Вы тут

Пачуў "Міліцыя" і крыкнуў у адказ "З народам!" — Вінаградаў пра сваё затрыманне

Павел Вінаградаў / Еўрарадыё

Актывіст Павел Вінаградаў, якога ўчора беларускі суд асудзіў на пяць гадоў калоніі, апублікаваў у Facebook пост пра тое, як яго затрымлівалі. Гэта было 22 снежня.

Перш за ўсё Вінаградаў паведаміў, што ўжо стаіць на ўліку "як асоба, схільная да праявы агрэсіі, захопу закладнікаў, нападу на супрацоўнікаў адміністрацыі, экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеянняў", што асуджаны па трох артыкулах КК і любіць жэлацінавых мішак.

У той дзень, паводле яго слоў, ён збіраўся на гутарку да следчага, калі пачуў на вуліцы галасы.

"Вось, — думаю, — татка мой — нядобры чалавек. Зноў прывёў да мяне кагосьці без папярэджання. А я заняты наогул, я ў турму збіраюся". Потым чую, як адкрываюцца першыя дзверы: "Міліцыя!!" — расказвае Вінаградаў.

Калі адкрыліся другія дзверы і пачуўся другі крык "міліцыя", Павел, паводле яго слоў, "не знайшоў нічога лепшага, чым крыкнуць: "З народам!" у адказ". Сам ён пры гэтым падумаў, што жарт атрымаўся "бліскучым". Але, мяркуючы па ўсім, не вельмі своечасовым.

"Але ад такога павароту ачмурэў не толькі я. Чалавек за браняваным шчытом, мабыць, таксама. Таму што ён проста стаіць у праёме і маўчыць", — успамінае Вінаградаў. Ён таксама пастаяў некаторы час, пачакаў, калі яго візаві крыкне "на падлогу", не дачакаўся і вырашыў легчы сам.

"Думаю, ці мала чаго ён маўчыць. Можа задумаўся. Я ж ведаю, што рабіць. Ну і лёг. Далей ты ведаеш, дарагі Фэйсбук", — заканчвае свой аповед Павел. Ён яшчэ раз нагадаў, што самыя доўгачаканыя для яго прывітанні — гэта сала і цукеркі.

Вінаградава судзілі за эмацыйны допіс у Фэйсбуку па трох артыкулах КК. Яго абвінавацілі ў распальванні варожасці, арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама ў паклёпе на прэзідэнта.

Вінаградаў — блогер, тэлевядоўца, актыўны ўдзельнік дэмакратычнага руху. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.