Вы тут

Навукоўцы выявілі, што гена, адказнага за гомасексуальнасць, не існуе

Reuters

Аднаго гена, адказнага за гомасексуальнасць, не існуе. Да такой высновы прыйшлі навукоўцы, якія правялі генетычны аналіз звестак паўмільёна чалавек, перадае Бі-Бі-Сі.

Вынікі даследавання апублікаваныя ў вядомым часопісе Science. Навукоўцы вывучалі звесткі з Біябанка Вялікабрытаніі ды амерыканскай біятэхналагічнай кампаніі 23andMe.

Былі выяўленыя некаторыя генетычныя камбінацыі, звязаныя з аднаполымі адносінамі. Аднак генетычныя фактары толькі на чвэрць вызначалі гомасексуальныя паводзіны.

Даследчыкі з Гарвардскага ўніверсітэта і Масачусетскага тэхналагічнага інстытута прыйшлі да высновы: ад 8% да 25% гомасексуальных паводзінаў людзей вызначаюцца генетычнымі фактарамі, але не нейкім адным генам.

Пяць камбінацыяў генаў звязаныя з цягай да людзей свайго полу. Адна з іх звязаная з нюхам, другая — з палавымі гармонамі. Але разам яны вызначалі менш за 1% гомасексуальнасці.

"Фактычна немагчыма прадказаць сэксуальныя паводзіны чалавека паводле яго геному", — сцвярджае Бэн Ніл, прафесар аддзела аналітычнай і трансляцыйнай генетыкі ў Масачусетскай лякарні, які працаваў над даследаваннем.

З ім згодны Дэвід Керціс, ганаровы прафесар Інстытута генетыкі Каліфарнійскага універсітэта: "Гэтае даследаванне ясна паказвае, што не існуе такога паняцця, як "ген геяў".

Няўрадавая арганізацыя абароны правоў ЛГБТ GLAAD пракаментавала гэтае даследаванне наступным чынам: немагчыма дакладна сказаць, да якой ступені на паводзіны геяў і лесбіянак уплываюць прырода ці выхаванне.