. Аплочваць заробак супрацоўнікам і плаціць за цяпло грошай з прададзеных абанементаў не хапае.

Андрэй Міронаў: “За месяц магу аплочваць выдаткі па святле і па хіміі на ўтрыманне басейна. Заработная плата і ацяпленне аплочваюцца з бюджэту”.

Настаўніца александрыйскай школы кажа, што вучням падабаецца хадзіць у басейн. Заняткі там для іх бясплатныя. Бясплатна плаваюць і дзеці з дзіцячага садку. Але разам іх усяго 219 чалавек. Калі людзям з іншых мясцін надакучыць катацца ў Александрыю, іх не хопіць, каб запоўніць усе залы пабудаванага ў невялічкай вёсцы буйнога спартовага комплексу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі