“Навошта нам той пад’ёмнік, калі інваліды да нас не ходзяць?”

“Чалавек, які ідзе ў пятніцу з працы, — патэнцыйная ахвяра бар’ераў, бардзюраў і прыступак. Мэта — уладкаваць грамадства так, каб інваліднасць не была для чалавека бар’ерам”, — гаворыць кіраўнік Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі на адкрыцці дыскусіі па ўніверсальным дызайне горада.

Перасоўвацца па горадзе на вазку сёння амаль немагчыма. Нізкапольных аўтобусаў мала, у метро пад’ёмнікі не на ўсіх станцыях, апісвае Таццяна, якая ездзіць на вазку.

“Складаны спуск на станцыі метро — пакуль туды дабярэшся. Мала нізкапольных аўтобусаў, хаця яны мусяць быць. На чэмпіянаце на звычайныя аўтобусы прыклеілі налепкі, маўляў, даступна для інвалідаў. Тую ж нізкапольную сотку я ніколі не бачыла!” — тлумачыць Еўрарадыё Таццяна. Па горадзе яна рухаецца з дапамогай маці.

Нормы па будаўніцтве для людзей з інваліднасцю абавязковыя, але іх не заўжды выконваюць, даводзіць выкладчыца архітэктурнага факультэта БНТУ Наталля Лазоўская:

“У нас нядрэнныя нормы, другое пытанне, як яны выконваюцца. У 24 прававых актах у той ці іншай ступені адлюстроўваюцца патрабаванні людзей з інваліднасцю пры будаўніцтве. Але ў горадзе мы бачым пандусы, якія вядуць у нікуды. Такіх прыкладаў шмат”, — падсумоўвае Наталля Лазоўская.

Большасць вазочнікаў у Беларусі проста не выходзяць з дому.

У Латвіі людзі з інваліднасцю з дому ўжо выходзяць, але знайсці працу яшчэ складана, параўноўвае латышка Сінція, якая таксама перасоўваецца на вазку:

“Ёсць яшчэ праблемы з некаторым транспартам, са старымі дамамі. Чалавек не выходзіць з дому, бо ён не можа нікуды пайсці, а калі гэта даступна, чалавек ідзе”.

Каб усе новыя будынкі былі дасяжныя для людзей з інваліднасцю, даводзілася ўпэўніваць чыноўнікаў, прызнаецца Іварс Балодзіс — старшыня Рады арганізацыі людзей з інваліднасцю і іх сяброў APEIRONS з Латвіі.

“Ніводны новы будынак у Латвіі не будуецца недасяжным, яны ўсе дасяжныя. Прыйсці да гэтага было цяжка, бо чыноўнікі не маглі зразумець, гэта адно жаданне інваліда, ці гэта для ўсіх. Чыноўнікі пыталі: “Навошта нам той пад’ёмнік, калі інваліды да нас не ходзяць?” Даводзілася тлумачыць, што яны не могуць з дому выйсці”, — кажа Іварс Балодзіс.

Вось толькі чыноўнікі з Камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Мінгарвыканкама на дыскусію аб дасяжным горадзе для людзей з інваліднасцю не з’явіліся, хаця былі запрошаныя і пацвердзілі ўдзел.

На сёння ў Беларусі паўмільёна людзей з інваліднасцю. Інвалідаў III групы — 136,6 тыс. чалавек. Дзяцей-інвалідаў ва ўзросце да 18 гадоў — 25,9 тыс. чалавек.

Фота 1: злева направа - Сяргей Драздоўскі (кіраўнік Офіса па правах людзей з інваліднасцю), Іварс Балодзіс (старшыня Рады арганізацыі людзей з інваліднасцю і іх сяброў APEIRONS), Наталля Лазоўская (кандыдат архітэктуры, дацэнт), Дзмітры Сурскі (старшыня Беларускага саюза дызайнераў).

Сяргей Драздоўскі, Іварс Балодзіс

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі