Памежны камітэт: Калеснікава, Краўцоў і Раднянкоў знаходзяцца ва Украіне

Памежны камітэт: Калеснікава, Краўцоў і Раднянкоў знаходзяцца ва Украіне

Сябры Каардынацыйнай рады Марыя Калеснікава, Антон Раднянкоў і Іван Краўцоў з'ехалі ва Украіну. 

"8 жніўня, у пачатку пятай раніцы Антон Раднянкоў, Іван Краўцоў і Марыя Калеснікава прайшлі памежны кантроль у пункце пропуску "Аляксандраўка" і адбылі ў бок Украіны", — заявіў парталу TUT.by афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэта Антон Бычкоўскі.

Пра ад'езд Раднянкова і Краўцова паведаміў у сваім Telegram-канале і тэлеканал "Беларусь-1". Там гаворыцца, быццам Раднянкоў і Краўцоў "уцяклі за мяжу", ва Украіну. "Іх калега Марыя Калеснікава спрабавала незаконна пакінуць тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, але была затрыманая на мяжы", — заявілі аўтары канала.

Гэта паведамленне абверг Памежны камітэт. Антон Бычкоўскі сказаў у каментары Радыё "Свабода", што ўсе трое перасеклі мяжу на адной машыне.

7 верасня каля 10:00 знікла Марыя Калеснікава. Выпадковая сведка інцыдэнта расказала, што жанчыну выкралі ў цэнтры Мінска, каля Нацыянальнага мастацкага музея. Яе зацягнулі ў бусік з надпісам "Сувязь", які з'ехаў у невядомым напрамку. Праз нейкі час на сувязь перасталі выходзіць прэс-сакратар Каардынацыйнай рады Антон Раднянкоў і выканаўчы сакратар Іван Краўцоў. 

Пазней стала вядома, што ў кватэры Краўцова правялі ператрус супрацоўнікі Дэпартамента фінансавай разведкі КДК.

Увечары родныя Марыі Калеснікавай падалі ў міліцыю заяву пра яе знікненне. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі