Ніякага "не буду тлумачыць 500 разоў!" Бацькі пра плюсы і мінусы прыватных школ

"Калі б было танней і была ўпэўненасць у заўтрашнім дні — не думалі б пра дзяржшколу" / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
"Калі б было танней і была ўпэўненасць у заўтрашнім дні — не думалі б пра дзяржшколу" / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Высокія цэны і няўпэўненасць у заўтрашнім дні — мы спыталі ў бацькоў, што ім не падабаецца ў прыватных школах. Таго, што ім падабаецца, аказалася нашмат больш.

Яшчэ год таму экс-міністр адукацыі Ігар Карпенка казаў, што прыватныя школы і дзіцячыя садкі сталі "апорнымі пунктамі каляровай рэвалюцыі". Нягледзячы на гэтыя трывожныя заявы, яны ўсё ж перажылі мінулы год. А ў пачатку гэтага навучальнага года высветлілася, што многія прыватныя ўстановы адукацыі пакуль не атрымалі сертыфікаты гатоўнасці.

Чаму, нягледзячы на трывогі і кошты, беларусы працягваюць давяраць навучанне дзяцей прыватным установам?

 

"Кожны год мы баімся, што могуць "усё пазакрываць"

Да пачатковай дзяржаўнай школы ў нашай суразмоўніцы Вольгі (імя змененае) прэтэнзій не было. А калі дачка перайшла ў 5 клас, усё змянілася.

— Гэта было неўзабаве пасля таго, як адмянілі ўступныя экзамены ў гімназію. Павялічылася колькасць класаў, не ставала настаўнікаў, набіралі каго папала, многія вакансіі не маглі закрыць. Малады настаўнік матэматыкі пастаянна казаў дзецям: ён скончыць адпрацоўку і адразу сыдзе са школы.

Вольга кажа, што дырэктара ў нейкі момант стала цікавіць толькі школьная форма і ўдзел дзяцей "у грамадскім жыцці". Цяпер дачка Вольгі вучыцца ў прыватнай школе.

Никакого “не буду объяснять 500 раз!" Родители — о плюсах и минусах частных школ
Плюсы і мінусы прыватных школ / AP: Jonathan Brady/Pool Photo

— У нас не было часу на тое, каб праседжваць пасля школы кучу часу з рэпетытарамі і наганяць упушчанае ў школе. Дачка прафесійна займаецца спортам, нам было на што выдаткаваць гэты час. І таму мы пайшлі туды, дзе можна абысціся без рэпетытараў, дзе выкладчыкі адразу даюць дзіцяці добрую базу.

Нельга сказаць, што Вольга аддала дачку ў прыватную школу зусім ужо без боязі. Яна сутыкалася і з негатыўнымі водгукамі пра такую форму навучання. Але пра тую школу, у якой цяпер навучаецца дзіця, чула толькі добрае.

— Але вырашылі паспрабаваць. Падумалі, што, нават калі зусім не спадабаецца, у дзяржшколу мы заўсёды зможам вярнуцца. У выніку ў 8 клас хадзілі ўжо ў прыватную школу. І пакуль вельмі задаволеныя.

У дачкі невялікі клас — 16 чалавек. Але яны вучацца не зусім па той праграме, па якой выкладаюць у звычайных школах. У іх няма працы, няма фізкультуры. Замест гэтага — дадатковая англійская, праграмаванне.

Прычым школа супрацоўнічае з рознымі айці-кампаніямі. Яны вучаць такія рэчы, якія былі цікавыя нават мне. Школа заточаная на вынік, на тое, каб дзіцяці было цікавае навучанне.

 

А яшчэ да заняткаў заўсёды можна падключыцца анлайн. Нават калі дзіця трохі прыхварэла, яно можа прысутнічаць на ўроку дыстанцыйна.

Цікавімся ў Вольгі, ці ўсе дзеці ў класе аднолькава матываваныя да вучобы — або гаворка, хутчэй, пра матываваных бацькоў?

Никакого “не буду объяснять 500 раз!" Родители — о плюсах и минусах частных школ
Гаворка пра матываваных дзяцей або матываваных бацькоў? / pixabay, фота ілюстрацыйнае

— Што мне больш за ўсё падабаецца ў прыватных школах — я не ведаю ніводнага з бацькоў. І пра дзяцей ведаю толькі з расказаў дзіцяці. Гэта значыць, ніякіх "бацькоўскіх сходаў".

Пры гэтым з чым у школе сапраўды строга — з паводзінамі. Ты можаш рабіць што хочаш, але не можаш перашкаджаць іншым вучыцца. І былі дзеці, якіх спярша каралі адхіленнем ад урокаў — на тыдзень, на два. А потым некалькі чалавек выключылі.

— Няма асцярогі, што цяпер дзяржава возьмецца за прыватныя школы і трэба будзе спешна пераходзіць у дзяржаўную?

— Асцярогі заўсёды ёсць. Калі вы думаеце, што мы тут усе гэтыя гады жывём без асцярог, вы памыляецеся. Кожны год мы баімся, што могуць "усё пазакрываць". Але пакуль што школа вырашае праблемы.

А пакуль дзіця не перайшло ў выпускны клас, пакуль не трэба думаць пра атэстат, мы можам сканцэнтравацца на галоўным — атрымліваць веды. Паперка нам не важная.

Але школа прайшла акрэдытацыю і пакуль можа выдаваць атэстаты.

 

"У яго было два гады без стрэсу"

Сын іншай нашай суразмоўніцы, Крысціны (імя змененае), вярнуўся з прыватнай школы ў дзяржаўную менавіта праз дыстанцыйнае навучанне. Вочнае навучанне ў прыватнай школе каштуе занадта дорага, такую суму сям'я пацягнуць не змагла. А на дыстанцыйцы за два гады дзіця засумавала.

Никакого “не буду объяснять 500 раз!" Родители — о плюсах и минусах частных школ
На дыстанцыйцы можна засумаваць / pixabay

— Мы пераходзілі ў прыватную школу праз пандэмію. Каранцін у школе не аб'яўлялі, настаўнікі хварэлі. Даходзіла да таго, што матэматыку вёў настаўнік музыкі. І мы запісаліся ў Smart School на дыстанцыйнае навучанне.

Спачатку сыну Крысціны дыстанцыйка спадабалася. Прачнуўся, паснедаў, сеў за камп'ютар — займаешся.

— Выкладчыкі ветлівыя. Інфармацыю даносяць тактоўна. А самае галоўнае — можна было задаваць пытанні. У дзіцяці быў шок: мама, можна спытаць — і табе адкажуць! А калі ўсё роўна не зразумеў, зноў перапытваеш, і настаўнік спрабуе растлумачыць ужо па-іншаму. І ніякага "гэта праграма трэцяга класа!" або "я не буду табе 500 разоў тлумачыць!" У сына было два абсалютна пазітыўныя нястрэсавыя гады. Гэта вельмі падкупляла.

 

А бацькі заўсёды маглі "падслухаць" урок.

— Памятаю, як у нашай дзяржаўнай школе дзяцей збіралі ў актавых залах, нешта там ім уціралі. Можна зайсці бацькам? Можна паслухаць, пра што вы там наогул расказваеце, чаму вы вучыце? Не, уваход у школу толькі для дзяцей.

Але праз два гады "на дыстанцыйцы" сыну Крысціны захацелася проста хадзіць у школу, бачыць аднакласнікаў. Калі б навучанне ў прыватнай школе афлайн каштавала хоць бы 200 долараў, Крысціна не думала б пра перавод у дзяржаўную. Але тую суму, якую папрасіла адміністрацыя, сям'я пацягнуць не змагла.

Давялося вяртацца ў дзяржшколу. Да выбару падышлі старанна, і ўсё роўна вяртанне сталася балючым.

Никакого “не буду объяснять 500 раз!" Родители — о плюсах и минусах частных школ
Праз два гады на дыстанцыйцы проста захацелася ў школу / pixabay

— Ён хацеў туды, чакаў, калі пойдзе ў школу, але было цяжка. Не магу сказаць нічога дрэннага: узровень адукацыі, які даюць у гэтай дзяржшколе, добры. Магчыма, у прыватнай школе іх больш шкадавалі? Задавалі не так шмат хатніх заданняў? Адзнакі ў сына добрыя, але ўсё роўна пакуль яму цяжкавата, стрэсуе.

А ад настаўнікаў мы адкрыта чулі: о, прыйшлі з прыватнай школы? Вам будзе складана! Настаўнікі лічаць, што ў прыватных школах нейкія "цяплічныя ўмовы".

 

"А потым мы не змаглі атрымаць атэстат"

Але кошт навучання — не адзіны мінус прыватных школ. Пакуль задача школьніка атрымліваць веды, праблем не ўзнікне. Але калі трэба будзе атрымліваць атэстат, можа выявіцца, што ваша школа выдаць яго не гатовая.

У такую сітуацыю трапіла сястра суразмоўніцы Еўрарадыё Людмілы (імя змененае). Дзяўчына заканчвала 11 клас у гімназіі — у горадзе існуе некалькі яе філіялаў.

У гімназіі пакуль няма дзяржаўнай акрэдытацыі. Дзіця ўсё яшчэ можа вучыцца там, але здаваць дзяржаўныя экзамены і атрымліваць атэстат павінна ў любой іншай школе, якая акрэдытацыю прайшла.

— Пад канец года нам прапанавалі атрымаць амерыканскія атэстаты. Хто хацеў гэты амерыканскі атэстат, здаў пэўную суму грошай.

 

Сястра планавала паступаць у ЗША, нам гэты варыянт падыходзіў. Але калі мы сталі займацца паступленнем, адміністрацыя пачала "сыходзіць у пясок". І ў выніку яны, прыняўшы звычайныя беларускія экзамены, выдалі а-ля "амерыканскія сертыфікаты". Такое пачуццё, што яны проста скапіявалі іх з інтэрнэту, разлічваючы, што "Амерыка далёка".

Калі мы сталі адпраўляць гэты сертыфікат у амерыканскія ВНУ, сутыкнуліся з праблемамі. Універсітэты патрабавалі пасведчанне гімназіі аб акрэдытацыі як установы адукацыі. Але калі мы прасілі гэтыя дакументы ў адміністрацыі, яны проста высылалі нам пасведчанне аб рэгістрацыі ТАА.

Пытанне вынеслі на абмеркаванне з адміністрацыяй. Гаварыць з намі адмовіліся. Высветлілася, што праблемы не толькі з легалізацыяй атэстата, але і са зносінамі.

 

"Давялося бачыць з бацькоў, якія рабілі канфлікт з нічога"

Еўрарадыё ўдалося звязацца з былым выкладчыкам гімназіі. Урокі ён больш не вядзе, але з некаторымі супрацоўнікамі працягвае падтрымліваць адносіны. Наш суразмоўца на ўмовах ананімнасці пагадзіўся расказаць нам пра сваё бачанне сітуацыі.

— Доўгія гады ў Беларусі можна было адкрываць школы, але не атрымліваць акрэдытацыю. У такім выпадку можна вучыць да 9 класа, але потым дзіця, так, пераходзіць у іншае месца. Можна вярнуцца ў 10 клас і потым зрабіць гэтаксама.

Акрэдытацыю атрымаць вельмі складана. Мінадукацыі не хоча прызнаваць, што дзяржшколы трасуць, але не так, як прыватныя. У дзяржсектары таксама можна знайсці шмат парушэнняў, паверце, і не даць акрэдытацыю.

Але ўявіце, што будзе. Скандал. У вашым раёне закрылі школу! На такое не пойдуць. А прыватніка кашмарыць можна.

 

Никакого “не буду объяснять 500 раз!" Родители — о плюсах и минусах частных школ
"А прыватніка кашмарыць можна" / фота ілюстрацыйнае, pixabay

Цяпер акрэдытацыю хочуць зрабіць абавязковай. Вось-вось прымуць закон. І ўсё ж пакуль гэта не абавязкова. І многія бацькі ўсё разумеюць. Большасць прыватных школ без акрэдытацыі, тым не менш туды ідуць. Адно з выйсцяў у канцы навучання — гэта атрыманне атэстата ў іншай краіне. Раней так рабілі праз Расію. Ведаю выпадкі, што і праз Украіну. Гімназія ў гэтых схемах не ўдзельнічала. Гэта ўжо самі бацькі, і гэта іншая тэма.

Пры мне гімназія ніколі не хавала, што няма акрэдытацыі. І людзі знаходзілі варыянты, як потым давучвацца. На самай справе гэта не праблема, калі задумацца загадзя.

Мы спыталі нашага суразмоўцу і пра блытаніну з амерыканскімі дыпломамі.

— Я разумею, пра якую канкрэтна сітуацыю з ВНУ ЗША тут гаворыцца. Усё было не зусім так. Гімназія мае права даваць такія атэстаты. Ёсць юрыдычная асоба ў ЗША. Як здаюць экзамены на такі атэстат, я не ведаю. Але ведаю, што працэдура спецыяльная ёсць. І людзям, якім гэта было трэба, усё даўно сказалі, усё даўно вырашылі. Проста хтосьці распускае чуткі. Не ведаю навошта, але ведаю, што адзін канфліктны выкладчык, які сышоў, накручвае людзей. І некаторыя бацькі, якія забралі дзяцей, таксама. Гэта літаральна дзесяць чалавек. Гэта непрыгожа і неэтычна.

Незадаволеныя заўсёды будуць. За час працы ў гімназіі давялося бачыць бацькоў, якія рабілі канфлікт з нічога або не ўлічвалі інтарэсы іншага боку. Прыклад. Мама хоча, каб сын вучыўся ў класе, дзе ёсць дзяўчаткі. А так атрымалася, што з класа адзіныя дзве дзяўчынкі з розных прычын сышлі. І што? Гімназіі тады шукаць дзяўчатак па выкліку? Ці як?

 

Никакого “не буду объяснять 500 раз!" Родители — о плюсах и минусах частных школ
Школа, фота ілюстрацыйнае / pixabay

Але мама гэтага не разумела. Пайшла на абвастрэнне. Хоць ніхто не абавязаны яе сыну шукаць дзяўчатак. Вынікам быў яе сыход са школы і ўздыхі палёгкі ў педагогаў і адміністрацыі.

Ёсць і іншы прыклад. Не падабаецца настаўнік-прадметнік. Пры гэтым мама адмаўляецца мець зносіны з гэтым настаўнікам. Ні разу яго не бачыла ўжывую. Прыйсці гаварыць вочна не захацела. Верыла, што расказваў яе сын, які на самай справе проста забіваў на домашку, спрабаваў зрываць урокі і паводзіў сябе як клоўн. Такія паводзіны дзяцей — не рэдкасць. Ёсць пэўныя псіхалагічныя прычыны. Але трэба ж такія сітуацыі вырашаць. Мама не захацела. Псіханула.

І такіх сітуацый на некалькі сотняў навучэнцаў штук 15-20 было. Па-мойму, не такі вялікі адсотак. Проста ёсць людзі, якія псіхануць, а потым супакояцца і пойдуць на перамовы. А ёсць тыя, што любяць скандаліць, не хочуць унікаць у дэталі. І ў іх шмат часу пісаць у чатах. Вось і ўсё.

 

"Не 30 чалавек у класе, а 8"

Але сярод нашых суразмоўцаў былі і тыя, хто падзяліўся пазітыўным досведам адносін з гімназіяй. Там, у гімназіі, вучыцца малодшы сын нашай суразмоўніцы Вольгі. Дзіця — інтраверт, у класе на трыццаць чалавек яму было б некамфортна. А ў класе на восем чалавек дзіця адчувае сябе спакойна.

— У Мінску шмат філіялаў гімназіі. Кожны з іх — самастойная ўстанова. Я чула, што не ўсе яны аднолькава добрыя, але наш вырас з маленькай сямейнай прыватнай школы, якая калісьці была беларускамоўнай. Цяпер навучанне перавялі на рускую мову, каб не прыцягваць увагі правяральнікаў. На беларускамоўную школу глядзелі "крыва".

Пакуль дзіця вучыцца ў пачатковай школе, мяне ўсё задавальняе. А бліжэй да выпускных класаў падумаем, як быць далей.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі