Орда: Праца кандыдата на пасадзе прэзідэнта і ёсць яго выбарчая кампанія

Орда: Праца кандыдата на пасадзе прэзідэнта і ёсць яго выбарчая кампанія

Аляксандр Лукашэнка атрымліваць кандыдацкае пасведчанне ў ЦВК не прыйшоў. За яго гэта робіць кіраўнік ініцыятыўнай групы старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда.

 

Еўрарадыё: Па вашых разліках ― колькі адсоткаў атрымае ваш кандыдат Аляксандр Лукашэнка на выбарах?

 

Міхаіл Орда: Адсотак будзе вялікім. Бо людзі разумеюць, што вырашаецца лёс нашай дзяржавы. І людзі падтрымалі дзеючага прэзідэнта менавіта як мудрага і моцнага палітыка. Людзі за яго аддалі вялікую колькасць галасоў падчас збору подпісаў, таму, што ён ніколі не сыходзіў ад праблем і заўсёды браў адказнасць за сваю краіну, за свой народ.

 

Еўрарадыё: Што для вас азначае “вялікі адсотак”? Для некага і 20 адсоткаў галасоў будуць “вялікім адсоткам”…

 

Міхаіл Орда: Мы не будзем зараз казаць пра нейкія адсоткі ― пакажуць выбары. Гэта права людзей. Мне падаецца гэта правільным: што мы не будзем сёння з вамі нейкія лічбы называць. Не трэба гэтага рабіць за людзей , яны ўсё скажуць на выбарах. 

Орда: Праца кандыдата на пасадзе прэзідэнта і ёсць яго выбарчая кампанія

Еўрарадыё: А за каго б вы галасавалі на гэтых выбарах, калі б не былі кіраўніком ініцыятыўнай групы Лукашэнкі?

 

Міхаіл Орда: Ну, зразумела, за прэзідэнта! За Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку. Гэта пытанне можна было нават і не задаваць!

 

Еўрарадыё: Вам давялося цягнуць паперкі з часам і датамі выступу вашага кандыдата па радыё і тэлебачанні ― наколькі вялікая верагоднасць удзелу Лукашэнкі ў дэбатах?

 

Міхаіл Орда: Сёння Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка зарэгістраваны кандыдатам. Будзе кандыдатам створаны адпаведны штаб. І штаб будзе прымаць рашэнне на гэты конт.

 

Еўрарадыё: Ці будзе ваш кандыдат на час выбарчай кампаніі сыходзіць у часовы адпачынак? Пакіне замест сябе на гэты месяц да выбараў выконваючага абавязкі…

 

Міхаіл Орда: Гэта права самога кандыдата і права самога Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Але сёння як можна краіну на самацёк кідаць? Кожны дзень трэба займацца пытаннямі, праблемамі, заробкамі, заводамі, прадпрыемствамі… Так што, Аляксандр Рыгоравіч будзе выконваць абавязкі прэзідэнта ў поўным аб’ёме.

 

Еўрарадыё: Такім чынам, ён, фактычна, не будзе праводзіць выбарчую кампанію?

 

Міхаіл Орда: Так гэта ж і ёсць выбарчая кампанія: як працуе кандыдат на пасадзе прэзідэнта! І вынік той працы, якую ён выконвае. Гэта і ёсць яго і перадвыбарчая кампанія, і праца.

 

Еўрарадыё: Але адмысловыя сустрэчы з выбаршчыкамі будуць праводзіцца?

 

Міхаіл Орда: Ён штодня сустракаецца з выбаршчыкамі: з людзьмі, з грамадзянамі Беларусі. А гэта ж і ёсць выбаршчыкі! Ён з імі штодня і сустракаўся і надалей будзе сустракацца.

 

Еўрарадыё: Ці ставіцца за мэту, апроч перамогі, прызнанне вынікаў выбараў на Захадзе?

 

Міхаіл Орда: Ведаеце, гэта, увогуле, нашы выбары. І выбары нашага народа. Наша заканадаўства мы выконваем на практыцы ― не было ж падчас збору подпісаў ніякіх заўваг і ў бок ініцыятыўных груп, і агулам па зборы подпісаў. І праваабарончыя арганізацыі, і міжнародныя місіі сказалі, што заканадаўства цалкам выконвалася. Я думаю, што і надалей усё будзе ісці роўна і па законе. У адпаведнасці з заканадаўствам.

 

Еўрарадыё: Не пралічваеце варыянты, што выбары будуць сарваныя нейкімі знешнімі ці ўнутранымі фактарамі?

 

Міхаіл Орда: А што ў гэтым ёсць неабходнасць? Мы сёння адкрытыя для дыялогу, адкрытыя для ўсіх міжнародных місій: прыязджайце, назірайце, глядзіце. А калі нешта будзе правакаваць і парушаць закон, то, вядома, будзе дадзеная ацэнка. Закон нельга парушаць нікому ― усе павінныя выконваць закон! 

Орда: Праца кандыдата на пасадзе прэзідэнта і ёсць яго выбарчая кампанія

Еўрарадыё: Пытанне да старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіла Орды: недзе адбываюцца скарачэнні працоўных, недзе яны працуюць не поўны тыдзень, недзе нават заробкі зразаюцца ― што для абароны працоўных сёння робяць прафсаюзы?

 

Міхаіл Орда: Найперш, прафсаюз ― гэта тая арганізацыя, якая стаіць на абароне правоў працоўных і сацыяльных гарантый. Мы сёння бачым карціну, якая складаецца не толькі ў нас, але і на тых рынках, якія з’яўляюцца для нас традыцыйнымі. І мы можам гаварыць, рукамі махаць, але ёсць аб’ектыўныя прычыны і мы гэта сёння людзям тлумачым. Калі сёння Расія да 60% з таго, што ў нас набывала, не набывае з-за эканамічных праблем ― значыцца, мы не можам прадаць тое, што вырабляем. Значыцца, менш грошай прыходзіць на прадпрыемствы. Тое самае і з Украінай, і з іншымі краінамі СНД. Да цяпер ва ўсім свеце адбываецца глабальны крызіс! У гэтай сітуацыі мы абавязаныя новыя рынкі знаходзіць. І Урад сёння для гэтага вельмі маштабна працуе. Але і самі людзі разумеюць: бываюць перыяды, калі трэба падставіць плячо дзяржаве. Бо калі было дастаткова грошай, то дзяржава іх не шкадавала: дапамагала і з будаўніцтвам, і з крэдытамі, і з усім астатнім. Гэта наша краіна і наша дзяржава. Калі сёння мы будзем раскачваць лодку, то нікому ад гэтага добра не будзе. Мы бачым прыклады вакол нас і некаму гэтага хочацца. Але людзі павінны разумець, што сёння стабільнасць і спакой залежаць ад нас саміх.

 

Еўрарадыё: Атрымліваецца, што калі чалавека звальняюць, то прафсаюзы…

 

Міхаіл Орда: Ва Украіне крычалі, лодку раскачалі, а цяпер людзі не разумеюць: хто там кіруе, як кіруе, куды вядзе краіну і ці будзе ўвогуле краіна?! Вось, як атрымліваецца, разумееце?

 

Еўрарадыё: Простаму чалавеку, якога звальняюць з працы, не важна, што адбываецца ва Украіне ― ён пра іншае думае.

 

Міхаіл Орда: Звальняюць, не звальняюць ― гэта ўся ж такі агул! А трэба гаварыць канкрэтна і прадметна! Калі сёння недзе людзі звальняюцца, то мы, як прафсаюзы, прапаноўваем перанавучанне, перазанятасць. І сёння мы працуем на апераджэнне. Можна толькі канстатаваць і пра нешта заяўляць, а мы працуем канкрэтна ў гэтай частцы! Ёсць каса ўзаемадапамогі, калі мы людзям дапамагаем. Так што не трэба. Сёння прафсаюзы шмат працуюць на тое, каб мінімізаваць і аказаць дапамогу працоўным. 

 

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі