Нямецкі пасол: Інвестарам падабаецца палітычная стабільнасць у Беларусі
Наша краіна атрымлівае вельмі высокія ацэнкі нямецкіх інвестараў з пункту гледжання палітычнай стабільнасці.
Пра гэта заявіў Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Рэспубліцы Беларусь Вальфрам Маас. Як інфармуе БЕЛТА, гэта адбылося на прэзентацыі апытання "Дзелавы клімат у Рэспубліцы Беларусь — 2014".
Дыпламат адзначыў, што пры ацэнцы якасных фактараў дзелавога клімату ў Беларусі ў 2014 годзе прадстаўнікі нямецкіх кампаній вылучылі менавіта фактар палітычнай стабільнасці ў краіне.
Штогадовае апытанне пра стан дзелавога клімату ў Беларусі праводзіцца трэці раз, пачынаючы з 2012 года. Ладзіць яго Прадстаўніцтва нямецкай эканомікі ў Мінску.
Па словах амбасадара, апытанне не прэтэндуе на ролю ўсёабдымнага, але ўсё ж яго вынікі даюць цікавы эканамічны зрэз. Вынікі апытання маюць вялікае значэнне для двухбаковых адносінаў Германіі і Беларусі, удакладніў Маас.
Фота — БелаПАН