Не стаць Пазняком: чаму Ціханоўская не крытыкуе Расію больш жорстка

Святлана Ціханоўская / Офіс палітыка
Святлана Ціханоўская / Офіс палітыка

Беларускія дэмакратычныя сілы адразу ж асудзілі ўварванне Расіі ва Украіну, а Святлана Ціханоўская назвала Пуціна злачынцам. Але на яе адрас усё роўна можна пачуць крытыку: маўляў, яе рыторыка мякчэйшая, чым у некаторых заходніх палітыкаў. З чым гэта звязана і чаму Ціханоўская не дазваляе сабе больш жорсткіх выказванняў пра Расію? Вось што на гэты конт думае палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман:

— Гэта канфлікт інтарэсаў з пункту гледжання таго, што беларускае грамадства падзеленае на гэтую тэму, і апытанні грамадскай думкі гэта паказваюць. Ёсць вельмі шмат людзей, якія сімпатызуюць Расіі.

Ціханоўская і так ужо заняла пазіцыю. Я не ведаю, ці можа яна неяк яшчэ больш паглыбіць сваю антыкрамлёўскую пазіцыю: мне здаецца, яна ўжо не верне прарасійскі беларускі электарат. Прынамсі, у найбліжэйшай будучыні. Але я думаю, яна не хоча яшчэ далей успрымацца нейкай заходняй марыянеткай. Мне здаецца, яна хоча захаваць нейкую сувязь з сярэдзінным нейтральным беларусам, які, нягледзячы на асуджэнне вайны, ставіцца да Расіі не тое каб вельмі па-русафобску і па-антыкрамлёўску.

Эфір з Арцёмам Шрайбманам

"Войска ў выгнанні"?

Бываюць і пытанні пра тое, чаму Ціханоўская не акажа "большую падтрымку" (што б гэта ні значыла) беларускім добраахвотнікам, якія ваююць ва Украіне. Бо яны ж потым могуць "пайсці вызваляць Беларусь" — дарэчы, пра падобнае выказваўся ў эфіры Еўрарадыё і адзін з удзельнікаў батальёна Каліноўскага.

— Я думаю, тут ідзе спроба абапірацца на беларускую антываенную большасць, якая антываенная "ва ўсе бакі". Давайце будзем сумленныя: у Беларусі адсутнічае запыт на вырашэнне палітычнага крызісу ваенным шляхам, на пераход вызваленчага батальёна Каліноўскага, які зрыне беларускі рэжым. Такое фіксуюць усе апытанні, якія паказваюць, што беларусы бачаць самым лепшым шляхам выхаду з крызісу — перамовы, кансэнсусы і гэтак далей.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі