Вы тут

Не БЧБ-сцяг аб'яднаў большасць: чаму падзенне рэйтынга сімволікі не страшнае

Пратэсты ў Мінску ў 2020 годзе / Еўрарадыё

Знізілася доля беларусаў, якія лічаць БЧБ-сцяг і герб "Пагоня" найбольш блізкімі для сябе. Па выніках сацыялагічнага апытання Chatham House, у лістападзе 2021 года 26% рэспандэнтаў адзначылі, што нацыянальныя сімвалы найбольш ім блізкія. Гэта на 8% менш, чым у верасні 2020 года.

Яшчэ 49% выбралі чырвона-зялёны сцяг і цяперашні герб (+5%). Пры гэтым 25% беларусаў не адзначылі прыхільнасці да якіх-небудзь сімвалаў (+3%).

Вынік апытання выклікаў дыскусіі ў сеціве. І вядома, іх падхапіла дзяржпрапаганда, заяўляючы, што беларусам больш не патрэбныя ніякія рэвалюцыі.

За кошт чаго ўпала падтрымка БЧБ і што гэта азначае на самай справе, разбіраемся з дырэктарам па даследаваннях Цэнтра новых ідэй, супрацоўнікам брытанскага цэнтра Chatham House Рыгорам Астапенем.
 

Дзяржпрапаганда паўплывала на ўспрыманне нацыянальных сімвалаў

Эксперт лічыць, што 8% — гэта не вельмі вялікая змена. Бо толькі статыстычная хібнасць складае 3,5%.

Стаўленне беларусаў да сімволікі / Chatham House

— З'езд на некалькі адсоткаў ацэньваецца як нешта суперстрашнае. Але варта аналізаваць тое, як дзяржаўная прапаганда паўплывала на ўспрыманне нацыянальнай сімволікі.

У 2020 годзе БЧБ-сцяг успрымаўся лепш, праз прызму канкрэтнага пратэсту. Пасля ўжо пачала працаваць прапаганда, размовы пра фашызм і гэтак далей. І яны сапраўды ўплываюць на ўспрыманне людзей.

Прапаганда па-рознаму дзейнічае на грамадства. Зацікаўленыя ў палітыцы больш схільныя разбірацца ў інфармацыі, якую атрымліваюць па пэўнай тэме.

— Чалавек, які не палітызаваны, проста чуе і думае: "Там нейкія нацысты, нейкія сцягі, не хачу ведаць і не буду ў гэта ўлазіць". Менавіта так будуецца адмоўнае стаўленне, якое ёсць сярод пэўнай часткі грамадства. Гэта праўда.

 

У 2020 годзе аб'ядналася большасць, а не аматары БЧБ

Рыгор Астапеня падкрэслівае, што беларускае грамадства занадта рознае, каб атаясамліваць прыхільнікаў пратэсту з тымі, хто лічыць БЧБ-сцяг і герб "Пагоня" сапраўднымі дзяржаўнымі сімваламі.

— Мне здаецца, калі пачынаецца дыскусія пра сцягі, яна шмат у чым зыходзіць з таго, што мы ўспрымаем людзей, якія не падтрымліваюць Лукашэнку, праз сваю прызму. Мы думаем: "Калі чалавек за БЧБ, значыць, ён не падтрымлівае Лукашэнку. Калі ён не за БЧБ, значыць, ён і не супраць Лукашэнкі".

Насамрэч беларускае грамадства вельмі рознае. Большасць, якая была ў 2020 годзе супраць Лукашэнкі, будавалася якраз на тым, што гэта былі людзі абсалютна розных поглядаў. Што яны былі і за БЧБ, і за чырвона-зялёны, і за які хочаце.

Эксперт падкрэслівае, што чвэрці беларусаў наогул усё роўна, якім будзе сцяг.

— Цяпер, калі мы спрабуем задаваць людзям нейкія стандарты: палюбі БЧБ, палюбі беларускую мову і гэтак далей, мы зноў звужаем [ва ўспрыманні долю тых, хто хацеў бы пераменаў. — Еўрарадыё].

На думку суразмоўніка, калі б у даследаванні было пытанне пра беларускую мову, вынікі былі б яшчэ больш сціплыя, чым у апытаннях пра БЧБ-сімволіку.

— Дык што, мы б сядзелі і перажывалі, што рэвалюцыя прайграла, нам трэба плакаць? Не, гэта проста грамадскія настроі. Мы бачым, што людзі ў Беларусі праўда розныя, — кажа на заканчэнне Рыгор Астапеня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.