Па загадзе Лукашэнкі раней вярталі кошты на паліва і хлеб з малаком

Па загадзе Лукашэнкі раней вярталі кошты на паліва і хлеб з малаком

22 лютага Аляксандр Лукашэнка слухае даклад аб падатковай палітыцы і нечакана выказвае абурэнне з нагоды тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі.

"Начапіце кайданкі тым, хто не выканаў даведзеныя па маім загадзе тарыфы, — заяўляе Лукашэнка. — Начапіце і публічна пасадзіце дзясятак-другі чалавек. Усё стане на свае месцы. Тут павінен быць спіс, хто гэтую "балду" прыдумаў. Хопіць з імі жартаваць. Мы тут нешта лічым, плануем, а яны робяць усё па-свойму".

У 2011 годзе падобная сітуацыя здарылася з коштамі на паліва. Тады “Белнафтахім” павысіў кошты на бензін аж на 30%. Натуральна, гэта выклікала хвалю абурэнняў у аўтааматараў і ў некаторых гарадах Беларусі прайшлі масавыя акцыі “Стоп-бензін”. Але Аляксандр Лукашэнка выкрыў сквапнасць “Белнафтахіма” і “адматаў” кошты назад:

“Давайце дамовімся, — прыказаў кіраўнік краіны, фактычна прывязваючы кошт да курса долара. — Паліва ад заўтрашняй раніцы будзе не 5200-5100 рублёў, а максімум 4500! І да 1 студзеня. Калі ў нас курс застанецца 4500, калі 5000 — значыць, да 1 студзеня будзеце працаваць па коштаўтварэнні, за квартал, дадаючы па 2-3%, калі гэта трэба будзе, але не на 30%”.

Што праўда, не прайшло і пяці месяцаў, як кошты на паліва перакрочылі 30-адсоткавы рубеж. Можна спаслацца, што на той момант курс долара быў блізкім да 9 тысяч, але ж кошты нафтапрадуктаў для Беларусі не змяняліся.

Падобнае адбывалася і на пачатку прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі, у 1994 годзе. Тады малады яшчэ кіраўнік Беларусі “адкручваў” кошты на харчовыя тавары, якія падняў урад, “скарыстаўшыся” ад’ездам Лукашэнкі ў Сочы.

"Першы сур'ёзны канфлікт паміж мной і Лукашэнкам паўстаў увосень 1994-га года, калі ўрад, каб спыніць эканамічны хаос і выратаваць вытворцаў, падняў кошты, — узгадвае ў сваёй кнізе тагачасны прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Чыгір. — Лукашэнка даведаўся пра гэта ў Сочы і загадаў мне да 10.00 наступнага дня ўсё вярнуць назад. Экстранна вярнуўся ў Менск, са мной сустракацца не стаў, паехаў прама на тэлебачанне".

"…Я прыйшоў да прэзідэнта і сказаў: усё валіце на мяне. Новыя кошты засталіся, за выключэннем хлеба, малака і ды падобнага".

Кошты вярнуліся, але зноў жа, ненадоўга. Праз некалькі месяцаў яны выраслі ўжо больш сур’ёзна. Такім чынам, можна выказаць здагадку, што ў сакавіку сумы ў жыроўках беларусаў зноў зменяцца. Але пакуль няясна, у які бок і ці надоўга.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі