"Нясецца натоўп з закрытымі тварамі і аўтаматам": Паліна Скурко пра ператрус

Паліна Скурко / фэйсбук
Паліна Скурко / фэйсбук

Паліна Скурко — жонка кіраўніка аддзелу рэкламы і маркетынгу "Нашай Нівы" Андрэя Скурко — распавяла, як 8 ліпеня ў іх доме праходзіў ператрус.

"Мы з малым толькі ўсталі, яшчэ не адзеліся, я традыцыйна ўвешчавала яго звярнуць увагу на гаршчок. Андрэй дасыпаў. Я пачула за вокнамі галасы. Адхінаю фіранку, а там... Як у страшным сне: паміж нашай маладзенькай слівай і пясочніцай, паўз лужок з рамонкамі (сёлета Андрэй залужыў для Тамаша свае любімыя бульбяныя градкі) да нашага дома нясецца натоўп з закрытымі тварамі і аўтаматам. Гэта нагадвала сон. І як у сне я зараўла з усёй сілы: "Андрээээйка, вобшук!!! Андрэй, у нас вобшук!!!!!" Выходзіць мой муж з пакоя: "Ты нешта казала?" Некалі будзе смешна ўспамінаць, спадзяюся", — піша Паліна.

Па яе словах, муж "трымаўся агурком", разумеючы, што гэта "штатная сітуацыя".

"Шкадую, што не ўвесь час была побач, трымала яго за руку", — пераймаецца жонка Андрэя Скурко і распавядае гісторыю пра сандалік:

"Было смешна, калі Тамаш закамандаваў ісці на двор, і мы з міліцыяй шукалі яго другі сандалік. "Па-мойму, ён сам нёс яго ў бок ваннай", — паказвае адзін з панятых. "Я пагляджу", — кажа чалавек у масцы. "Вы не бачылі?" — пыталіся адзін у аднаго. І на фоне Тамаш крычаў сваёй звацельнай інтанацыяй: "Сандалік!" Другому дзядзю ён падносіў, каментуючы, усе свае цацкі. Дзядзя нават запусціў яму юлу".

Сілавікі, якія прыйшлі з вобшукам у дом Скурко, пыталіся, навошта патрэбна столькі кніг. З іх міліцыю "найбольш зацікавілі лісты Януша Радзівіла, палескія песні з нотамі, Карлас Шэрман, савецкая падлеткавая аповесць "Побеждая — оглянись"... Была яшчэ камічна-драматычная сітуацыя з удзелам літаратуразнаўчых твораў Дзмітрыя Быкава. Але яе, спадзяюся, герой раскажа ў мемуарах".

8 ліпеня Мінінфарм заблакаваў доступ да сайта "Нашай Нівы", а сілавікі прыйшлі з ператрусамі ў офіс газеты і ў кватэры супрацоўнікаў. Чацвёра з іх — галоўны рэдактар "Нашай Нівы" Ягор Марціновіч, кіраўнік аддзелу рэкламы і маркетынгу Андрэй Скурко, галоўны рэдактар часопіса "Наша гісторыя" Андрэй Дынько і галоўны бухгалтар "Нашай Нівы" Вольга Раковіч — падазраваныя па крымінальным артыкуле "Арганізацыя ці падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзел у іх". Яны затрыманыя на 72 гадзіны і знаходзяцца на Акрэсціна.

"Перажываю за майго Андрэйку, мой скарб. Увесь дом перапах чужымі парфумамі, але яны ўжо амаль выветрыліся",  — піша Паліна Скурко.

"Несётся толпа с закрытыми лицами и автоматом": Полина Скурко об обыске
Дом Скурко пасля ператрусу / фэйсбук Паліны Скурко

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі