Па добрай волі: хто і за што ваюе ў замежным легіёне Украіны

Брытанскія добраахвотнікі перад адпраўкай на ўсход Украіны на галоўным чыгуначным вакзале ў Львове, Украіна, 5 сакавіка 2022 года / REUTERS
Брытанскія добраахвотнікі перад адпраўкай на ўсход Украіны на галоўным чыгуначным вакзале ў Львове, Украіна, 5 сакавіка 2022 года / REUTERS

Ужо на трэці дзень вайны прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі абвясціў пра стварэнне замежнага легіёна, які будзе асобным падраздзяленнем у складзе Узброеных сіл Украіны. Першыя заяўкі сталі паступаць у той жа дзень. "Гэта будзе ключавым сведчаннем вашай падтрымкі для нашай краіны. Дамо свету шанц і абаронім Украіну, спынім акупантаў разам!" — сказаў Зяленскі. Пра тое, хто і за што ваюе ў замежным легіёне Украіны, расказвае выданне "Спектр".

Міністр замежных спраў Украіны Зміцер Кулеба 6 сакавіка паведаміў, што ва Украіну паступіла каля 20 тысяч заявак ад замежнікаў з 52 краін. Праз два тыдні гэтая лічба павялічылася да 40 тысяч. Аднак колькі з гэтых кандыдатаў былі ўхваленыя і прынятыя ў замежны легіён, украінскія афіцыйныя асобы не раскрываюць. Па словах Антона Мірановіча, спікера Нацакадэміі сухапутных войскаў Украіны, колькасць кандыдатаў у некалькі разоў перавышае патрэбу УСУ.

"Цяпер у нас ёсць тая лічба, якую планавалі",адзначыў ён.

Па словах прадстаўніка замежнага легіёна нарвежца Дам'ена Магру, у добраахвотніцкім падраздзяленні больш за ўсё грамадзян ЗША, Вялікабрытаніі, Польшчы, краін Балтыі, Канады, Нарвегіі, Фінляндыі і Даніі. Грамадзяне гэтых краін складаюць каля 70-80% добраахвотнікаў. "Голас Амерыкі" са спасылкай на прадстаўніка амбасады ЗША ва Украіне паведамляў, што сярод тых, хто падаў заяўкі, было прыкладна тры тысячы амерыканцаў.

По доброй воле: кто и за что воюет в иностранном легионе Украины
25-гадовы Джэрыка Скай з Лос-Анджэлеса рыхтуецца перасекчы польска-ўкраінскую мяжу і ўступіць у замежны легіён УСУ. 7 сакавіка 2022 года / Adam Gray / SWNS / Scanpix / LETA

Грамадзян Расіі і Беларусі ў замежны легіён не прымаюць. Ва УСУ тлумачаць гэта нежаданнем рызыкаваць іншымі добраахвотнікамі ў выпадку, калі сярод расійскіх або беларускіх валанцёраў апынуцца дыверсанты. Аднак у гэтым выпадку гаворка менавіта пра замежны легіён, які ёсць часткай УСУ. Пры УСУ ва Украіне дзейнічае таксама асобны беларускі батальён імя Кастуся Каліноўскага і добраахвотніцкія атрады, якія не ёсць частка Узброеных сіл Украіны.

Для таго каб сістэматызаваць звароты замежнікаў і забяспечыць іх першаснымі інструкцыямі, Міністэрства замежных спраў Украіны запусціла спецыяльны сайт fightforua.org. Працэдура ўступлення ў легіён выглядае наступным чынам. Добраахвотнік звязваецца з амбасадай Украіны ў сваёй краіне. Потым прыходзіць туды на сумоўе з ваенным аташэ. З сабой неабходна ўзяць асабістыя дакументы, у тым ліку тыя, якія пацвярджаюць вайсковы досвед або службу ў паліцыі і досвед удзелу ў баявых дзеяннях. Пасля праходжання сумоўя кандыдат павінен напісаць заяву на добраахвотную службу па кантракце ва УСУ. Гэты кантракт прапануе тыя ж умовы праходжання службы, што і для ўкраінскіх вайскоўцаў, уключаючы грашовае забеспячэнне. Заключаецца ён на тэрмін дзеяння ўказа прэзідэнта аб ваенным становішчы. 26 сакавіка ён быў падоўжаны на 30 сутак.

По доброй воле: кто и за что воюет в иностранном легионе Украины
Беларускі полк "Пагоня", які ваюе на баку Украіны, паказаў, як трэніруюцца навабранцы / Еўрарадыё

Расходы на дарогу да Украіны даводзіцца аплачваць самім добраахвотнікам. Рэкамендуецца ўзяць з сабой экіпіроўку, шлем, бронекамізэльку, зброю ўвозіць забараняецца. Прыбыўшы ва Украіну, добраахвотнік павінен з'явіцца на пункт збору.

Тэрмін паміж прыбыццём добраахвотніка ва Украіну і адпраўкай на фронт можа складаць ад некалькіх дзён да двух-трох тыдняў, у залежнасці ад падрыхтоўкі і досведу замежніка. Міраненка прыводзіць прыклад інструктажу, які праводзіцца: "Ёсць прадстаўнікі французскага легіёна, якія ўмеюць добра карыстацца супрацьтанкавымі сістэмамі з Францыі. Але яны не заўсёды сутыкаліся з NLAW або Javelin. Для гэтага і патрэбна дадатковая падрыхтоўка".

По доброй воле: кто и за что воюет в иностранном легионе Украины
Вайсковец украінскага войска з супрацьтанкавай зброяй NLAW на лініі фронту на поўначы Кіеўскай вобласці. 24 сакавіка 2022 года / REUTERS / Gleb Garanich / Scanpix / LETA

Матывацыя, з якой едуць добраахвотнікі, розная. Хтосьці расказвае пра тое, як прыняў рашэнне, убачыўшы расстрэл расійскім танкам машыны з цывільнымі. Кагосьці натхнілі ўкраінскія вайскоўцы, якія далі рашучы адпор расійскаму войску. Ёсць і больш складаныя тлумачэнні. Англічанін Мэт з Нотынгема бачыць вайну ва Украіне ў гістарычнай перспектыве.

"Гэта нагадвае 1936 год, калі ў Іспаніі пачаўся фашызм. І хоць тады туды паехала шмат людзей, гэтага аказалася недастаткова. Калі б удалося спыніць фашызм у 1936 годзе, мы маглі б пазбегнуць 1939 года. Вось як гэта цяпер адчуваецца. Калі мы гэта зараз не спынім, можа так скласціся, што барацьбу давядзецца працягнуць нашым дзецям",сказаў ён у інтэрв'ю СNN.

У процівагу такім тлумачэнням ёсць замежнікі, якія ў адказ на пытанне пра прычыны, што заахвоцілі паехаць ва Украіну, адказваюць максімальна агульнымі фразамі, як, напрыклад, брытанец Лі Доўсан. У інтэрв'ю Sky News, знятым ля амбасады Украіны ў Лондане, ён тлумачыць сваё рашэнне так: "Мы маладыя, моцныя, спартыўныя хлопцы. Чаму б і не паехаць?"

Сярод добраахвотнікаў, якія прыехалі ва Украіну, ужо ёсць і тыя, хто стаў сапраўднымі зоркамі ў сацсетках. Ветэран войска ЗША з Канектыкута Джэймс Васкес завёў твітар на наступны дзень пасля пачатку вайны, дзе абвясціў пра рашэнне далучыцца да войска Украіны. Цяпер у яго больш за 280 тысяч падпісчыкаў. На сваёй старонцы ён падрабязна асвятляе ваенныя будні, расказваючы пра мінулыя баі або захоп палонных. Сярод яго папулярных твітаў — публікацыя пра тое, як ён узрадаваўся, знайшоўшы ў чужой краіне родную кока-колу і чыпсы, а таксама расказ пра тое, як яго прыняў украінскі акуліст і адмовіўся браць грошы за прыём.

Для многіх рускамоўных добраахвотнікаў з краін былога Савецкага Саюза дапамога Украіне выглядае як магчымасць аказаць супраціў краіне, якую яны ўспрымаюць як каланіяльнага агрэсара на іх радзіме. Лідар чачэнскага добраахвотніцкага батальёна імя Джахара Дудаева Адам Асмаеў лічыць, што тое, што адбываецца, — гэта працяг вайны, якую Расія пачала ў Чачні каля 30 гадоў таму. "Гэта проста працяг той вайны. Гэтая тое самае войска, гэта тыя самыя ваенныя злачынцы. Фронт, груба кажучы, перамясціўся на 600 кіламетраў ад Каўказа", — сказаў ён у інтэрв'ю "Крым.Реалии".

Сама Расія прыцягненне добраахвотнікаў ваеннымі структурамі Украіны усяляк асуджае. Афіцыйная прадстаўніца МЗС РФ Марыя Захарава паабяцала, што краіны, якія будуць накіроўваць добраахвотнікаў ва Украіну, "панясуць адказнасць". Прадстаўнік расійскага Мінабароны генерал-маёр Ігар Канашэнкаў заявіў, што замежныя найміты па міжнародным гуманітарным праве не ёсць камбатантамі. "Яны не маюць права на статус ваеннапалоннага", — сказаў Канашэнкаў, дадаўшы, што самым станоўчым для іх канцом пры затрыманні будзе прыцягненне да крымінальнай адказнасці.

Гэта не перашкодзіла міністру абароны РФ Сяргею Шайгу далажыць прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну, што жаданне далучыцца да расійскіх вайскоўцаў ва Украіне выказалі 16 тысяч добраахвотнікаў з Блізкага Усходу. Пуцін прапанаваў "пайсці гэтым людзям насустрач". Па словах Шайгу, добраахвотнікі з Блізкага Усходу выказвалі гатоўнасць ехаць ваяваць не за грошы, а "па сапраўдным жаданні".

У той жа час BBC паведамляла, што ў сацсетках Сірыі можна знайсці мноства прапаноў узяць удзел у баявых дзеяннях на перадавой за $7 тысяч або атрымліваць па $3,5 тысячы за працу ў тыле. Пры гэтым многія сірыйцы вымушаныя згаджацца на такія кантракты, каб звесці канцы з канцамі.

Урады заходніх дзяржаў у большасці сваёй або падтрымалі, або, прынамсі, не перашкаджалі сваім грамадзянам адправіцца ваяваць ва Украіну. Міністр замежных спраў Вялікабрытаніі Ліз Трас у першыя дні вайны заявіла, што народ Украіны змагаецца не толькі за сваю краіну, але і за Еўропу, таму, калі людзі хочуць падтрымаць Украіну, яна іх у гэтым таксама падтрымлівае.

Яе канадская калега Мелані Жалі выказалася больш акуратна, сказаўшы, што канадцы павінны самастойна прымаць рашэнне пра ўступленне ў інтэрнацыянальны легіён. Пры гэтым дадала: "Скажу дакладна, мы ўсе цяпер падтрымліваем любую форму падтрымкі Украіны". Улады Латвіі нават прынялі спецыяльны закон, які дазваляе грамадзянам краіны далучыцца да ўкраінскага войска ў якасці добраахвотнікаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі