“Пакуль была ў адпачынку, сасіскі падаражэлі на 10 тысяч рублёў!”

Студэнтка 3-га курса Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Крысціна гаворыць, што для яе найбольш адчувальным стала падаражэнне навучання.

“На першым курсе студэнт плаціць болей за ўсё, тады мы плацілі 14 мільёнаў за год навучання. Па ідэі, навучанне павіннае было да 3-га курса патаннець, а мы плацім тыя ж 14 мільёнаў! Атрымліваецца і не патаннела навучанне. А першакурснікі эканамічнага факультэта ўвогуле плацяць па 17 мільёнаў!”Крысціна не хавае свайго абурэння.

Яе можна зразумець. У пачатку навучальнага года ўсе ВНУ паднялі цэны на навучанне. Самая дарагая спецыяльнасць  — “Стаматалогія” ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце, год навучання тут каштуе 22 мільёны рублёў!

Мінчанка Аксана для сябе заўважыла рост аплаты праезду ў транспарце. Нагадаем, 9 жніўня праезд падаражэў другі раз за год, з 3700 рублёў за квіток да 4000.

“Два разы праедзеш, і васьмі тысяч няма. А калі не паспееш купіць у шапіку, у кіроўцы яшчэ даражэй!”

Мінчук Міхась толькі прыехаў з-за мяжы, быў ва Украіне і Польшчы. Першае, на што звярнуў увагу, — цэны на канцтавары ды школьную форму, бо збіраў дзяцей у школу. Але Міхася не так уразіла іх дарагавізна, як дызайн.

“Усё-ткі за мяжой на ўсё танней і весялей глядзець, можна выбраць прыгожае. У нас ГУМы ды ЦУМы лепей не заходзіць, бо страшна ад гэтых фасонаў саўковых”, — нечакана выказваецца Міхась пра айчынную тыпаграфію.

Мінчанка Ларыса нядаўна прадала трохпакаёвую кватэру і пераехала жыць у свой дом. Задаволеная, што не трэба плаціць за тэхабслугоўванне, ліфт ды прыборку тэрыторыі. А таму не заўважае, падаражэла камуналка ці не: плаціць толькі за святло і газ. Для яе галаўны боль — падаражэнне малочных прадуктаў.

“Думаю, болей за ўсё падаражэлі сыр, тварог. Каўбасу не ем, таму не ведаю цэнаў,  мяса падаражэла ў разумных межах. А вось сыр — гэта напружвае болей за ўсё”, — кажа Ларыса. Малочка, мяса ды хлеб, на думку мінчукоў, падаражэлі болей за ўсе.

“Я паехала з Мінска ў адпачынак, адсутнічала месяц, а вярнулася — сасіскі на 10 тысяч падаражэлі! За галаву хапаешся!” — прызнаецца Таццяна. Яна кажа, што павольны рост цэнаў на прадукты незаўважны. А вось калі пачынаеш падлічваць, заўважаеш розніцу.

Цікава, што год таму кіло свініны можна было набыць 9 месяцаў таму  за 66 тысяч рублёў, а цяпер — за 101 тысячу. У лідарах па падаражэнні таксама транспарт, медпаслугі ды камунальныя плацяжы — каля 20%, мяса ды курыца — 30,8%, а таксама цукар ды каўбаса — 17%.

А вось бульба, пра якую не сказаў ніводны з апытаных, за 9 месяцаў падаражэла на 47,7%!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі