Вы тут

"Не нашкодзіць" ці "Куды ўжо горш?": як гаварыць пра палітвязняў

"Выбар заўсёды за сям'ёй і за тымі, хто сядзіць: ці гатовыя яны да нягодаў" / Еўрарадыё, ілюстрацыйнае фота

Калі вы ведаеце чалавека, які быў асуджаны па палітычных матывах, але яшчэ не быў прызнаны палітвязнем, — раскажыце пра гэты праект Politzek.me, заклікае куратарка праекта Іна Кавалёнак.

Сваякі зняволеных не заўсёды ахвотна ўзаемадзейнічаюць з медыя. Некаторыя запалоханыя пагрозамі следчых: маўляў, у выпадку залішняй агалоскі будзе "толькі горш", кажа Кавалёнак.

— Няма гарантыі, што так будзе. Але ёсць гарантыя, што, калі пра палітвязня не расказваць, да яго будзе менш увагі. У яго не будзе публічнай падтрымкі, нават эмоцый проста цяпер, не кажучы ўжо пра будучыню. Калісьці ўсё скончыцца, людзі пачнуць выходзіць — як чалавек будзе даказваць, што ён сядзеў па палітычных матывах?

Умовы мяняюцца, і трэба сваю публічную дзейнасць з гэтым суадносіць. Так, можа быць, у нейкі перыяд лепш нічога не казаць. А ўжо ў наступным месяцы, наадварот, быць публічнымі. Вядома, на пачатковых этапах публічнасць можа сутыкнуцца з зваротнай рэакцыяй: пазбавяць спаткання або перадачы.

Але нядаўна чалавека, які праходзіць па "справе студэнтаў", пазбавілі і спаткання, і перадачы. І гаворка не ішла пра публічнасць. Людзі нічога не зрабілі — і ўсё роўна пазбавілі. Выбар заўсёды за сям'ёй і за тымі, хто сядзіць: ці гатовыя яны да нягодаў.

 

Поўную версію гутаркі з Інай Кавалёнак глядзіце на канале Еўрарадыё.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.