"Называюць новымі імёнамі": Расія дэпартавала з Украіны больш за 50 тысяч дзяцей

Аб такой колькасці кажуць праваабаронцы / zn.ua
Аб такой колькасці кажуць праваабаронцы / zn.ua

Расія ўжо дэпартавала з часова акупаваных тэрыторый Украіны больш за 50 тысяч дзяцей. Аб такой колькасці кажуць праваабаронцы. У сітуацыі разбіраліся "Навіны Данбаса".

Колькі Расія вывезла непаўналетніх украінцаў

Па словах дырэктара "Інстытута стратэгічных даследаванняў і бяспекі" Паўла Лісянскага, расіяне пачалі дэпартаваць ўкраінскіх дзяцей за шэсць дзён да поўнамаштабнага ўварвання. Тады з данецкага інтэрната вывезлі першых сірот. За час вайны катэгорыі тых, каго адпраўляюць на тэрыторыю РФ, пашырылі. Цяпер гэта не толькі сіроты, але і дзеці бацькоў, якіх пазбавілі правоў. У "ЛДПР" нават стварылі спецыяльныя камісіі для пошуку непаўналетніх, якіх можна дэпартаваць у Расію. Пасля прымусовай мабілізацыі, калі многія сем'і засталіся без бацькоў, гэты працэс на Данбасе актывізаваўся.

"Баевікі ведаюць, дзе няма аднаго з бацькоў. Прыходзяць туды. Там маці з трыма дзецьмі. Яны кажуць: "Па нашым стандартах вы не можаце забяспечыць траіх. Таму аднаго аддавайце". Трэцяя катэгорыя — дзеці, якія засталіся без нагляду. Іх бацькі на заробках ці яшчэ дзесьці. Гэта ласыя кавалачкі для акупантаў. Чацвёртая катэгорыя: дзеці з бацькамі, якія былі прымусова дэпартаваныя па праграме "Суайчыннік" у аддаленыя куткі РФ", — кажа Лісянскі.

Паводле дадзеных "Міжведамаснага каардынацыйнага штаба па гуманітарным рэагаванні" па стане на 29 лістапада дзяржаўную мяжу з Расіяй перасеклі 715 тысяч 934 дзіцяці. Павел Лісянскі падкрэслівае: не ўсіх дэпартавалі прымусова, але можна дакладна казаць, што больш за 50 тысяч дзяцей вывезлі незаконна.

"Міжнародныя місіі лічылі ў асноўным дзяцей-сірот. Мы — і тых, чыіх бацькоў пазбавілі правоў. Расія рыхтавалася да прымусовай дэпартацыі. Ёсць пастанова Урада РФ з пералікам гарадоў, колькі людзей павінен прыняць кожны рэгіён. Гэта спланаваная і падрыхтаваная акцыя, накіраваная на генацыд украінскага народа", — лічыць Павел Лісянскі.

У пастанове, пра якую кажа праваабаронца, больш за ўсё украінцаў размеркавалі ў Краснадарскі край, анэксаваны Крым, Растоўскую, Белгарадскую, Курскую і Варонежскую вобласці.

У сваю чаргу, упаўнаважаная па правах дзіцяці і дзіцячай рэабілітацыі Дар'я Герасімчук кажа, што расіяне незаконна вывезлі з Украіны 13 тысяч дзяцей. Прыкладна такую ж лічбу дае і арганізацыя "Дзеці вайны". Герасімчук удакладняе, што гэта не канчатковыя звесткі.

"Некаторых дзяцей размяшчаюць ва ўстановах аховы здароўя, некаторых у дзіцячых установах. Іх максімальна распыляюць па ўсёй тэрыторыі РФ, каб нам складаней было іх знайсці. Адпраўляюць як мага далей ад Украіны, і гэта факт. Яны спрабуюць сцерці любую прыналежнасць дзіцяці да яго роднай краіны, спрабуюць сцерці яго ідэнтычную прыналежнасць", — кажа Герасімчук.

У сярэдзіне кастрычніка ў Дзярждэпартаменце ЗША заявілі, што ў аддаленыя раёны РФ было вывезена 260 тысяч украінскіх дзяцей. У Расіі з тэрмінам "дэпартацыя" вядома ж не згодныя. Тут кажуць, што непаўналетніх нібыта эвакуююць далей ад вайны. Усяго, па дадзеных Мінабароны РФ, з лютага з Украіны вывезлі каля 365 тысяч дзяцей.

Як дэпартуюць дзяцей

Па словах Паўла Лісянскага, алгарытм дэпартацыі такі: дзіця забіраюць, дастаўляюць у транзітны пункт на акупаванай тэрыторыі, адпраўляюць у часовы пункт у памежнай вобласці РФ, а потым адвозяць у канчатковае месца ў Расіі. Каб працэс праходзіў хутчэй, захопнікі загадзя падрыхтавалі спецыяльныя калідоры. Частыя выпадкі, калі непаўналетніх нібыта вывозілі на адпачынак. Пасля чаго бацькі не маглі іх забраць.

"Некаторыя бацькі, якія, нягледзячы на поўнамаштабную вайну, нядаўна адправілі з Энергадара і навакольных вёсак сваіх дзяцей у Краснадарскі край Расіі, ужо пачалі атрымліваць трывожныя паведамленні. Акупанты паставілі іх перад фактам, што дзеці "затрымліваюцца на адпачынак у Расіі на нявызначаны тэрмін", загадалі перадаць цёплыя рэчы і "супакоілі", што дзеці будуць хадзіць там у школу", — расказваў гарадскі кіраўнік Энэргадара Дзмітрый Арлоў.

Падобныя выпадкі былі зафіксаваныя ў Харкаўскай і Херсонскай абласцях.

"У Херсоне не засталося дзяцей ні ў адным дзіцячым доме. Яны ўсе былі вывезены акупантамі. Нам невядомы лёс гэтых дзяцей. Таксама невядомы лёс нашых дзяцей, якіх вывезьлі з адукацыйных устаноў. Яны паехалі на левы бераг Дняпра нібы для аздараўлення на перыяд восеньскіх канікул, але ад бацькоў патрабавалі даць дзецям на рукі арыгіналы пасведчанняў аб нараджэнні. І, па сутнасці, гэта была дэпартацыя нашых дзяцей", — кажа кіраўнік Херсонскай гарадской ваеннай адміністрацыі Галіна Лугавая.

Па словах заснавальніка арганізацыі "Выратуем Украіну" Мікалая Кулебы, толькі ў адной установе ў Анапе ўтрымлівалі некалькі сотняў непаўналетніх. Некаторых з іх удалося вярнуць ва Украіну, у тым ліку ў вызвалены Купянск.

З украінцаў робяць рускіх? 

Украінскія праваабаронцы кажуць: з дзяцей не проста робяць грамадзян РФ. Ім даюць іншыя імёны і прозвішчы. Па словах Паўла Лісянскага, мэта Масквы такая: скрадзеныя украінскія дзеці павінны павялічыць насельніцтва славянскай знешнасці ў Расіі. Падобная практыка была ў нацысцкай Германіі падчас Другой сусветнай вайны. Тады з польскіх сем'яў у нямецкія аддавалі дзяцей са светлымі валасамі і блакітнымі вачыма. Працэс вяртання непаўналетніх пасля вайны быў доўгім і складаным.

"У цяперашні час лабіруецца стварэнне Федэральнага банка дзяцей-сірот на часова акупаваных тэрыторыях Данецкай і Луганскай, Запарожскай і Херсонскай абласцей. Федэральны банк дадзеных — гэта фактычна вялікая база дадзеных дзяцей-сірот. Для тых, хто хоча усынаўляць там дзіцяці, гэта фактычна такі "супермаркет". Цяпер яны хочуць такія расійскія "супермаркеты" стварыць на часова акупаваных тэрыторыях", — кажа Павел Лісянскі.

Марыя Львова-Бялова яшчэ ў ліпені абмяркоўвала з Дзянісам Пушыліным ідэю стварэння такога банка.

Дзеці праходзяць "медыцынскую фільтрацыю"

Праваабаронцы кажуць, што Расія дэпартуе толькі здаровых дзяцей.

"Яны сваімі фашысцкімі метадамі вырашылі такім чынам: дзяцей з хваробамі і недахопамі здароўя і развіцця яны будуць пакідаць на часова акупаваных тэрыторыях. А дзецям з выдатным здароўем будуць шукаць сем'і і рассяляць ужо на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі", — кажа дырэктар грамадскай арганізацыі "Усходняя праваабарончая група" Вера Ястрабава.

Яна дадала, што "медыцынскую фільтрацыю" ўвялі пасля таго, як бацькі сталі вяртаць ўжо усыноўленых ўкраінскіх дзяцей. Такіх выпадкаў, па словах Ястрабавай, — больш за 5 тысяч. Для правядзення дыспансерызацыі ўкраінскіх непаўналетніх расійскаму Міністэрству аховы здароўя асобнай субсідыяй выдзелілі больш за 353 мільёны рублёў. Медагляды пачаліся 1 лістапада. Іх будуць праводзіць да 31 снежня. Гэтыя сродкі прадугледжаныя на дыягностыку здароўя 82 тысяч дзяцей. Менавіта столькі, па словах Веры Ястрабавай, могуць у выніку апынуцца ў расійскіх сем'ях.

Пра паглыбленыя медагляды ў акупаванай Луганскай вобласці ў канцы лістапада паведамляў Цэнтр нацыянальнага супраціву. Адзначалася, што завезеныя з Расіі медыкі праверылі здароўе каля 15 тысяч дзяцей ва ўзросце ад двух да 17 гадоў. Толькі мэты ў гэтых мерапрыемстваў былі іншыя.

"Медыкі адзначылі ў дакументах абследавання, што 70% з гэтых дзяцей "патрабуюць спецыяльнай медыцынскай дапамогі". Такім заключэннем расійцы прыхоўваюць дэпартацыю дзяцей на тэрыторыю РФ. Спачатку іх змяшчаюць у спецыялізаваныя аздараўленчыя ўстановы. Потым па шэрагу надуманых прычын затрымліваюць вяртанне дзяцей дадому, каб прымусіць бацькоў прыехаць, а потым сем'ям забараняюць вяртацца на тэрыторыю Украіны", — адзначылі ў Цэнтры нацыянальнага супраціву.

Працэс вяртання непаўналетніх ва Украіну — вельмі складаны

Дэпартацыю, якая падаецца пад соусам эвакуацыі, у Расіі гераізуюць. РФ нібыта ратуе дзяцей, але прапагандысты не кажуць аб фактах іх раззлучэння з  бацькамі. Альбо аб гібелі ўсёй сям'і дзіцяці з-за абстрэлаў расійскай арміі. Каб канчаткова перавыхаваць непаўналетніх і вытруціць з іх ўсё ўкраінскае, патэнцыйныя бацькі перад усынаўленнем або удачарэннем праходзяць курсы ідэалагічнага выхавання. Дарослыя павінны вывучыць галоўныя наратывы, якія потым будуць укладаць у новых членаў сям'і — што такое Украіна і чаму дзіця апынуўся ў РФ.

Працэс вяртання непаўналетніх у Украіну — вельмі складаны.

"Спісы дзяцей, якія мы маем, мы перадаем міжнародным арганізацыям, у тым ліку Міжнароднаму камітэту Чырвонага Крыжа. І спрабуем выбудаваць супрацоўніцтва, паколькі менавіта гэтая арганізацыя мае магутны мандат па пошуку дзяцей на тэрыторыі іншых краін і маніторынгу ўмоў іх знаходжання. Вядома, мы не просім дапамагчы вярнуць дзяцей, мы просім іх адшукаць, а ўжо далей Украіна будзе вяртаць сваіх дзяцей уласнаручна, магчыма, з дапамогай трэцяй краіны", — адзначае ўпаўнаважаная па правах дзіцяці і дзіцячай рэабілітацыі Дар'я Герасімчук.

На сённяшні дзень Кіеву ўдалося вярнуць не больш за сто дзяцей.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі