Падпіска на дзяржгазеты “з мэтай забеспячэння дакладнага інфармавання грамадзян"

Падпіска на дзяржгазеты “з мэтай забеспячэння дакладнага інфармавання грамадзян"

“З мэтай забеспячэння дакладнага інфармавання грамадзян аб сацыяльна-эканамічным развіцці рэспублікі Беларусь і з пачаткам падпісной кампаніі на 1-е паўгоддзе…” — і далей пералік газет ("СБ — Беларусь сегодня", “Рэспубліка”, “Звязда”, “Народная газета”, “Мінскі кур’ер”, “Вячэрні Мінск”), на якія варта падпісацца арганізацыі.

Такія прапановы, ад якіх ну проста немагчыма адмовіцца, атрымліваюць арганізацыі Ленінскага раёна сталіцы. Тэкст складалі ў аддзеле эканомікі раённай адміністрацыі, а спецыяліст Ганна Кухлеўская, што рабіла рассылку, тлумачыць Еўрарадыё словы пра “забеспячэнне дакладнага інфармавання”:

Чыноўнік: Вы не так зразумелі, гэта пра тое, што мы даем праўдзівую інфармацыю пра выданні, цэны…

Еўрарадыё: І?

Чыноўнік: І пра тое, што газеты даюць праўдзівую інфармацыю… Але ў нас у краіне, пэўна, няма такіх газет, якія б давалі непраўдзівую інфармацыю...

Высвятляем, што спецыяліст не выпісвае дамоў газеты — “на працы хапае”.

Яно і зразумела: каб выпісаць на паўгода ўсе выданні (а іх шэсць), трэба 4,5 мільёны рублёў — заробак звычайнага настаўніка ў школе! Кошт аднаго выдання сягае амаль мільёна!

Папера пра падпіску "з мэтай забеспячэння дакладнага інфармавання грамадзян" падпісаная намеснікам старшыні адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска Валерыем Вараніцкім. У размове з Еўрарадыё спадар Вараніцкі гаворыць, што пажадана выпісаць усе выданні і па магчымасці… у некалькіх экземплярах:

Чыноўнік: “Чытаць газеты — гэта агульнадзяржаўная задача! Газета — гэта настольная кніга для мяне. Прыходжу дамоў і чытаю газеты”.

Еўрарадыё: Дык вам жа, напэўна, на працу гэтыя газеты прыходзяць?

Чыноўнік: І дома чытаю, і на працы! 

Падпіска на дзяржгазеты “з мэтай забеспячэння дакладнага інфармавання грамадзян"

Цікаўлюся, чым першы намеснік старшыні адміністрацыі Ленінскага раёна займаецца акрамя чытання газет. Чыноўнік прапануе прыйсці да яго на прыём.

Як высветліла Еўрарадыё, адміністрацыя Ленінскага раёна Мінска выпісвае па некалькі экземпляраў не толькі “СБ”, “Рэспублікі”, “Звязды”, але і шэраг іншых выданняў кшталту “Культуры” “Жыві як гаспадар”, “Дырэктара”, таксама ў некалькіх экземплярах. Фінансуецца такая падпіска, зразумела, з бюджэтных грошай.

Для даведкі: падпісвацца ці не падпісвацца на выданне — гэта асабістая справа кожнага чалавека ці арганізацыі. Ніякіх нарматыўных дакументаў, што рэгулююць падпіску або прымушаюць абавязкова падпісвацца на нейкія выданні, не існуе.

 

 

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі