“Падыміце рукі, хто збіраецца інвеставаць грошы ў Беларусь… Вас усяго чацвёра?!”

“Падыміце рукі, хто збіраецца інвеставаць грошы ў Беларусь… Вас усяго чацвёра?!”

28 верасня на інвестыцыйным форуме ў Мінску пяць соцень разумных людзей у пінжаках і пры гальштуках шукаюць адказ на кароткае, але вельмі складанае пытанне: як пераканаць замежнікаў укладваць грошы ў Беларусь. Сярод гасцей форума шмат топавых чыноўнікаў. Збольшага, яны поўныя аптымізму. Аляксандр Ярашэнка — колішні намеснік міністра эканомікі, які ў снежні 2016 года ўзначаліў беларуска-кітайскі тэхнапарк, хваліцца поспехамі:

“Калі браць агульныя ўкладанні ў інфраструктуру нашага парка (сродкі ўкладвае кіруючая кампанія, Рэспубліка Беларусь) і сродкі, якія ўкладваюць самі інвестары ў будаўніцтва сваіх аб’ектаў — укладанні ў саму тэрыторыю склалі каля $300 млн”.

Але калі тыя ж чыноўнікі пачынаюць абмяркоўваць дэталі — як стварыць у Беларусі ўмовы для “доўгіх” грошай, як ажывіць рынак каштоўных папер ці як прыцягнуць інвестыцыі ў сферу IT — аптымізм рэзка заканчваецца. І ёсць ад чаго: глядзіце, што адбываецца, калі супрацоўніца Facebook Ганна-Марыя Трэнева неспадзявана перарывае нязручным пытаннем прыгожую прамову адваката Дзяніса Алейнікава:

Дзяніс Алейнікаў: “Калегі, заканчваю гэты доўгі ўводны маналог. Першае пытанне…”

Ганна-Марыя Трэнева: “А можна ў залы запытацца? Колькі чалавек тут прадстаўляюць кампаніі і фонды, якія інвестуюць у Беларусь? Калі можна, падыміце рукі”.

(паўза)

Дзяніс Алейнікаў: “Чатыры”.

У "прэзідыуме" тут жа жартуюць, што ў Беларусі не заведзена падымаць руку, калі ў цябе ёсць грошы. 

Хто ўсе гэтыя людзі? Відэа: АНТ

Але карцінка ад гэтага не змяняецца: толькі чацвёра з прыкладна 70 ўдзельнікаў дыскусіі пра IT-сектар прыйшлі ў залу, бо прадстаўляюць інвестараў! Чаму так мала? Ганна-Марыя Трэнева сама ж адказвае на пытанне, якое ўзняла.

Ганна-Марыя Трэнева: “Такія форумы мусяць праходзіць не ў Мінску. Калі вы хочаце прыцягнуць інвестыцыі з-за межаў Беларусі, форумы мусяць праходзіць не ў Мінску, а ў Лондане. І, можа быць, не трэба такой [вялікай] залы. Трэба паклікаць FMO [Нідэрландскі банк развіцця. — Еўрарадыё], Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця. Паклікаць 20 чалавек, і з імі абмеркаваць, што трэба, каб яны прыцягнулі грошы”.

Дыпламатычны Аляксандр Чэкан, венчурны партнёр інвестыцыйнай кампаніі Haxus (руку не падымаў, бо сядзеў сярод спікераў на сцэне) быццам бы апраўдваецца за наш урад: трэба праводзіць форумы і там, і тут. Прысутныя пачынаюць абмяркоўваць беларускі бізнес-клімат. IT-прадпрымальнік Юрый Мельнічак, які нядаўна прадаў сваю кампанію AIMatter карпарацыі Google, выказвае меркаванне, што, нягледзячы на ​​ўсе намаганні манетарных уладаў, беларускі бізнэс-клімат па-ранейшаму, хутчэй, адпуджвае, чым прыцягвае інвестараў.

Юрый Мельнічак: “Інвестыцыйны рынак Беларусі ўсё яшчэ вельмі страшны і вельмі незразумелы. Калі мы пачытаем навіны, там пішуць, што інвестараў кідаюць за краты. У такіх умовах інвестыцыйныя фонды баяцца прыходзіць. Але тыя, якія ёсць, мяняюць імідж у станоўчы бок”.

“Падыміце рукі, хто збіраецца інвеставаць грошы ў Беларусь… Вас усяго чацвёра?!”
Юрый Мельнічак. Фота: Imaguru

Палепшыць сітуацыю мусіць “Дэкрэт пра ПВТ 2.0”. Ці, як яго назваў у кулуарах форума першы віцэ-прэм’ер Васіль Мацюшэўскі, “дэкрэт аб “цыфравізацыі” беларускай эканомікі”. Дакумент цяпер ляжыць на стале ў Аляксандра Лукашэнкі, таму распрацоўшчыкі маўчаць пра яго змест як рыбы. Але ў той жа час, не спыняючыся кажуць пра тое, як неабходны такі дакумент беларускай эканоміцы, і рэкламуюць цудадзейнае ўздзеянне, якое, як мяркуецца, ён акажа на сферу IT.

Дзяніс Алейнікаў: “Вытворчасць, рэальны сектар не створаць працоўных месцаў. Іх “з’ядуць” робаты і тэхналогіі. Але з’явяцца новыя працоўныя месцы ў тэхналагічным сектары, у IT. Але, дзе яны будуць размяшчацца, на якой тэрыторыі? Сёння мы разумеем, што нікога нельга прымусіць прыехаць да нас і рабіць IT-бізнес, ці прымусіць не з’язжаць ад нас, каб рабіць IT-бізнес дзе-небудзь яшчэ. Усе эканомікі пачалі гонку прававых юрысдыкцый для стварэння камфортных умоў для IT”.

Дэкрэт мусіць істотна спрасціць дакументазварот, які вымушаныя весці беларускія айцішныя кампаніі. Пачаць гаспадарчыя адносіны з карпарацыяй накшталт “Фэйсбука” можна будзе, проста зарэгістраваўшы там акаўнт. Усё — падатковая будзе лічыць вашы прыбыткі легальнымі. Тое, што дамовы можна будзе складаць без пячатак, не ўкладваецца ў галовы чыноўнікаў. Інсайдары кажуць, што ледзь не кожнае палажэнне дэкрэта выклікае супраціў, і дакумент літаральна вісіць на адным валаску.

Інвестары патрэбныя беларускай эканоміцы, і Лукашэнка гэта добра разумее. Пару дзён таму ён засяродзіў на інвестыцыях размову з брытанскім міністрам па справах Еўропы і Амерыкі сэрам Аланам Данканам. “Мы створым самыя зручныя і выгадныя ўмовы для бізнесу”, — сказаў тады кіраўнік краіны. Хочацца запытацца: а для ўсіх астатніх інвестараў — што? Стандартныя нязручныя ўмовы і несучаснае заканадаўства, плюс разуменне, што калі ты своечасова не зразумееш тонкасцяў, цябе могуць і пасадзіць?

Як у той показцы: не, з такім настроем ты слана не прадасі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі