Падчас прэзідэнцкай кампаніі гродзенская апазіцыя хоча працаваць разам

Форум палітычных і грамадскіх арганізацый прайшоў у нядзелю ў Гродне. "Скаардынаванасць усіх сілаў з’яўляецца абавязковай умовай для атрымання перамогі”, — запісана ва "Ўхвале", за якую адзінагалосна прагаласавалі дэлегаты.  "Зразумела жаданне людзей працаваць разам, бо гэта супольная праца паказала сваю эфектыўнасць, — пракаментаваў Еўрарадыё старшыня абласной арганізацыі БНФ "Адраджэнне” Сяргей Мальчык. — Мы каардынавалі падзел на акругі і назіранне на мясцовых і парламенцкіх выбарах. Тое, што зараз адбываецца з кандыдытамі ў прэзідэнты, не задавальняе прадстаўнікоў рэгіёнаў. Мы мусім ісці з рознымі кандыдатамі і рабіць выбар паміж імі. Жаданне дапамагчы Мінску вызначыцца з больш агульнай стратэгіяй і мае на мэце прыняцце Ухвалы".

Перад рэгіянальнымі актывістамі прыехалі выступіць Аляксандр Мілінкевіч, Рыгор Кастусёў, Яраслаў Раманчук і Юрый Глушакоў. Кандыдата ад БХД Віталя Рымашэўскага замяняў Георгій Дзмітрук. З боку гродзенскай супольнасці было шмат пытанняў пра магчымасць зняцця кандыдатаў на карысць адзінага. Пазіцыі намеснікаў партый “Зялёныя” і БНФ гучаць прыкладна аднолькава: “здымемся пры ўмове, што гэты чалавек будзе адстойваць прынцыпы маёй партыі і праграмы”. Аляксандр Мілінкевіч гатовы саступіць толькі прабеларускаму кандыдату з каштоўнасцямі “дэмакратыя”, “незалежнасць”, “еўрапейскі шлях”. Яраслаў Раманчук лічыць, што адзіны кандыдат вызначыцца пасля рэгістрацыі.

Прадстаўнік руху "За свабоду” з Мастоў Васіль Клімовіч лічыць, што актывісты ў ягоным горадзе здолеюць дамовіцца паміж сабой, за якога кандыдыта ў прэзідэнты ўрэшце будуць агітаваць мастаўчан:

"У плане палітычнай дзейнасці ў нас дастаткова моцны рэгіён. І я думаю, што калі лідары не прымуць адзіную стратэгію, мы на месцы абмяркуем і вырашым, за каго і як будзем агітаваць падчас прэзідэнцкай кампаніі".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі