Нэлі Уварава навучыла беларусаў правілам паводзінаў

Спектакль “Правілы паводзінаў у сучасным грамадстве” з Нэлі Уваравай сабраў поўную залу, нягледзячы на непрывычныя для беларусаў кошты квіткоў – 60-80 тысяч. Паўтары гадзіны гледачы назіралі за актрысай, якая чытала ім лекцыю.
Яна малявала тое, пра што гаварыла, паказвала прадметы, пра якія распавядала, мяняла строі. За ўвесь гэты час на сцэне не з’явілася ніводнага чалавека, акрамя яе. Тым не менш, увага залы была прыкаваная да дзіўнага лектара. А лектар аказаўся вясёлым і надзвычай вопытным, бо распавядаў аб правілах паводзінаў на працягу ўсяго чалавечага жыцця – ад народзінаў да смерці.

“Ад заручынаў да вяселля жаніх мусіць дарыць падарункі нявесце пастаянна – кожны дзень”, “Маладыя жанчыны не любяць пярсцёнкаў з жэмчугам: ён нагадвае ім расставанне” – такімі парадамі поўніцца лекцыя. Дарэчы, менавіта “Правіламі паводзінаў у сучасным грамадстве” Нэлі Уварава заявіла пра сябе як пра актрысу вялікага таленту, а не серыялам “Не родись красивой”. Цікава, што патрапіла ў гэты спектакль яна вельмі нечакана. Пра тое, як гэта атрымалася, распавядае актрыса.

Нэлі Уварава: “ Рэжысёр Аляксандр Назараў даў мне пачытаць гэту п’есу, бо яму проста хацелася з кімсьці яе абмеркаваць. Ён хацеў даведацца пра ўражанні ад п’есы іншага чалавека, а ставіць яе хацеў не са мной, а з дарослай актрысай. Мы вельмі доўга гутарылі з ім, бо я была вельмі ўражаная.

Хаця п’еса мяне і раззлавала: мне даводзілася па некалькі разоў перачытваць абзацы, вяртацца, каб уцяміць сэнс. Бо аўтар завуаляваў сутнасць п’есы за шматлікімі паўторамі, афарызмамі, ухіламі ўбок. Мяне яна зачапіла, мне хацелася дакапацца да сутнасці. Дакапалася! Назараў пабачыў, як загарэліся мае вочы.

І раптам, зусім нечакана нават для сябе, спытаў: “А не хочаш сыграць? Калі шчыра, я планаваў гэты спектакль з іншай актрысай. Але ты мяне зараз так пераканала...”


Падчас гастроляў Расійскага акадэмічнага моладзевага тэатра ў Мінску Уварава, канешне, успрымалася шматлікімі гледачамі праз прызму ролі Каці Пушкаровай, бо серыял у нас у самым разгары. Наколькі складана з гэтага вобразу выйсці, разважае тэатральны крытык Аляксей Стрэльнікаў.

Аляксей Стрэльнікаў: “Нягледзячы на тое, што больш знакамітай (у мас-медыя) актрысы Расійскага акадэмічнага моладзевага тэатра на сёння цяжка сабе ўявіць, тым не менш той спектакль, які прывезла Нэлі Уварава, амаль што нефарматны.

Гэта камерны спектакль. Тут ёсць такая праблема: актрыса адначасова тэатральная і “серыяльная”, і ў такіх гастролях яна вымушана існаваць усё ж у сваім пэўным медыйным амплуа. І тут ёсць небяспека згубіць сапраўдную існасць артыста”.


П’есу “Правілы паводзінаў у сучасным грамадстве” стварыў французскі драматург Жан-Люк Лагарс, а паставіў рэжысёр Аляксандр Назараў. Жанр твора акрэслены як “проста лекцыя”, аднак гэта азначэнне даволі сціплае.

Спектакль выходзіць за яго межы, бо актрыса шмат разоў пераўвасабляецца, перапыняе сама сябе, жартуе, адыходзіць ад тэмы. Чым яшчэ цікавы гэты спектакль распавядае тэатральны прадзюсар, арганізатар гастроляў РАМТа ў Мінску Уладзімір Ушакоў.

Уладзімір Ушакоў: “Спектакль з Уваравай быў створаны да яе серыяльнай папулярнасці. Яна была і застаецца вядучай актрысай РАМТа. Гэты спектакль цікавы сваёй эксперыментальнасцю. Да таго ж, сёння па пальцах можна пералічыць артыстаў, якія могуць так трымаць увагу гледача. Граць монаспектакль гадзіну так, каб гэта было па-сапраўднаму творча і цікава, вельмі складана. Гэта смелы ўчынак і вельмі значны”.

Паглядзеўшы спектакль такога ўзроўня, мінчукі могуць справядліва запытацца: калі і хто прыедзе да нас яшчэ.

Уладзімір Ушакоў: “Мы вядзем перамовы са Студыяй тэатральнага мастацтва Сяргея Жынавача. Я спадзяюся, што яны прыедуць да нас на гастролі. Так, як і РАМТ, і Малы тэатр. Таксама вядзем перамовы з тэатрам Вахтангава”.

А пакуль мы карыстаемся парадамі наконт правілаў паводзінаў у сучасным грамадстве ў самых розных жыццёвых сітуацыях і чакаем наступных гастроляў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі