Вы тут

Новым дырэктарам РЦАП па фрыстайле стане Сяргей Марчанка

Сяргей Марчанка і Вадзім Крывашэеў

Новым дырэктарам РЦАП па фрыстайле стане Сяргей Марчанка. Раніцай 14 верасня ў прыёмнай першага намесніка міністра спорту загаду аб прызначэнні яшчэ няма. Але гэтую інфармацыю пацвердзіў Вячаслаў Шыпароў, начальнік упраўлення кадравай палітыкі Мінспорту.

Аб звальненні папярэдняга дырэктара РЦАП па фрыстайле Вадзіма Крывашэева стала вядома 7 верасня. Па яго словах, звольнілі за "дрэнную ідэалагічную работу ў калектыве".

Вадзіма Крывашэева знялі з пасады пасля смелых выказванняў беларускіх фрыстайлістаў і галоўнага трэнера нацыянальнай зборнай Мікалая Казекі аб прэзідэнцкіх выбарах, гвалце з боку сілавікоў і палітычных рэпрэсіях у Беларусі. На гэтую тэму публічна выказваліся Аляксандра Раманоўская, Ганна Гуськова, Дзмітрый Дашчынскі.

Сяргей Марчанка да новага прызначэння ўзначальваў РЦАП па водналыжным спорце, а яшчэ раней быў начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму Наваполацкага гарвыканкама. Ёсць інфармацыя, што ягоная жонка працуе ў Адміністрацыі прэзідэнта і сябруе з Наталляй Качанавай, якая таксама жыла і працавала ў Наваполацку да прызначэння ў АП.

Дарэчы, ёсць сумневы, што ў РЦАП па водных лыжах усё ў парадку з ідэалагічнай працай — асабліва пасля спробы суіцыду галоўнага трэнера нацыянальнай зборнай па водным спорце Алега Дзевятоўскага. Пасля гэтага алімпіец Вадзім Дзевятоўскі — брат водналыжніка — апублікаваў у сябе на старонцы ў "Фэйсбуку" пост аб тым, што Аляксандр Лукашэнка — не яго прэзідэнт.

Еўрарадыё датэлефанавалася да Сяргея Марчанкі, але размаўляць з намі ён не стаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.