"Недатыкальная свяшчэнная жывёла"? Ці можна крытыкаваць Святлану Ціханоўскую

"Значна лягчэй проста крытыкаваць кагосьці, што ён не прынёс усё на сподачку з блакітным абадком" / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
"Значна лягчэй проста крытыкаваць кагосьці, што ён не прынёс усё на сподачку з блакітным абадком" / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

"Цяпер мы атрымліваем проста вось такую свяшчэнную жывёлу, якая недатыкальная, у выглядзе Святланы Ціханоўскай і яе Офіса", не абмяжоўваецца ў выразах Анжаліка Агурбаш на стрыме Еўрарадыё. Немалая частка гледачоў навальваецца на спявачку ў каментарах. Маўляў, якое маеце права крытыкаваць і, наогул, хто вы такая?

Ці з'яўляюцца Ціханоўская і яе каманда "недатыкальнымі свяшчэннымі жывёламі" ў плане крытыкі збоку?

“Неприкосновенное священное животное”? Можно ли критиковать Светлану Тихановскую

— Нельга сказаць, што Ціханоўская і яе каманда з'яўляюцца недатыкальнымі для крытыкі, — расказвае ў інтэрв'ю Еўрарадыё аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Вадзім Мажэйка. — Па-мойму, наадварот, у апошнія гады мы чуем шмат гэтай крытыкі. Яна пачалася ўвосень 2020 года. У тым ліку і Латушка крытыкаваў Ціханоўскую за тое, што яна адмовілася ад інаўгурацыі. Крытыка была заўсёды. У Ціханоўскай няма недатыкальнасці. Наадварот, чым больш публічны палітык, чым больш ён кагосьці цікавіць, тым больш на яго абвальваецца ўсякай крытыкі.

Напрыклад, цяпер ніхто практычна не крытыкуе партыю БНФ за тое, якую пазіцыю займае партыя па санкцыях, па пратэстах. Чаму БНФ не робіць нешта, у той час як Рыгор Кастусёў у турме. Мне здаецца, БНФ павінна быць даволі сумна, што партыю амаль не крытыкуюць. Таму што, у першую чаргу, яе цяпер не ўспрымаюць як значнага палітычнага актара. Калі цябе ўсе крытыкуюць — гэта нармальна. Гэта значыць, што ты ўсіх цікавіш.

"Не ўспрымаю сур'ёзна такую крытыку"

Не так даўно пра дзеянні Святланы Ціханоўскай і яе Офіса непахвальна выказаліся Зянон Пазняк, Валерый Цапкала, Анжаліка Агурбаш, Сямён Шарэцкі, Вадзім Пракоп'еў, Павел Латушка і іншыя інфлюэнсеры і палітыкі.

— Мне апошнім часам здаецца дзіўным, калі асаблівую грамадскую ўвагу прыцягваюць пазіцыі, напрыклад, Анжалікі Агурбаш, Сямёна Шарэцкага або Дзмітрыя Шчыгельскага, — працягвае Вадзім Мажэйка. — Гэта людзі, якія альбо зусім не маюць дачынення да палітыкі, альбо мелі да яе ўскоснае дачынне або адносіліся да яе дзесяцігоддзі таму.

На мой сціплы погляд, тое, што думае наконт Ціханоўскай Анжаліка Агурбаш, мае такое самае значэнне, як тое, што наконт Ціханоўскай думае кожны асобны чалавек. Я не ўспрымаю сур'ёзна, не вывучаю падрабязна такую крытыку. Каб крытыка мела сур'ёзнае значэнне, яна павінна быць выказаная чалавекам, які мае абгрунтаваную да сябе павагу менавіта ў сваім палітычным статусе. Калі чалавек валодае сур'ёзным палітычным, грамадскім капіталам, тады яго крытыка і меркаванні па нейкіх пытаннях маюць значэнне.

Асабіста для мяне меркаванне Агурбаш у гэтым выпадку не мае нейкага асаблівага значэння. Безадносна таго, падабаецца ёй Ціханоўская ці не. Па-мойму, гэта не надта важны ўзровень для палітычнай дыскусіі.

“Неприкосновенное священное животное”? Можно ли критиковать Светлану Тихановскую
У спявачкі Анжалікі Агурбаш назапасілася нямала пытанняў да Святланы Ціханоўскай / Еўрарадыё

"Ледзь не абразы з Ціханоўскай маляваліся"

Чаму з'яўляюцца абвінаваўчыя выказванні на адрас Святланы Ціханоўскай?

— З таго, што я бачу, часцей за ўсё падстава для такой крытыкі — гэта празмернае захапленне Святланай Ціханоўскай летам 2020 года, — дзеліцца назіраннем аналітык. — Я памятаю, калі ў часе прэзідэнцкай кампаніі некаторыя людзі малявалі яе ў вобразе Жанны д'Арк. Ледзь не абразы з Ціханоўскай маляваліся ў прамым і пераносным сэнсе. Ужо тады я да гэтага ставіўся даволі скептычна.

Калі спачатку з жывога чалавека робяць паўбога, то потым часта гэтыя людзі расчароўваюцца, выявіўшы, што гэты паўбог такі самы чалавек, як і ўсе мы. Са сваімі вартасцямі і заганамі, з асаблівасцямі характару. Тыя, хто занадта моцна Ціханоўскай зачараваўся і чакае ад яе нейкіх боскіх здзяйсненняў, што яна ўзмахам рукі ўсё выправіць, зараз могуць расчароўвацца. Адсюль узнікаюць нейкія нерэалістычныя чаканні, а потым крыўды. У тым ліку ўсякае канспіралагічнае мысленне, калі проста ўсе праблемы валяць на Ціханоўскую, што ва ўсім вінаватая яна.

Мне здаецца, што Ціханоўскую крытыкуюць не за тое, за што варта было б. Сапраўды, ёсць некаторыя праблемы ў міжнароднай палітыцы. Выглядае дзіўна, калі Ціханоўская спачатку абвяшчае, што Чэхія будзе выдаваць візы беларусам, а Чэхія паведамляе, што не будзе выдаваць. Вядома, не заўсёды празрыста і адкрыта выглядае дзейнасць Офіса Ціханоўскай. У цяперашніх умовах гэта можна зразумець. Але людзі хочуць яшчэ большай адкрытасці.

Падставы крытыкаваць Святлану Ціханоўскую ёсць. Але здаровая крытыка павінна ў каманды Ціханоўскай нараджаць нейкія здаровыя рэакцыі аб тым, як можна сітуацыю палепшыць.

“Неприкосновенное священное животное”? Можно ли критиковать Светлану Тихановскую
Перад прэзідэнцкімі выбарамі 2020 года ў Беларусі: Вераніка Цапкала, Святлана Ціханоўская і Марыя Калеснікава / АР

"Адкуль Цапкала сабраў грошы, як ён іх збіраецца траціць?"

Што можна сказаць пра тых, хто атакуе Ціханоўскую?

— Даволі дзіўна чакаць ад Вадзіма Пракоп'ева або Анжалікі Агурбаш, што яны будуць адвакатаваць інтарэсы беларусаў за мяжой. І ўласна, ніхто ад іх гэтага і не чакае. Адсюль і менш крытыкі [на іх адрас. — Еўрарадыё], — кажа Вадзім Мажэйка. — Што да Валерыя Цапкалы, то я не вельмі разумею яго апошнія ініцыятывы. Ствараўся віртуальны форум для абмеркавання будучай Беларусі, але цяпер ён выглядае як нейкі маргінальны інтэрнэт-сайт, ніхто ім не цікавіцца.

Збіраўся мільён долараў на забойства Лукашэнкі. Збіраць грошы на заказное забойства — сама ідэя гучыць даволі абсурдна. Заяўлена, што ледзь не 500 тысяч сабралі. Адкуль Цапкала сабраў грошы, як ён іх збіраецца траціць? Выглядае зусім незразумелай ініцыятывай.

Цяпер — так званыя форумы дэмакратычных сіл, якія збіраюць палітыкаў другога эшалона. І там часта ўсё зводзіцца проста да крытыкі Ціханоўскай замест таго, каб абмяркоўваць нейкія добрыя ідэі. Калі адзін палітык заняты толькі крытыкай іншага палітыка, ён сам сябе ставіць на другарадную пазіцыю.

“Неприкосновенное священное животное”? Можно ли критиковать Светлану Тихановскую
Валерый Цапкала на стрыме, у часе якога былі агучаныя прэтэнзіі да Святланы Ціханоўскай і яе каманды / ютуб-канал Валерыя Цапкалы

Крытыка — гэта нармальна

Ці можна крытыкаваць Ціханоўскую, Лукашэнку, Бабарыку, Цапкалу, Пазняка і наогул любога палітыка?

— Крытычная дыскусія гэта частка дэмакратычнай палітыкі. А крытычнае мысленне гэта частка любога здаровага мыслення ў адкрытым грамадстве, — тлумачыць Вадзім Мажэйка. — Крытыка добрая тады, калі яна накіраваная на пошук новых, добрых ідэй або на іх прасоўванне.

Калі б нехта ў нармальнай дэмакратычнай сістэме прыдумаў такую ідэю і крытыкаваў Ціханоўскую за тое, што яна яе не падтрымлівае (а сам бы ён гэтую ідэю прасоўваў), то гэта, па-мойму, цалкам нармальна. Але для гэтага патрабуюцца добрыя ідэі, а з гэтым дэфіцыт. Значна лягчэй проста крытыкаваць кагосьці, што ён не прынёс усё на сподачку з блакітным абадком.

 

Што будзе, калі крытыка апынецца пад забаронай?

— Будзе беларускае [дзяржаўнае. — Еўрарадыё] тэлебачанне. Там не крытыкуюць ніякіх палітыкаў. Часам у якасці прапаганды пачынаюць крытыкаваць праціўнікаў Лукашэнкі. Але ў цэлым беларускае тэлебачанне існуе ў палітычным вакууме. Як быццам няма палітычнага жыцця, а адбываецца ўборачная кампанія, колькі намалацілі збожжа, колькі ўбралі рапсу, якія надоі, дзе адкрылі дзіцячы цэнтр і гэтак далей. І ёсць пахвала аднаго палітыка. Гэта даволі нудлівы медыйны ландшафт, нудлівая грамадская дыскусія, якая фактычна ў палітычным сэнсе адсутнічае, — рэзюмуе аналітык.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі