Онлайн і фотарэпартаж з "Чарнобыльскага Шляху" ў Мінску

"Чарнобыльскі шлях-2009" прайшоў па сцэнары, які прапанавалі сталічныя ўлады. Арганізатары акцыі пагадзіліся на яго, у тым ліку, і з-за малой колькасці людзей, што прыйшлі да Акадэміі навук — ад 800 да 1000 чалавек 14:50. Каля 500 чалавек застаюцца каля капліцы. Акцыя скончылася малітвай за ахвяраў чарнобыльскай катастрофы і спяваннем гімну “Магутны Божа”.
Напрыканцы шэсця 80-гадоваму дзядулі стала дрэнна і яго забралі медыкі. Людзі пачалі разыходзіцца.

14:35 Большасць дэманстрантаў дабраліся да Чарнобыльскай капліцы, дзе зараз будуць узгадваць чарнобыльскую катастрофу.

14:25 Усё праходзіць вельмі мірна. На чале дэманстрантаў да капліцы ідуць... міліцыянты. Затрыманняў практычна няма, гэтую інфармацыю пацвердзіў Павал Севярынец і Лявон Баршчэўскі, які з'явіўся ў калоне.

14:15 Людзі падыходзяць да Чарнобыльскай капліцы. Ніякіх сутыкненняў не адбылося. Людзі ў цывільнай вопратцы вельмі пільна апякалі антыглабалістаў. Калі тыя раптам скрочылі каля ўніверсама "Рыга", за імі адразу ж пабеглі хлопцы са спартовым целаскладам і спынілі іх. Людзей крыху паменела. Зараз іх прыкладна 800 чалавек.

14.10. Галава калоны ўжо дайшла да вуліцы Куйбышава, яна рухаецца па ходніках вуліцы Сурганава да Чарнобыльскай капліцы

14.00. “Маладая Беларусь” спыніла ўдзел у акцыі. Лідэр руху Артур Фінькевіч заявіў, што не бачыць сэнсу ўдзельнічаць у акцыі, паводле вызначанага ўладамі маршруту, паведамляе Радыё Свабода.



13:55. Дэманстрацыя дайшла да пэракрыжавання вуліц Якуба Коласа і Хмяльніцкага. Тут вельмі шмат аўтазакаў і ланцуг спецназу перакрывае шлях да цэнтру сталіцы. Антыглабалісты правялі незвычайную акцыю. Яны спініліся вырашылі пайсці ў адваротны ад цэнтра бок. Адразу ж з аўтазакаў выбеглі спецназаўці і перакрылі гэты шлях.

13.46. Удзельнікі "Чарнобыльскага шляху" рухаюцца па вуліцы Хмяльніцкага ў бок Чарнобыльскай капліцы. Пляцоўка каля Акадэміі навук апусцела, там засталіся толькі міліцэйскія начальнікі ды спецназаўцы.



13:37 Віктар Івашкевіч і іншыя арганізатары павялі калону па вуліцы Хмяльніцкага. Частка людзей застаецца каля Акадэміі Навук. Але спецназаўцы таксама не сыходзяць, таму людзей каля Акадэміі застаецца ўсё меней і меней.

Апазіцыйныя лідэры знаходзяцца ў калоне, якая ідзе па вуліцы Хмяльніцкага. Дагэтуль невядома, дзе знаходзіцца Лявон Баршчэўскі, якога звезлі ў машыне прадстаўнікі Мінгарвыканкама, нібыта, паказваць маршрут шэсцю.







13.36. Угодкі Чарнобыля ў Віцебску адзначаюць паляваннем на падазроных



13:29 Спецназ на даў прайсці людзям да плошчы Бангалор праз плошчу Якуба Коласа.
Віктар Івашкевіч заявіў, што шэсце пойдзе па вуліцы Багдана Хмяльніцкага. Але удзельнікі Чарнобыльскага шляху пакуль застаюцца на ходніках праспекта Незалежнасці



13:17. 83-гадовы Павел Васільевіч Іваненка, былы жыхар адной з адселеных вёсак у прамым эфіры Еўрарадыё: "Я прыйшоў сюды па клічу сэрца. Для мяне Чарнобыль — гэта пералом жыцця, радзімы, вёскі, усяго. Я жыў недалёка ад Брагіна. Я не баюся спецназу, думаю ён не будзе нас сёння чапаць".

13.15. Удзельнікі "Чарнобыльскага шляху" пакінулі пляцоўку каля Акадэміі навук і спрабавалі рухацца ходнікамі ў бок плошчы Якуба Коласа. Аднак ходнікі перакрыў спецназ, праспект — машыны ДАІ і аўтазакі

У аднаго з ўдзельнікаў акцыі здарылася эпілепсія. Хуткая да яго ехала 10 хвілін.

12.59. Лявона Баршчэўскага прадстаўнікі ўладаў пасадзілі ў машыну і павезлі, нібыта, паказваць маршрут шэсця. Удзельнікі акцыі чакаюць каманды і пакуль знаходзяцца каля Акадэміі навук. Сябры "Моладзі БНФ", АДС пашыхтаваліся ў 100-метровы ланцуг, асобна стаіць група антыглабалістаў. Як сказаў прадстаўнік "Моладзі БНФ" Сяржук Семянюк у эфіры Еўрарадыё, сябры яго арганізацыі "будуць рабіць максімальныя спробы дайсці да "Чарнобыльскай капліцы".
 
12.57. Міліцыя ўварвалася ў мінскі офіс "Хартыі-97"
Міліцыя ўварвалася ў мінскі офіс Хартыі-97. Вось што распавяла Еўрарадыё рэдактарка сайта "Хартыі" Наталля Радзіна:
"Гэта кватэра, якую я здымаю. Іх цікавіць чаму тут стаяць кампутары, і што можна за імі зрабіць. Гэта крымінальны вышук і аддзел па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі. Пакуль перапісваюць пашпартныя дадзеныя, абяцаюць разабрацца па справядлівасці".



12:45 Плошча сцішылася, таму што паэт Ўладзімір Някляеў чытае свае вершы.
З апазіцыйных лідэраў з’явіліся яшчэ Сяргей Калякін і Аляксандр Бухвостаў. Міліцыі ў форме вельмі мала. Ёсць людзі ў цывільным, якія здымаюць акцыю на камеры.

12.30. Прадстаўнік мінскай міліцыі папярэдзіў старшыню Партыі БНФ Лявона Баршчэўскага пра адказнасць у выпадку, калі шэсце пойдзе па іншым маршруце, а не тым, што прапанавалі сталічныя ўлады. У сваім выступе Баршчэўскі адзначыў, што шэсце пойдзе ўсё ж па маршруце, прапанаваным уладамі - па вуліцы Сурганава. Ён заклікаў людзей не паддавацца на правакацыі і паводзіць сябе вельмі асцярожна.

12.25. На пляцоўцы каля Акадэміі навук пачаўся мітынг. Выступае прафесар Іван Нікітчанка. Ён распавёў, што сітуація з радыяцыяй яшчэ больш складаная чым ў 1986 годзе. Ён асабіста праводзіў даследаванні ў 24 рэгіёнах краіны і ўсе былі забруджаныя.

12.21. На акцыі гучыць "Народны альбом". Каля Акадэміі Навук з’явіліся Павел Севярынец, Анатоль Лябедзька і Віктар Івашкевіч. Паводле некаторых звестак, шэсце збіраецца ісці ў бок плошчы Бангалор.

12.11. У Мінску сонечнае надвор’е. На пляцоўцы сабралося каля 800 чалавек, аўдыторыя вельмі розная, ёсць нават анархісты. Разгорнутыя плакаты “Мы супраць ядзернага рэактара”, “Антыатамны супраціў”. Ёсць шмат прадстаўнікоў апазіцыйных партый. Лунаюць бел-чырвона-белыя, а таксама бел-чырвона- чорныя сцягі. Міліцыі няшмат. На стаянку каля плошчы перад Акадэміяй нікога не запускаюць.Там стаіць толькі машына амбасады ЗША, трактар "Беларусь" і смеццевоз.





12.02. Дэманстранты трымаюць расцяжкі: "Еўрапейская Беларусь", "Партыя БНФ", "Не — новай АЭС", "Не — хімічнаму Чарнобылю", "Не — заводу ядахімікатаў пад Мінскам", паведамляе "Хартыя-97".

12.00. Адбыліся перамовы аднаго з заяўнікаў “Чарнобыльскага шляху”, намесніка старшыні Партыі БНФ Віктара Івашкевіча з прадстаўніком міліцыі. Прадстаўнік праваахоўных органаў папрасіў Івашкевіча скіраваць калёну па дазволеным Мінгарвыканкамам маршруце. Спадар Івашкевіч адказаў, што ўдзельнікі шэсьця ўсё ж маюць намер ісці сваім шляхам. Таксама ён зазначыў, што на пляцоўцы ля Акадэміі навук удзельнікі могуць знаходзіцца да 13.00, паведамляе Радыё Свабода.

11.53. Каля Акадэміі навук сабралося каля 300 чалавек. Толькі што падыйшла група анархістаў. Над людзьмі — бел-чырвона-белыя і бел-чырвона-чорныя сцягі. Лідэраў апазіцыі пакуль не відаць. Вакол пляцоўкі, дзе прызначаны збор удзельнікаў "Чарнобыльскага шляху", супрацоўнікі спецслужбаў здымаюць усё, што адбываецца, на камеры.

11.46. У Мінску затрымалі актывіста БХД Дзяніса Садоўскага
У Мінску раніцай 26 красавіка быў затрыманы актывіст партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Дзяніс Садоўскі. Паводле папярэдняй інфармацыі, малады чалавек нёс вуды ў раёне Плошчы Перамогі, і яго даставілі ў Цэнтральны РУУС сталіцы, паведамляе БелаПАН.

***
Пачатак акцыі запланаваны ў 12 гадзінаў на пляцоўцы перад Акадэміяй навук

***
Нагадаем, што Мінгарвыканкам спярша прапанаваў арганізатарам ісці ад Акадэміі навук да Чарнобыльскай капліцы па вуліцы Сурганава. Пасля заявы Лявона Баршчэўскага і Вінцука Вячоркі чыноўнікі пагадзіліся, што праход па вуліцы Сурганава немагчымы.

Гарадскія ўлады прапанавалі заяўнікам іншы маршрут: Акадэмія Навук - вул. Хмяльніцкага (праезная частка) - вул. Сурганава (праезная частка) - вул. Куйбышава - вул. Сурганава - Чарнобыльская капліца.

Як адзначае прэс-служба Партыі БНФ, арганізатары нязгодныя з мінскімі чыноўнікамі. Яны адзначаюць, што вуліца Сурганава нязручная для шэсця на ўсёй сваёй працягласці. У такіх умовах арганізатары адмовіліся гарантаваць бяспеку ўдзельнікаў меркаванага шэсця па названай частцы маршруту. Яны заявілі, што будуць вымушаныя прыняць рашэнне пра скарачэнне ці іншую змену яго фармату.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі