Вы тут

пагэтыбок#: 10 гадоў за "чатыры нажавыя" і новае жыццё на "X-фактары"

Вікторыя Пятровіч у валожынскім парку / Аляксандр Васюковіч, Еўрарадыё

Вікторыя Пятровіч жыве ў Валожыне, гэта горад за 70 км ад Мінска. У цёмна-зялёным драўляным доме ў цэнтры горада (хоць Віка кажа, што ў Валожыне ўсё — цэнтр) з ёй жывуць маці Любоў Пятроўна, сястра і брат.

Да нашага прыезду Віка пераадзяваецца ў параднае адзенне: белую кашулю, чорны пінжак, камізэльку. На нагах застаюцца чырвоныя тканінавыя красоўкі.

— Нармальна? Трэба добра выглядаць! — кажа Віка. Я ківаю і працягваю разглядаць партрэты ў пакоі. — Гэта мая мама.

У пакой непрыкметна заходзіць мама Вікі. Баба Люба гаворыць пракураным кантральта і паказвае на адзін з партрэтаў:

— Кучаравыя валасы ў яе былі! — З чорна-белага партрэта на нас глядзіць кораткастрыжаная жанчына. І Любоў Пятроўна, і Віка да яе падобныя — кожная па-свойму.

Пакуль мы размаўляем, Віка паспявае сабрацца.

— Дык заспяваеце нам што-небудзь? — пытаюся. Жанчына ківае і паказвае свой мікрафон, спявае аўтарскую песню "Свеча", а потым яшчэ некалькі чужых песень. У Любові Пятроўны на вачах праступаюць слёзы. Потым яна скажа, што адчувае віну перад дзецьмі. Асабліва перад Вікай. Калі ёй было 9 гадоў, Любоў Пятроўна ў яе на вачах забіла стрыечнага брата. Жанчыны кажуць, што гэта была самаабарона. Бабу Любу пасадзілі на 6 гадоў, Віку разам з братамі і сёстрамі накіравалі ў інтэрнат.

Адна між чатырох сцен

Музыкай Віка захапілася з-за маці — тая ў маладосці спявала ў рэстаранах. Першую песню, "Жёлтые тюльпаны", Віка праспявала ў шэсць гадоў.

— У плане голасу я пайшла дакладна па маці. Мяне мама ўзяла з сабой у рэстаран. Як цяпер памятаю: было нейкае вайсковае свята і яна ўзяла мяне, каб я праспявала і станцавала ламбаду. Нейкі вайсковец падарыў мне ахапак руж з вялікімі ножкамі і вялікую талерку шакаладных цукерак!

Мы сядзім у парку каля мясцовага рэстарана "Карона". Віка дамовілася са знаёмай, што інтэрв'ю будзе праходзіць у рэстаране. Да прызначанага часу яшчэ паўгадзіны.

У дзяўчыны на руках некалькі "партакоў". Падсцёртыя контуры сэрца, слова love, пярсцёнак. На костцы запясця пяць кропак: чатыры па крузе і адна ўнутры. Пытаюся, што гэта значыць.

— Гэта я ў адзіночцы. Адна між чатырох сцен, — тлумачыць Віка. На другой руцэ — па кропцы на чатырох пальцах. Гэта абрэвіятура ЛОРД — легавым отомстят родные дети. На гэтай жа руцэ ў скуру над косткамі пальцаў у Вікі запампаваны вазелін: "Гэта лічыцца халоднай зброяй!" — кажа яна і ўдарае па лаўцы. Мы заходзім у рэстаран.

Віка расказвае, як у інтэрнаце, дзе яна апынулася ў 9 гадоў, "пайшла па нахільнай". У 10 гадоў упершыню паспрабавала алкаголь — віно, тады ж закурыла. Уцякала з дзіцячага дома. На ўцёках была і тады, калі Любоў Пятроўна вызвалілася і прыехала забіраць дзяцей.

— Дрэнна там было. Там білі, — кажа Віка.

У 11 гадоў яе згвалтавалі трое знаёмых хлопцаў.

— З нашай агульнай кампаніі... Я з імі добрыя мела зносіны, яны мне дапамагалі. Ніколі ў жыцці я не падумала б, што гэтыя людзі схільныя, што яны глядзелі неяк па-іншаму на мяне. Таму што "А, малая, сястрычка, дружа". У асноўным заўсёды "сястрычка". Яны мяне згвалтавалі. Трое. Мне тады было 11 гадоў.

Натуральна, потым суд быў. Аднаго з іх зачынілі, а дваіх родныя выцягнулі. Адзін з іх потым працаваў канваірам у жодзінскай турме. Як цяпер гэта памятаю, памятаю яго твар... Ён папрасіў прабачэння. Я кажу: "Ды добра, Бог з ім!"

— Вы даравалі?

— Вядома.

— Чаму?

— Таму што я лічу, што трэба ўмець дараваць людзям. А Бог сам усё аддае. Жыццё — гэта бумеранг.

Схавацца

Упершыню Віка трапіла ў турму ў 16 гадоў: разам з таварышам абрабавала дом.

— Ну што ўкрала, блін? Украла... Карацей, мы залезлі ў хату... Я стаяла на шухеры. А саўдзельнік мой залез у сам дом. І ён адтуль выцягнуў шапкі дзедаўскія, кепкі, штаны, абутак, старадаўняе... Для чаго гэта? Я сама не ведала, што гэта наогул за фігня была. Не трэба было гэтага ўсяго рабіць!

Ёй далі два гады ўмоўна. Але па правілах нельга наведваць масавыя мерапрыемствы, а 16-гадовай Віцы вельмі хацелася на дыскатэку.

— Калі зрабілі замену пакарання, шчыра сказаць, я думала, што яны пажартавалі, што мамка мая пажартавала. Што мама зараз прыйдзе і мяне забярэ [у той час Любоў Пятроўна ўжо вызвалілася з калоніі. — Еўрарадыё].

Але мама не прыйшла. Віка апынулася ў калоніі. Там яе прынялі добра.

— Яны калі пачулі, як я іграю на гітары... Ой, усё! Я была душой кампаніі.

Жанчына прызнаецца, што першы тэрмін нічаму яе не навучыў. "Турма — гэта не страшна" — гэтую фразу яна паўтарае некалькі разоў. Другі раз Віка трапіла ў калонію ледзь не наўмысна. Пасварылася з мамай, уцякла з дому, паехала ў іншы горад да сяброўкі. Але разумела, што ісці няма куды, а на дварэ зіма. Таму Віка ўкрала з інтэрната сяброўкі вопратку, сама патэлефанавала ў міліцыю і прызналася ў крадзяжы.

— Мне не патрэбны быў гэты крадзеж, вы ж зразумейце! Але я гэта зрабіла наўмысна, таму што ў мяне не было выйсця, мне не было куды проста тупа ісці. А паколькі я пабыла на малалетцы, я разумела, што магу схавацца туды, хаця б на зіму. У мяне не было іншага выйсця. Мама не прымала. Зіма — куды я пайду? Ну вось лагічна!

Вікторыя Пятровіч са сваім пляменнікам Уладам / Аляксандр Васюковіч, Еўрарадыё

Ёй зноў далі два гады ўмоўна. Але праз некаторы час замуж сабралася сястра, вяселле Віка прапусціць не магла. Яна спазнілася на апошні аўтобус і не паспела своечасова прыехаць у камендатуру. Як вынік — назад у калонію.

— Часта, калі ў мяне пачынаецца пераддэпрэсіўны стан, я думаю... Я вельмі часта думаю пра манастыр. Таму што мне цяжка ў гэтым свеце жыць, — пачынае філасофстваваць Віка. — У мяне ўсё жыццё было такое светаадчуванне. Калі яно закладзена ўнутры... Вось кажуць: гарбатага выправіць толькі магіла. Дык вось так і ёсць — як у дрэнным сэнсе, так і ў добрым, разумееце? Я не кажу, што я святая. Мы ўсе не святыя, мы ўсё не без граху.

— А як вас турма змяніла?

Віка смяецца.

— У сэнсе — турма змяніла? Турма ніколі не памяняе чалавека. Чалавек які ён ёсць, такі ён і ёсць. Мяне [турма] загартавала — вось гэта так. Таму што там я праходзіла прэсінг. Прасавалі мяне як асуджаныя, так і адміністрацыя. Але я не хаваю, што вельмі ўдзячная, нават не пабаюся вымавіць... Ён зараз начальнік калоніі ПК-24. Курловіч Дзмітрый Мікалаевіч. Я ўдзячная яму за тое, што ён быў са мной вельмі строгі, нават залішне. Але вось тое, што вы бачыце, у тым ліку яго заслуга.

— Гэта значыць, усё-ткі калонія вас памяняла?

— Поменяла не зона. Ён [Дзмітрый Курловіч. — Еўрарадыё] загартаваў мяне... Ён бачыў, што я добры чалавек. І я скажу, што адразу не разумела і вельмі злавалася на яго. Я яго ненавідзела да такой ступені, што трындзец проста! Але я не ўмею доўга злавацца. Ведаеце, як запалка: яе запаліш, яна прагарыць трошкі і патухне. Я вельмі ўдзячная вам, Дзмітрый Мікалаевіч, што, як бы ні было, вы побач былі. Недзе вельмі строгія са мной, але я вельмі шчыра і ад усёй душы вам удзячная.

Віка ўпэўнена кажа, што ў калонію больш не трапіць. Яна больш не хоча пазбавіцца волі. І музыка дапамагае.

— Скажу шчыра, я ўжо шосты год як на волі, за гэты час я ўжо магла б трапіць туды не раз. Але я разумела: а які сэнс, калі я траплю? Што зменіцца? І як я пагляджу ў вочы адміністрацыі, якая паказвала іншым асуджаным маё інтэрв'ю? Які я падам прыклад? Не, хлопцы і дзяўчаты, не чакайце мяне! Не чакайце мяне, мае харошыя. Я як была на волі, так і буду. І жадаю ўсім вам адумацца і не трапляць туды больш! Усё толькі ў вашых руках!

Чатыры нажавыя

Трэці раз Віка села ў турму за забойства. Яна пачынае расказваць, але хутка асякаецца і кажа, што гэта занадта балючая тэма дагэтуль. Яна згадвае нават, што зламала мужчыну чацвёртае і пятае пярэднепадмышачныя рэбры, што ўдарыла нажом чатыры разы і менавіта чацвёрты стаў смяротным.

— У мяне нават у думках не было забіваць гэтага чалавека, таму што я яго першы раз бачыла. Ён скокнуў, карацей, да маёй сяброўкі з нажом. Я перахапіла гэты нож, паваліла яго на падлогу, нанесла чатыры... Карацей, нагамі першапачаткова. Біла яго нагамі. І нанесла чатыры нажавыя.

І я да гэтага часу вельмі раскайваюся ў гэтым. Вельмі. Але, дзякуй богу, мне даравалі. Дараваў яго сын, даравала пляменніца. Ну, жонка яго і тады на мяне не злавала. Яна нават не хацела, каб мяне зачынялі ў турму.

У жаночых калоніях, як і ў мужчынскіх, ёсць людзі, якія супрацоўнічаюць з адміністрацыяй. Віка кажа, што ніколі так не рабіла. Інакш апынулася б на волі значна раней.

Сябровак у няволі яна не знайшла.

— Я была сама па сабе. Якія могуць быць сяброўкі там? Сябрам чалавека назваць, трэба шмат... прыяцелек мала было. Са ста працэнтаў толькі адзін працэнт нармальны.

Дзмітрый Мікалаевіч [Курловіч] заўсёды казаў мне: "Пятровіч, ты за сваю справядлівасць, са сваёй сумленнасцю ўвесь тэрмін будзеш пакутаваць. Ты будзеш сядзець да канца тэрміну". І я добра памятаю свае словы: "Я лепш буду сядзець да канца, але я ніколі не памяняюся. Я якая ёсць, такая і буду. І выйду такой, як бы мяне хто ні ламаў.​

— Што вам зараз дапамагае трымацца на волі?

Віка прыкметна ажыўляецца і з ходу адказвае:

— Музыка, мае прыхільнікі... Як гэта правільна гаворыцца... Ну, карацей, людзі! Падтрымка людзей! Мае планы, мае мары і тое, што яны паціху ажыццяўляюцца. Я хачу сказаць вялікі дзякуй усім маім прыхільнікам і нізкі паклон за тое, што ўсе яны былі побач у цяжкія перыяды. Яны нават дапамагалі мне фінансава. Дзякуючы ім я выжыла. Я вельмі люблю іх! І не ўяўляю свайго жыцця без іх!

19 кастрычніка на ютуб-канале ўкраінскага шоу "Х-фактар" з'явілася відэа з выступам Вікі. Для журы яна выканала сваю песню "Я такая, как и все".

— Я марыла ўдзельнічаць у "X-фактары"! Гэта вельмі-вельмі даўняя мая мара. Я скажу больш: я калі сядзела ў калоніі, я глядзела. Сяду вось так і гляджу! Аж заглядвалася. І я нават плакала, таму што ўвесь час думала: "Як я хачу пабываць на "X-фактары"!" Я проста марыла. Я гаварыла пра гэта, што мне б туды, што я так мару, так хачу. Ніхто ў мяне не верыў з асуджаных, многія мне не верылі.

Мы вяртаемся дадому да Вікі. 

Калі рабаваць, то швейцарскі банк!

— Я іх трымала ў вожыкавых рукавіцах. Патрабавала з іх па поўнай: наколькі любіла, настолькі і патрабавала, — баба Люба расказвае, як выхоўвала дзяцей. — Каб яны пісьменнымі былі, каб бедным дапамагалі, абаранялі слабейшых. Некалі мы жылі ў іншым месцы, у кватэры. І ўвесь час іх крыўдзілі. Ну, ведаеш, "цыганяты-цыганяты", лупілі ўсё іх. І я ім казала: не ўступайце ў бойкі. Потым пачалі мае дзеці прыходзіць з фінгаламі. Але гэта ж дзеці, я ж не пайду да іх бацькоў на разборкі. Я ім сказала: "Так, дзеці. Крыўдзяць вас беспрычынна? Давайце здачы!" Пачалі мае дзеці даваць здачы — пачаўся ў мяне канфлікт з суседзямі.

Любоў Пятроўна на кухні гатуе каву / Аляксандр Васюковіч, Еўрарадыё

У размову ўрываецца Віка. Яна працягвае свой тэлефон і з шырокай усмешкай кажа: "Бачыш, як мне прыхільнікі пішуць? "Ты разумнічка і малайчына, любім цябе".

Любоў Пятроўна працягвае. Яна расказвае, што яе нябожчык сын Лёня сядзеў "за батоны".

— Я лічу: украў, узяў, вызваліўся — ты ў шакаладзе, не трэба табе садзіцца. А ты за нейкую дробязь сеў, за капейку, здароўе страціў, выйшаў — і зноў з голым... І зноўку — опять весна, опять грачи, опять тюрьма, опять... Далей ведаеце.

— Калі рабаваць, то швейцарскі банк! — дадае сястра Вікі Каця. — А наогул, лепш за ўсё нармальна працаваць, як усе.

— Я з Вікай згодная. Калі чалавек не захоча сябе выправіць, яго зона не выправіць, — падводзіць рысу пад размовай Любоў Пятроўна. — Паглядзі, колькі вяртаецца — рэцыдыў, рэцыдыў, неаднакратнікі. Вяртаюцца, таму што ім такое жыццё падабаецца. А чаму? Скажу. Грамадства не прыняло. Магчыма, на траціну зоны было б менш, калі б ставіліся да гэтых людзей, якія ўпершыню спатыкнуліся, далі магчымасць ім выправіцца... Там, у зоне, такія пытанні ставяць. Там людзі сапраўды працуюць.

Я на зоне не стала ні з кім звязвацца. Я адно ўбіла ў галаву: мне трэба выйсці і забраць дзяцей. Яны пацярпелі з-за мяне, з-за таго, што я палезла кагосьці ратаваць, і пры гэтым не падумаўшы аб наступствах, што будзе з маімі дзецьмі, разумееш? Я зараклася, што забяру дзяцей і туды не вярнуся.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.