Вы тут

Пад Мінскам затрымалі мужчын, якія зламалі сківіцу сталічнаму маршрутчыку

Кадр з відэа

Праваахоўнікі затрымалі мужчын, якія зламалі сківіцу мінскаму маршрутчыку. Знайсці іх дапамаглі відавочцы. Пра гэта парталу tut.by распавёў кіраўнік фірмы-перавозчыка Аляксей.

"Пасля таго, як пра напад невядомых паведамілі ў СМІ, мне пачалі пісаць і тэлефанаваць людзі. Сёння каля 11.00 Hyundai і Mercedes заўважылі на трасе М1 у Мінскай вобласці, ехалі яны ў бок Масквы. Я адразу затэлефанаваў у 102 і паведаміў пра гэта. Быў абвешчаны план "Перахоп", гэтых людзей затрымалі і адвезлі ў Барысаўскі РАУС", — кажа мужчына.

Па словах Аляксея, кіроўцу, на якога напалі мужчыныу, паспяхова зрабілі аперацыю. Ён пачуваецца нармальна.

Відавочца затрымання Арцём распавёў журналістам, што аўтамабілі правапарушальнікаў спынілі каля Смалявічаў. "Дзве машыны ДАІ з уключанымі мігалкамі ўзялі Hyundai і яшчэ адну цёмную машыну ў "каробачку" — стаялі спераду і ззаду іх. Быццам бы нехта ляжаў на капоце белага аўто" — падзяліўся падрабязнасцямі хлопец.

Як распавядала Еўрарадыё, інцыдэнт адбыўся 24 кастрычніка на вуліцы Арлоўскай. Аўтамашыны Hyundai і Mercedes з расійскімі нумарамі заблакавалі ў першай паласе маршрутку №1077. Мужчыны з гэтых аўто выцягнулі кіроўцу маршруткі, адзін стукнуў яго ў твар, а другі трымаў, каб кіроўца не супраціўляўся.

Пасля нападу мужчыны ўцяклі, а маршрутчык звярнуўся ў лякарню, дзе ў яго дыягнаставалі пералом сківіцы.