Неўзабаве беларусы змогуць судзіцца з дзяржавай у Еўрапейскім судзе?

Днямі Еўракамісія прапанавала шасці постсавецкім краінам, у тым ліку Беларусі, скласці дамову аб асацыяцыі і стварэнні новай еўрапейскай эканамічнай зоны. Што гэта? Еўропа рыхтуе чарговы крок насустрач Беларусі? Выкладчык ЕГУ, палітолаг Дзяніс Мельянцоў мяркуе, што асноўныя прывілеі з гэтай дамовы будзе мець Расія.
“Для Беларусі гэтая прапанова неадназначная”, - кажа палітолаг:

“Там у прэамбуле гэтага дакумента сказана, і чамусьці гэтага пакуль не заўважылі нашыя СМІ, гэта тое, што адносіны паміж Еўрапейскім саюзам і Расіяй у гэтай ініцыятыве з’яўляюцца прывіліяванымі. То бок, калі інтарэсы будуць сутыкацца, то натуральна, што прэферэнцыі будуць аддавацца расійска-еўрапейскім адносінам”.

Па словах спадара Мельянцова, ад нашай краіны Еўропа больш патрабуе, чым гатовая даць. Калі прапанова будзе падпісаная, Беларусь будзе вымушаная прызнаваць усе рашэнні Еўрапейскага суду. А гэта значыць, беларусы змогуць там судзіцца з дзяржавай, на што ўлады наўрад ці пойдуць:

“На мой погляд, калі казаць менавіта пра Беларусь, то там дысбаланс прапановаў і патрабаванняў. Справа ў тым, што кожная краіна, якая стане часткай гэтага ўсходняга партнёрства і падпіша дамову пра асацыяцыю, яна павінна будзе адаптаваць у сябе ўвесь корпус “аcquis communautaire” – гэта значыць увесь корпус еўрапейскага заканадаўства. Гэта законы ў самых розных галінах жыцця. Да таго ж гэтыя краіны павінныя будуць прызнаваць усе рашэнні Еўрапейскага суда, што на дадзеным этапе для Беларусі з’яўляецца абсалютна не прымальным”

Дзяніс Мельянцоў таксама адзначыў, што гэтая ініцыятыва можа выступіць для Беларусі легітымацыяй праеўрапейскіх настрояў:

“Еўрапейскі саюз у прынцыпе ўпершыню дае зразумець гэтым краінам, лідэрам гэтых краінаў і грамадствам, што дзверы ў Еўрапейскі саюз адчыненыя. Што пры выкананні пэўных умоваў гэтыя краіны могуць стаць бліжэйшымі да еўрапейскага саюзу і ў прынцыпе з перспектывай сяброўства таксама”.

Нагадаем, чакаецца, што 3 снежня прапанова Еўракамісіі будзе афіцыйна апублікавана, а 11 снежня ўключана ў палітыку ЕС на Еўрапейскім саміце кіраўнікоў краін аб'яднанай Еўропы. У чэрвені 2009 года прапаноўваецца правесці саміт Усходняга партнёрства, а затым праводзіць рэгулярныя сустрэчы службоўцаў краін ЕС і Ўсходняй Еўропы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі