Небяспечны вірус падбіраецца і да Беларусі

Пакуль у нашай краіне рыхтуюцца да сустрэчы з вірусам, у Польшчы з'явіліся першыя падазроныя на захворванне Свіны грып ужо зарэгістраваны ў Мексіцы, Вялікабрытаніі, Іспаніі, Ізраілі, ЗША, Канадзе, Новай Зеландыі. Распаўсюджанне віруснага захворвання ідзе маланкавымі тэмпамі і характарызуецца высокай смяротнасцю. Вірусу ўжо нададзены чацвёрты ўзровень небяспекі з шасці магчымых. Як адзначае Сусветная арганізацыя аховы здароўя, сімптомы свінога грыпу не заўсёды праяўляюцца і іх цяжка выявіць.

Сёння вірус падбіраецца і да Беларусі. У суседняй Польшчы ўжо тры чалавекі патрапілі ў шпіталь з падазрэннямі на “свіны грып”. Аб гэтым паведаміў Еўрарадыё прэс-сакратар Галоўнай санітарнай інспекцыі Польшчы Ян Бондар.

Ян Бондар: “Двое пацыентаў ёсць у Варшаве і найбольш падазроны выпадак — у Ольштыне. Ёсць 3 асобы з падазрэннямі, але пацверджанага захворвання пакуль няма”.

Усе гэтыя людзі некалькі дзён таму вярнуліся з Мексікі. Адна жанчына нават з'яўляецца мексіканскай грамадзянкай. Калі яны пачалі адчуваць сябе кепска, звярнуліся ў мясцовыя паліклінікі, адкуль і былі скіраваныя ў адпаведныя шпіталі. Адзін з гэтых выпадкаў хутчэй за ўсё не пацвердзіцца, таму што мужчына ляжыць у адным з варшаўскіх шпіталёў ужо 13 дзён, а вірус свінога грыпу ў яго так і не выяўлены.

Беларускія медыцынскія службы ужо рыхтуюцца да сустрэчы з вірусам. Санітарна-эпідэмічная служба Беларусі ўзмацніла супрацьэпідэмічны кантроль. Галоўны дзяржаўны санітарны лекар Беларусі падпісаў пастанову пра ўзмацненне санітарна-эпідэмічных мераў і мераў гатовасці да магчымай пандэміі свінога грыпу ў свеце.

Вось што распавяла Еўрарадыё галоўны эпідэміёлаг Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан:

"У сувязі з гэтай пастановай у нас узмоцніўся санітарна-эпідэміялагічны кантроль у аэрапортах і іншых пунктах пропуска, з мэтай своечасовага выяўлення і ізаляцыі асоб з падазрэннем на захворванне. Таксама забяспечаны кантроль за станам здароўя пасажыраў, у першую чаргу дзяцей і маладых людзей, якія прыбываюць з Мексікі і ЗША. У іх праводзіцца абавязковая тэрмаметрыя цела, калі ёсць якое-небудзь падазрэнне".

Як расказаў Еўрарадыё начальнік прэс-службы Памежнага камітэту Аляксандр Цішчанка, беларускія памежнікі ў аэрапорце “Мінск” ужо выкарыстоўваюць марлевыя павязкі:

“Мы выконваем тыя рэкамендацыі, якія былі выпрацаваны ў мэтах папярэджання распаўсюджання інфекцыі. Ваеннаслужачыя і супрацоўнікі памежнай службы, якія нясуць службу ў нацыянальным аэрапорце “Мінск”, выкарыстоўваюць марлевыя павязкі. Для таго, каб пазбегнуць распаўсюджання інфекцыі, бо яна распаўсюджваецца паветрана-кропельным шляхам“.

Па словах Іны Карабан, сімптомы віруса такія ж, як і ў звычайнага грыпу:

“Звычайны грып, сімптомы нічым не адрозніваюцца ад звычайнага сезоннага грыпа, які ў нас цыркулюе. Пачынаецца захворванне з пад’ёма тэмпературы да высокіх лічбаў, на другія суткі далучаюцца кашаль і насмарк”.

Як сцвярджае Іна Карабан, лячыцца можна звычайнымі антывірусным лекамі, якія прадаюцца ў беларускіх аптэках. У сталічных аптэках Еўрарадыё сказалі, што ніякага ажыятажу пакуль не назіраецца.


Фота — РИА "Новости"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі