Паедзем цябе закопваць — расіянін Ягор Дуднікаў распавёў, як яго затрымлівалі

Ягор Дуднікаў / фота з сацсетак
Ягор Дуднікаў / фота з сацсетак

Расіянін Ягор Дуднікаў, затрыманы ў Мінску па падазрэнні ў "арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак", праз адваката расказаў, як адбывалася затрыманне і пры якіх абставінах ён даваў паказанні. Яго аповяд публікуе "Новая газета".

Дуднікава затрымалі 4 траўня, калі ён ішоў з крамы. Уцячы ён не змог.

"Я адразу зразумеў, "што да чаго": працаваў ГУБАЗ, не шкадуючы рук, — білі нагамі і рукамі пры затрыманні. Крычалі: "Дрэнь, дабегаўся?". У мяне ўсё ў вачах пацямнела", — распавядае Дуднікаў.

Назіралі за затрыманнем, па яго словах, і супрацоўнікі КДБ, але яны ў адрозненне ад ГУБАЗа "паводзілі сябе інтэлігентна".

Пасля затрымання быў ператрус. Хлопец здымаў кватэру ў пенсіянера, "дзеда", як ён яго называе.

"Я быў у паніцы, мяне падванітоўвала, але пры гэтым істэрыкі не было. Калі "шманалі", пасадзілі на калені, сказалі маўчаць. Але я зрэдку гаварыў з дзедам і паглядаў на котку Аэліту. Я разумеў, што магчыма яе больш не ўбачу, і развітваўся з ёй", — распавядае Ягор.

Калі яго нарэшце пасадзілі ў машыну, "сказалі, што паедуць закопваць. "Саджаць бульбу" —  так пажартаваў адзін з іх".

Прызнанні і АНТ

На першым допыце ў КДБ адваката не было, затое былі "двое мужчын у балаклавах". Ягор кажа, што "баяўся і казаў тое, што ім трэба". Праз страх, што зноў будуць біць, даў доступ да тэлефона і сацсетак. За гэта яму дазволілі паспаць да раніцы на крэсле ў кабінеце.

Раніцай "чэкісты фактычна прымусілі мяне напісаць яўку. Сказалі, што калі не напішу, то мяне прызнаюць тэрарыстам і згнояць у турме, я не ўбачу маму, сваю дзяўчыну. А калі напішу, то дэпартуюць у Расію, і я ўсё забуду як страшны сон", — распавядае Ягор.

25 траўня яму далі тэкст і сказалі вучыць словы. Гэта былі адказы на пытанні, якія ён павінен быў агучыць на камеру АНТ. Запіс адбыўся 28 траўня.

"Прасілі сказаць так: "Я, Дуднікаў Ягор, вядомы як Злойбэт. Вы лохі, балаболы, я расчараваны ў вас і я супрацоўнічаю са следствам", — узгадвае хлопец. Праз некалькі дзён яго перавялі ў СІЗА на Валадарскага.

У адной камеры з Бабарыка

Дуднікаў распавёў, што ў СІЗА КДБ сядзеў у адной камеры з Віктарам Бабарыкам і Рыгорам Кастусёвым.

"Адносіны з сукамернікамі добрыя, яны сталі мне ледзь ці не дзядулямі, падвучыў беларускую мову", — расказвае Ягор.

Па сутнасці абвінавачванняў, вылучаных у дачыненні да яго ён паведаміў, што "толькі агучваў відэаролікі, тэксты даваў Дыз — адміністратар телеграм-канала". Ён падкрэсліў, што рабіў за ўзнагароджанне. У тых роліках былі "заклікі выходзіць на вуліцу і на прамы фізічны кантакт з супрацоўнікамі праваахоўных органаў".

Напярэдадні мама Ягора распавяла ў інтэрв'ю Еўрарадыё, што спецыяльна прыехала ў Мінск з Саратава, каб сустрэцца з сынам, але ўбачыць яго так і не змагла.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі